• С.Палуян–сымбаль сьветлага й трагічнага ў жыцьці
  • 19.04.2005
Сяргей Палуян – адна з найбольш сьветлых, а пры гэтым трагічных постацяў беларускае пісьмовасьці. Нарадзіўся ён 19 кастрычніка 1890 году ў Брагіне Гомельскага павету ў сям”і арандатара, які, дзякуючы выключнай працавітасьці, актыўнасьці й прадпрымальнасьці, разбагацеў і набыў уласны фальварак. Пасьля атрыманьня пачатковай адукацыі С.Палуян паступіў у Мазырскую сэмінарыю. Менавіта там ягонай маладой сьвядомасьцю авалодаала ідэя змаганьня з царскай імпэрыяй. Такія схільнасьці прывялі да глыбокіх канфліктаў. Канфлікты гэтыя прымусілі С.Палуяна пакінуць сэмінарыю й пераехаць у бацькоўскі фальварак. Дзякуючы двум дзядзькам, якія былі гімназіяльнымі настаўнікамі ў Латвіі, Сяргей набыў грунтоўныя веды, якія дазвалялі яму думаць аб паступленьні ва ўнівэрсытэт. Пры гэтым, С.Палуян актыўна працаваў на бацькавай гаспадарцы. Гэта спрыяла ягоным кантактам зь мясцовымі сялянамі, сярод якіх пашыраў ён антыцарскую ідэалёгію. Такі стан рэчаў прычыніўся да паглыбленьня канфлікту паміж ім ды бацькам, які быў рашучым праціўнікам рэвалюцыйных зацікаўленьняў сына. Усё гэта давяло да бунту, які праявіўся ў самавольным выезьдзе С.Палуяна ў Кіеў, дзе ён пачаткова жыў у дзядзькі, але хутка, шукаючы большай свабоды, пераехаў у вельмі дрэнную самастойную кватэру.

Апынуўшыся ў 1907 годзе ў Кіеве, акунуўся ў гарачую рэвалюцыйныую атмасфэру, што вельмі адпавядала ягоным палітычным паглядам. С.Палуян у гэтым часе пачаў актыўна супрацоўнічаць з украінскім сацыял-дэмакратамі ды з прагрэсіўнай газэтай „Украінська Хатка”, моцна падтрымліваючы ідэю ўкраінскай незалежнасьці.

Знаходзячыся на Ўкраіне, С.Палуян пільна сачыў за падзеямі на Беларусі. Асаблівае захапленьне выклікала ў яго дзейнасьць „Нашай Нівы”, з рэдакцыяй якой утрымліваў ён сталы кантакт. Сяргей Палуян горача верыў у беларускае нацыянальнае адрзаджэньне й шчыра прагнуў прыняць у ім беспасярэдні ўдзел. Ахвотна прыняў прапановы рэдакцыі „Нашай Нівы” пераехаць у Вільню. Здзейніў гэта ў 1909 годзе й прыступіў да працы ў славутым тыднёвіку. Адыграаў у ім вялікую ролю прынамсі ў 4 галінах. Па-першае, апублікаваў на яго старонках 6 паглыбленых артыкулаў, у якіх заняўся ня толькі экскурсамі ў гісторыю ўкраінскага народу, але таксама праявамі ўкраінскага нацыянальнага адраджэньня ў тагачаснасьці. Адной зь ідэяў, якая дамінавала ў гэтым цыкле, была ідэя ўкраінска-беларускай супрацы ды імкненьне да незалежнасьці. Па-другое, заняўся вывучэньнем ды аналізам беларускіх літаратурных каштоўнасьцяў. У шматліх рэцэнзіях, і асабліва ў артыкуле пад назовам „Беларуская літаратура ў 1909 гаду”, апублікаваным пад псэўданімам Есяновіч, даў глыбокую ацэнку тых тэндэнцыяў і схільнасьцяаў, якія, на ягоную думку, характарызавалі беларускае літаратурнае адраджэньне на пачатку XX стагодзьдзя. Асаблівы энтузіязм праявіў ён у адносінах да творчасьці Максіма Багдановіча й Янкі Купалы, лічачы гэтых паэтаў найбольш нацыянальнымі й пэрспэктыўнымі. Па-трэцяе, Сяргей Палуян сачыў за беларускім жыцьцём у Пецярбурзе й лічыў, што пецярбурскі асяродак мае адпаведны літаратурны патэнцыял дзеля таго, каб падрыхтаваць і выдаць тоўсты альманах, прысьвечаны фундамэнтальным пытаньням, зьвязаным зь беларускай літаратурай і культурай. Ідэя гэтая была рэалізаваная ў Пецярбурзе ўжо пасьля сьмерці Сяргея Палуяна, калі суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” выдала 3 літаратурныя альманахі „Маладая Беларусь”. Па-чацьвертае, Палуян як першы загаварыў аб патрэбе пашырэньня беларускай нацыянальнай асьветы. Ідэю гэтую сфармуляваў ён у артыкуле „Пра нацыянальную школу на Беларусі”.

З бліжэй невядомых прычын Сяргей Палуян нечакана пакінуў Вільню й пераехаў назад у Кіеў, дзе, сьцьвердзіўшы ў сябе невылечную на тыя часы хваробу, закончыў жыцьцё самагубствам 20 красавіка 1910 году. Такім чынам, на 20 годзе жыцьця адышоў назаўсёды пасьлядоўны барацьбіт за свабоду беларусаў, украінцаў і іншых прыгнечаных народаў у царскай імпэрыі. Прыгадваючы сёння сьветлае й трагічнае імя Сяргея Палуяна, з жалем канстатуем, што адна зь ягоных запаветных мараў аб супольным маршы Беларусі і Ўкраіны да незалежнасьці рэалізуецца, на жаль, толькі ў ягонай эміграцыйнай, а не ў сапраўднай Айчыне.

Алесь Барскі