• Клопат пра чысьціню беларускае мовы - 3
  • 27.04.2005

Беларускія газэты ў замежжы імкнуліся падтрымаць і захаваць чысьціню роднае мовы. Пісалі, што за чысьціню беларускае мовы павінны змагацца ўсе беларусы, незалежна ад месца пражываньня. Шмат увагі пытаньням беларускай мовы прысьвячаў Ян Станкевіч.

Ян Станкевіч пішучы пра беларускую лексыку, заўсёды стараўся параўнаць яе з адпаведнымі прыкладамі ў суседніх мовах ды падмацаваць свае меркаваньні цытатамі зь гісторыі беларускае мовы, як у выпадку групы словаў са значэньнем ‘крыўды’.

Крыўда (польскае krzywda, маскоўскае обида) і вытворныя ад яго – крыўдзіць, пакрыўдзіць, ускрыўдзіць, пакрыўджаны, ускрыўджаны, крыўдны, крыўдна, крыўднік, які мае свае эквіваленты ў польскай мове (krzywdziciel) і ў расейскай (обидчик) ды жаночага роду крыўдніца. Слова крыўднік знаходзіцца, між іншым, у „Аль Кітабе”: Муж быў крыўднік людзкі, ілгаў і крадаў. Слова крыўдаваць значыць чуцца пакрыўджаным: Грэх, чалавеча, на жыцьцё крыўдаваць (Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 115-116, Мюнхэн, 7-14 верасьня 1952, с. 3).

Ян Станкевіч нямала ўвагі прысьвяціў выкарыстаньню ў беларускай мове займеньнікаў гэты, гэны й той, якія азначаюць тры ступені аддаленьня. Разглядае ён цэлы шэраг словаў, такіх як: гэты, гэны, той; гэт’кі, такі; гэтак, гэнак, так; гэтта, гэнам, тут, там; гэтулькі, гэнулькі; адгэтуль, адгэнуль, адтуль ці стуль; дагэтуль, дагэнуль, датуль.

„З прыведзеных словаў тыя, што маюць у васнове гэт- (гэты, гэт’кі, дагэтуль і інш.), ужываюцца ў дачыненьні да таго, што блізка ў прасторы або ў часе. Тыя, што маюць у васнове частку гэн- (гэны, гэн’кі, гэнакі і г.д.) – у дачыненьні да таго, што ў прасторы або ў часе далёка або прынамсі далей супроць першых. А ўсе іншыя ( той, такі, так і інш. пад.) – калі выразна не паказваецца, але кажацца агульна.
Прыклады:
Мы сядзім ля гэтага стала, а яны ля гэнага. Хто мяняе, у таго хамут гуляе. ”(Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 114, Мюнхэн, 31 жніўня 1952, с. 3).

У пэрыядычнай публікацыі Аб некаторых словах і хормах нашае мовы Ян Станкевіч заўважае, што пісаць пра беларускую мову, маючы на ўвазе практычна-ідэйныя заданьні, надзвычай цяжка, таму што, па ягоных словах:

„Мы належым да народаў, мякка кажучы, падупалых, каторых мовы падпалі пад большы чужы ўплыў, чымся гэта бывае, уплыў на толькі вялікі, што ён пагражае быцьцю самае мовы. З другога боку, з прычыны таго-ж нацыянальнага падупаду, лік нашых беларускіх моваведаў абмежуецца пару адзінкамі, каторыя прытым-жа разлучаныя зялезнай завесай, ня могуць сумесна працаваць, а моваведная роўня неспэцыялістых надта-ж нізкая” (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 20 (250), Мюнхэн, 15 траўня 1955, с. 3).

Я. Станкевіч паведамляе, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску; па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некаторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку.

Я. Станкевіч задумоўваецца, наколькі мэтазгодна насычаць мову дыялектнай лексыкай.

„Ведама, калі-б кажны пачаў уносіць у літаратурную мову ўсе асаблівасьці свае мясцовае гаворкі, дык ізь літаратурнай моваю сталася-б так, як із моваю народнай – паўстала-б шмат літаратурных гаворак, а гэта тое самае, што ня было-б літаратурнае мовы, бо літаратурная мова – адна ўсім людзём данага народу. Каб-жа была літаратурная мова, то трэба перш-наперш браць да яе словы й хормы з таго дыялекту народнае мовы, што стаўся яе асноваю, значыцца, у нас із дыялекту сярэдняга; чаго чыста беларускага няма ў ім, тое браць ізь беспасярэдне мяжуючых ізь ім дыялектаў; чаго ў гэтых няма, браць із дальшых і г.д., ажно да пагранічных із чужымі мовамі ўлучна. Чаго няма ў народнай мове, таго трэба глядзець у багатым жарале старое нашае мовы літаратурнае й народнае (ёсьць памяткі абедзьвіх) і адно, чаго й там нямашака, тое мусім тварыць подле нормаў і духа народнае мовы, а ня подле таго, што каму падабаецца. Цяжкасьць споўніць гэта ёсьць у тым, што трэба знаць гаворкі нашае народнае мовы і нашу старую мову, а на гэта ў нас адныя мала, а другія ані не зварачаюць увагі” (Тамсама, № 26 (256), Мюнхэн, 26 чэрвеня 1955, с. 3).

Ніна Баршчэўская