• Клопат пра чысьціню беларускае мовы - 2
  • 20.04.2005

Беларускія газэты ў замежжы імкнуліся падтрымаць і захаваць чысьціню роднае мовы. Пісалі, што за чысьціню беларускае мовы павінны змагацца ўсе беларусы, незалежна ад месца пражываньня.

На красавіцкай зборцы ў 1952 годзе ў Нью-Ёрку абмяркоўвалася значэньне словаў: закідаць, упікаць, дакараць. У беларускай народнай мове слова закідаць ужываецца толькі ў значэньні расейскага забрасывать, а не расейскага упрекать, ці польскага zarzucać. Пашыраныя ў друку закід, закідаць менавіта ў значэньні польскага zarzucać зьяўляюцца палянізмамі. Палянізмы гэтыя зусім непатрэбныя, бо ў беларускай мове ёсьць такія ўласныя словы, як: упікі – упікаць, дакоры – дакараць. І таму зборка пастанавіла ўжываць іх, а не чужыя пераробкі (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), Нью-Ёрк, красавік 1952, с. 116).

Шмат паведамленьняў пра зборкі Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва знаходзім у Хроніцы часопіса „Конадні” (Хроніка, у: „Конадні”, № 3, Нью-Ёрк 1955, с. 91-95).

4 чэрвеня 1955 году прайшла дыскусійная зборка, прысьвечаная слоўніку беларускае мовы. Антон Адамовіч падаў каля сотні словаў, запісаных у Смаленшчыне, але часта ўжываных таксама ў іншых мясцовасьцях Беларусі. Сярод гэтых словаў найбольш цікавасьці выклікалі наступныя: утравець ‘зарасьці травою’, асянець ‘рабіцца надвор’ю як увосень’, час улягу ‘час класьціся спаць’, удаліна ‘далёкі край, далёкая чужына’, а таксама антонімы, напрыклад: гарывы – нізовы, заўвета ‘ветлівая заўвага’ – загада ‘распараджэньне’, розум – безум і гэтак далей.

Вялікі клопат пра чысьціню беларускае мовы праяўляла газэта „Бацькаўшчына”, якая ўжо зь першых нумароў прысьвячала гэтаму пытаньню сталую рубрыку Куток мовы. У рамках Кутка мовы друкаваліся пэрыядычныя артыкулы мовазнаўца Яна Станкевіча: Некаторыя групы словаў беларускае мовы (Др Ян Станкевіч пры ўчасьцю Ант. Адамовіча, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 113-118, Мюнхэн, 24 жніўня – 28 верасьня 1952) і Аб некаторых словах і хормах нашае мовы (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 20 (250) – 44 (274), Мюнхэн, 15 траўня – 30 кастрычніка 1955).

Дзеля прыкладу, „Бацькаўшчына” зьвяртае ўвагу на памылковае выкарыстаньне слова злучаць: злучаць, злучыць , рабіць злучэньне нечага можна толькі мэханічна, фізычна ці хэмічна, злучаючы , напрыклад, пакоі, гурты жывёлы ці элемэнты чаго-небудзь. Калі ж рэч датычыць зьвязваньня духоўнага, ідэалягічнага, псыхалягічнага ці палітычнага, дык можна толькі задзіночваць, і таму павінна быць: Задзіночаныя Нацыі, Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў, Задзіночаныя Штаты Амэрыкі. Гэтае слова не зьяўляецца палянізмам у беларускай мове, таму што выступае ўжо ў летапісах, напрыклад: Альгерд і Кейстут задзіночыліся проці Яўнута, а таксама ў жывой народнай мове (Куток Мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 9, Мюнхэн, 25 сакавіка 1948, с. 6).

Падобным чынам Ян Станкевіч асьвятляў значэньне лексэмаў замыкаць, засоўваць, запіраць, зашчапляць і зачыняць. Замыкаем толькі на замок і замкнёнае адмыкаем ключом, а засоўваем толькі на засаўку. Агульным тэрмінам для замыканьня й засоўваньня можа быць запіраньне. Можна яшчэ зашчапляць на кручок, альбо завальваць завалам. Ва ўсіх іншых выпадках зачыняем, адчыняем, прычыняем і рашчыняем. Зразумела, зачыняць можна ня толькі вароты, дзьверы, вокны, але таксама й вочы, вусны, рот, кнігу, сшытак. Вядома, што па-беларуску можна таксама й закрыць вочы, кнігу, але толькі, напрыклад, рукой, насаткай ці нечым іншым. Вочы, апрача таго, можна заплюшчыць ці прыплюшчыць. Слова зачыняць выкарыстоўваецца вельмі шырока. Адчыняюцца й зачыняюцца крамы, гэта значыць, што пачынаюць і перастаюць у іх гандляваць у вызначаныя гадзіны дня. Таксама кажам аб пачатку й канцы працы розных установаў. Адчыняюцца й зачыняюцца розныя паседжаньні. Тут, дарэчы, можна казаць, што паседжаньні пачынаюцца й канчаюцца. Выразна відаць, што Я. Станкевіч пазьбягае словаў адкрываць і закрываць, як нехарактэрных для беларускае мовы ў гэтакіх менавіта кантэкстах. Адначасова аднак падкрэсьлівае, што гаварыць можам пра ўсё адкрыта, шчыра, але ні ў якім выпадку не адчынена (Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 115-116, Мюнхэн, 7-14 верасьня 1952, с. 3).

Шмат месца Я. Станкевіч прызначае дзеля абмеркаваньня словаў з корнем кон-, а менавіта: кон, канаваць, наканаваць, наканаваны; конадзень, наконадні. У беларускай мове слова кон мае некалькі значэньняў. Асноўнае значэньне раскрываецца ў канцы жыцьця, канцы рознай дзейнасьці, імкненьняў, заданьняў. Сынонімам да яго зьяўляецца лексэма доля:, а эквівалентамі ў польскай мове будуць словы los, przeznaczenie: расейскія адпаведнікі – рок, предопределение. Ад слова кон узьніклі дзеясловы канаваць, наканаваць, а ад гэтага апошняга – прыметнік наканаваны. Шмат прыкладаў слова кон і вытворных ад яго сустракаецца ў творчасьці Максіма Гарэцкага й Міхася Зарэцкага: Такое яму канаваньне ад Бога. Каму Бог якую сьмерць кануець, накануець, так і ўміраець кажны. Яму такое канаванае жыцьцё. Таксама Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку падае прыклады, як хоць бы: Мне наканавана такая доля. Другое значэньне слова кон адпаведнае расейскаму очередь і польскаму kolej, напрыклад: Ня твой кон пачынаць. Корань кон уваходзіць у слова конадзень, якое складаецца з дзьвюх частак, менавіта – кон і дзень. Яму адпавядае польскае przeddzień; наконадні – w przededniu (Тамсама.).

Ніна Баршчэўская