• С.Рак-Міхайлоўскі–творца беларускага адраджэньня
  • 14.04.2005

120 гадоў таму нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі – трагічны творца беларускага адраджэньня.

Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і ў вёсцы Максімаўка паблізу Радашковічаў 14 красавіка 1885 году. Ужо ў дзяцінстве праявіў выключныя здольнасці, між іншым, у галіне музыкі. Маючы ўсяго 15 гадоў, паступіў у Настаўніцкую Сэмінарыю ў Маладзечне, якую пасьпяхова закончыў у 1904 годзе. Працуючы настаўнікам, праяўляў шырокае зацікаўленьне беларускім фальклёрам, музыкай і этнаграфіяй. Усё глыбей прыглядаўся таскама грамадзкім і палітычным працэсам у тагачаснай беларускай вёсцы. Гэтае зацікаўленьне праявілася ў практычнай антыцарскай дзейнасьці ў пэрыяд першае расейскае раэвалюцыі.

У гадох 1908-1914 Сымон Рак-Міхайлоўскі вучыўся ў Пэдагагічным Інстытуце ў Феадосіі. Цэлы час утрымліваў эмацыянальную сувязь зь Беларусяй, зь якою зьвязвалі яго і нацыянальныя пачуцьці, і прыналежнасьць да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, і розныя асьветніцкія намеры й пляны. У рэалізацыі іх перашкодзілі Першая Сусьветная вайна ды мабілізацыя й высылка на румынскі фронт. У пэрыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі пераехаў ён у Менск і прымаў дзейсны ўдзел у пакліканьні да жыцьця беларускіх нацыянальных арганізацыяў як у арміі, гэтак і сярод цывільнага насельніцтва. Вялікія надзеі ўскладаў Сымон Рак-Міхайлоўскі на ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія выяўляліся ў закліках да самавызначэньня ўсіх народаў, а таксама на дапамогу Польшчы, якая ў 1918 годзе аб’явіла дзяржаўную незалежнасьць.

Быў ён адным з актыўных арганізатараў І Ўсебеларускага Зьезду ў Менску, безьлітосна разагнанага бальшавікамі. Факт гэты адназначна паўплываў на палітычную арыенатцыю Сымона Рак-Міхайлоўскага. Зразумеў ён, што бальшавіцкія ўлады не намерваюцца гарантаваць Беларусі яе незалежнасьці. У сувязі з гэтым у час бальшавіцка-польскай вайны, а таксама пасьля заключэньня Рыскага дагавору Сымон Рак-Міхайлоўскі заставаўся на тэрыторыі Заходняе Беларусі, якая апынулася ў межах Рэчыпаспалітай.
У 1921 годзе сарганізаваў ён першую ў Польшчы Беларускую Настаўніцкую Сэмінарыю ў Барунах каля Ашмянаў і стаў яе дырэктарам. Аднак ужо ў канцы 1921 году сэмінарыя была зачыненая польскімі ўладамі, пасьля чаго Сымон Рак-Міхайлоўскі пасяліўся на пастаяннае жыхарства ў Вільні. У гэтым горадзе займаўся ён актыўна асьветніцкай, выдавецкай і грамадзкай дзейнасьцю.

Зразумела, што ягонае стаўленьне да польскай улады, якая прасьледавала розныя праявы беларускага руху, станавілася ўсё больш крытычным і бескампрамісным. У атмасфэры перасьледу беларускага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі пераходзіў ідэйную эвалюцыю, істота якой зводзілалься да ўсё большае падтрымкі беларусізацыйных працэсаў у Савецкай Беларусі.

1922 год меў пераломнае значэньне ў жыцьці Сымона Рак-Міхайлоўскага. Быў ён выбраны жыхарамі Лідзкае акругі ў польскі Сэйм. Здабыў папулярнасьць як дасканалы сэймавы прамоўца, які рашуча абараняў нацыянальныя й сацыяльныя правы беларусаў. Пастуляваў ён, між іншым, заключэньне Польшчай цесных эканамічныха і культурных сувязяў з Савецкім Саюзам. Супольна з Браніславам Тарашкевічам быў Рак-Міхайлоўскі заснавальнікам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады – структуры, якая на працягу двух гадоў сталася адной з наймагаутнейшых эўрапейскіх партыяў і налічвала больш за 100 тысяч сяброў.

Займаўся Сымон Рак-Міхайлоўскі як праграмна-палітычнымі заданьнямі Грамады, так і яе фінансамі, дзякуючы функцыі старшыні ў Беларускім Банку. Апрача гэтага, стаўся ён выдатным экспэртам па друку й выдавецтвах, прычыняючыся да публікацыі шматлікіх часопісаў, газэтаў, бюлетэняў і матэрыялаў, зьвязаных з Грамадою. Шчыльна супрацоўнічаў таксама з Таварыствам Беларускае Школы, лічачы, што беларускі нацыянальны рух без нацыянальнае школы немагчымы.

Пазбаўлены судовымі й сьледчымі ворганамі дэпутацкае недатыкальнасьці, Сымон Рак-Міхайлоўскі быў пастаўлены перад судом у Вільні. У сваім апошнім слове ня толькі не адрокся ад сваіх нацыянальных і грамадзкіх ідэалаў, але зь вялікай сілай волі падкрэсьліваў, што ўсё сьвядомае жыцьцё служыў ім верна й думае служыць ім таксама ў будучыні. Сымон Рак-Міхайлоўскі быў прысуджаны да 12 гадоў цяжкога турэмнага зьняволеньня. Аднак пасьля 4 гадоў, у 1930 годзе быў выпушчаны з вязьніцы й годам пазьней пераехаў у Менск, дзе стаў дырэктарам Беларускага Нацыянальнага Музэя. У 1933 годзе Сымон Рак-Міхайлоўскі буў арыштаваны й пад закідам шпіёнскае дзейнасьці на карысьць Польшчы быў прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў на Салаўках. Паўторна арыштаваны ў 1937 годзе й прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны.

Было яму ўсяго 48 гадоў. Кіпеў ён вялікай навуковай і нацыянальнай энэргіяй, якая аказалася непатрэбнай ягонай радзіме – Беларусі. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Адначаючы сёньня 120 угодкі з дня народзінаў Сымона Рак-Міхайлоўскага, ушаноўваем ня толькі памяць гэтага выдатнага беларускага сына, але адначасова прыгадваем той крывавы сталінскі рэжым, які безьлітосна нішчыў усе праявы беларускага нацыянальнага адраджэньня.

Алесь Барскі