• Захады захаваць чысьціню роднае мовы
  • 05.05.2005
У беларускім эміграцыйным друку часта паяўляліся публікацыі пра захады захаваць чысьціню роднае мовы на Бацькаўшчыне.

Беларускія мовазнаўцы ў Беларусі бачылі праблему засьмечваньня роднае мовы чужымі словамі й цэлымі словазлучэньнямі. Заўважае гэта эміграцыйны часопіс „Навіны зь Беларусі”.

У артыкуле Моўныя й палітычныя рыкашэты (Моўныя й палітычныя рыкашэты, у: „Навіны зь Беларусі”, № 14 (85), Нью-Ёрк, 31 ліпеня 1967, с. 4-5; спасылка на: Р. Цьвік, Мова – зброя журналіста, у: „Звязда”, Мінск, 13 ліпеня 1967) прыводзіцца цэлы шэраг моўных хібаў з розных беларускіх газэтаў, напрыклад, з „Гомельскай праўды”: прыступіць да догляду пасеваў замест пачаць догляд пасеваў, зьвярнуцца да сабраўшыхся замест зьвярнуцца да прысутных; з „Астравецкай праўды”: не адкажа ў дапамозе замест не адмовіць у дапамозе і г.д.

„Культура мовы – гэта праблема ня толькі настаўнікаў, пісьменьнікаў, журналістых ці мовазнаўцаў. Праблема культуры мовы – справа грамадзкая, усенародная. (...) І справа, відаць, у тым, каб усьвядоміць гэта (усе, хто гаворыць, падпарадкоўваюцца моўнай норме) і зрабіць моўную норму ня ворагам сваім, а памочнікам. Асобная моўная памылка ня страшная сама па сабе. Небясьпечна тое, што за ёй часта хаваецца пэўная тэндэнцыя, якая супярэчыць як існуючай (стылістычнай, граматычнай) норме, так і самому духу мовы” (На ўсеагульнае абмеркаваньне, у: „Навіны зь Беларусі”, № 5 (100), Нью-Ёрк, 15 сакавіка 1968, с. 3-4; спасылка на: „Звязда”, Мінск, 6 сакавіка 1968).

Часопіс „Навіны зь Беларусі” спасылаецца на газэту „Звязда”, якая зьвярнула ўвагу на патрэбу абмеркаваньня культуры мовы з улікам этычнага, псыхалягічнага й пэдагагічнага яе аспэктаў, а таксама ролі школы, газэтаў, радыё, тэлебачаньня, тэатру й літаратуры.

„Толькі на роднай мове чалавек можа найбольш поўна раскрыць сваю душу й выказаць самае запаветнае пачуцьцё” (Нацыянальная па форме й нацыянальная па зьместу, у: „Навіны зь Беларусі”, № 15 (110), Нью-Ёрк, 15 жнівеня 1968, с. 5; спасылка на: Марына Барсток, Свой дар, у: „Полымя”, № 4, Мінск 1968, с. 202-203).

Родная мова зьяўляецца асновай нацыянальнай культуры.

„Толькі той пісьменьнік глыбака пакажа жыцьцё народу й пакіне сьлед у літаратуры, калі нястомна ўзбагачае сваю мову, набірае колеры й адценьні, вобразы й малюнкі ад жывое мовы народу. І ня проста набірае, ня проста пазычае, а памагае шліфаваць і ўдасканальваць моўныя скарбы” („Літаратура і мова” Р. Шкрабы, у: „Навіны зь Беларусі”, № 22 (141), Нью-Ёрк, 30 лістапада 1969, с. 7; спасылка на: Р. Бярозкін, Калі ў крытыку жыве чытач, у: „Беларусь”, № 10, Мінск 1969, с. 26).

На старонках эміграцыйнага друку вялася моўная палеміка.

Праблемам чысьціні беларускае мовы ды яе будучыні, а таксама ўпарадкаваньню правапісных нормаў была прысьвечаная – адмыслова ўведзеная мюнхэнскай газэтай „Бацькаўшчына” – рубрыка Куток мовы. Гэтая ініцыятыва „Бацькаўшчыны” сустрэлася з адабрэньнем. Станіслаў Станкевіч напісаў:

„Дык трэба толькі вітаць ініцыятыву «Бацькаўшчыны», якая дзеля працы над культурай беларускае мовы ўвяла на сваіх бачынах адмысловы аддзел Куток мовы” (Ст. Станкевіч, Мае заўвагі да Кутка мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 37 (367), Мюнхэн, 11 верасьня 1955, с. 3).

Аказалася, што найбольш плённым аўтарам Кутка мовы быў Ян Станкевіч. Ён сыстэматычна выпаўняў гэты Куток мовы сваімі артыкуламі, паказваючы, якія словы й формы павінны ўжывацца ў беларускай мове, а якія, як непатрэбныя барбарызмы й штучныя нэалягізмы, ужывацца не павінны.

Прапановы Яна Станкевіча выклікалі шмат разнагалосьсяў. Неаднойчы паяўляліся палемічныя артыкулы. Тэмай цікавіліся ня толькі мовазнаўцы. У дыскусіі пра беларускую мову на старонках „Бацькаўшчыны” ў 1953 годзе прыняў удзел вядомы беларускі эміграцыйны пісьменьнік Масей Сяднёў, зьмяшчаючы ў Літаратурным Дадатку артыкул пад назовам Некалькі заўваг аб нашай мове (Масей Сяднёў, Некалькі заўваг аб нашай мове, у: „Бацькаўшчына”, №№ 1-2 (132-133), Мюнхэн, 7 студзеня 1953, с. 5-6).

Масей Сяднёў піша, што ён не зьяўляецца мовазнаўцам, тым ня меней адчувае патрэбу, а нават абавязак, выказаць свае меркаваньні пра мову беларускіх эміграцыйных выданьняў.

Напачатку канстатуе ён, што натугі эміграцыйных мовазнаўцаў прынесьлі, побач з дадатнімі, таксама й адмоўныя вынікі, да якіх М. Сяднёў залічае аморфнасьць мовы, паўсталую ў выніку экспэрымэнталізму, які ўзводзіцца ў ступень закону, абавязковага граматычнага правіла, і такім чынам стварае небясьпеку для літаратурнае мовы, і без таго няўстойлівай у сваіх нормах. Канкрэтная небясьпека хаваецца ў непрызнаньні ці разбурэньні пэўных традыцыяў, якія набыла беларуская мова, а без традыцыі ня можа быць гутаркі аб адзінай нацыянальнай мове. Мова ня любіць частых паправак, яна кансэрватыўная – адзначае М. Сяднёў.

Ніна Баршчэўская