• У.Дабравольскі на службе народнай красы
  • 07.05.2005

Уладзімір Дабравольскі нарадзіўся на Смаленшчыне 30 ліпеня 1856 году. Выводзіўся ён з заможнай сям’і. Ягоныя бацькі высока цанілі асьвету й таму прылажылі многа стараньняў, каб іх сын атрымаў грунтоўную адукацыю.

Пасьля заканчэньня пачатковай і сярэднай школаў Уладзімір Дабравольскі паступіў у Маскоўскі Ўнівэрсытэт, які закончыў у 1880 годзе. Ужо ў студэнцкія гады праявіў ён шырокае зацікаўленьне фальклёрам і этнаграфіяй і прылажыў нямала намаганьняў, каб атрымаць у гэтай галіне як найглыбейшыя веды. Асаблівую ўвагу Дабравольскага прыцягвала моўная й фальклёрная спэцыфіка Смаленшчыны. Ужо ў юнацтве заўважыў ён тое, што як у моўным, гэтак і ў нацыянальным аспэктах Смаленшчына зьяўляецца беларуска-расейскім канглямэратам, што, з аднаго боку – спрыяе мірнаму сужыцьцю, а з другога – спаборніцтву й канкурэнцыі гэтых дзьвюх нацыянальных і моўных стыхіяў.

Пасьля заканчэньня Маскоўскага Ўнівэрсытэту Дабравольскі вярнуўся на родную Смаленшчыну й на працягу трох гадоў працаваў настаўнікам у Смаленскай Жаночай Гімназіі.

У часе Кастрычніцкай рэвалюцыі апынуўся ён ізноў у Маскве. Наіўна спадзяваўся, што рэвалюцыйныя ідэалы накіруюць народы Расейскай Імпэрыі на шлях пазытыўных грамадзкіх і нацыянальных пераменаў. У гэтым часе зь вялікай увагай і сымпатыяй аднёсься да беларсукага нацыянальнага руху, які, між іншым, актыўна разьвіваўся ў Маскве. Уладзімір Дабравольскі, даведаўшыся пра ўзьнікненьне ў гэтым горадзе Беларускага Народнага Ўнівэрсытэту, даў згоду выкладаць у ім этнаграфію й гісторыю тэатру. Супрацоўнічаў таксама зь Віцебскім Інстытутам Народнай Асьветы і Смаленскім Аддзяленьнем Маскоўскага Архэалягічнага Інстытуту.

7 траўня 1920 году Ўладзімір Дабравольскі быў забіты бандытамі. Было яму 64 гады.

Належыць падкрэсьліць, што Дабравольскі напярэдадні сваёй заўчаснай сьмерці адзначаўся выключнай актыўнасьцю, меў многа дасьледчыцкіх плянаў і намераў. Амаль кожную вольную хвіліну свайго жыцьця Ўладзімір Дабравольскі аддаваў улюбёнай справе – справе вывучэньня побыту й духоўнасьці Смаленскай губэрні, якая была для яго невычэрпнай крыніцай народнага творчага багацьця.

Апрача фальклёру, дасьледнік шырока цікавіўся народным будаўнцітвам, вопраткай, ежай, земляробствам, рамяством, абраднасьцю, танцамі, сьвятамі і ўрачыстасьцямі, ды ўсім тым, што складалася на карціну народнага побыту – штодзённага высілку й сьвяточнага адпачынку.

Галоўную ўвагу Дабравольскі прысьвяціў песьням, легендам, казкам, паданьням, прыказкам, прымаўкам, прыпавесьцям і анэкдотам. Цікавілі яго таксама лёсы народнага тэатру, пачынаючы ад старадаўніх часоў, а канчаючы сучаснасьцю. У супрацоўніцтве з дасьледнікам Бэрам запісаў ён больш за 500 смаленскіх мэлёдыяў і напеваў. Пастаянна супрацоўнічаў з такімі этнаграфічнымі часопісамі, як: „Жывая старина” і „Этноґрафическое обозрение”.

Галоўным дасягненьнем яго жыцьця й фальклёрна-этнаграфічнай пасіі стаўся Смаленскі Этнаграфічны Зборнік у 4-х тамах, выдадзены ў гадох 1891-1903. Вялікую навукова-пазнаўчую вартасьць мелі й маюць па сёньняшні дзень такія ягоныя навуковыя артыкулы, як: Прыказка і загадка (1898), Сьмерць, пахаваньне і галашэньні (1900), Адрозьненьні ў вераваньнях і звычаях беларусаў і вялікарусаў Смаленскай губэрні (1903), Нячыстая сіла ў народных вераваньнях (1908), Абрады й павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ Смаленскай губэрні (1909).

Уладзімір Дабравольскі шырока цікавіўся такімі народнымі здарэньнямі й абрадамі, як нараджэньне дзіцяці й хрысьціны, сватаньне й вясельле, сьмерць і паховіны чалавека.

Адзначаючы сёньня 85 гадавіну з дня сьмерці Ўладзіміра Дабравольскага, ня можам не падкрэсьліць таго, што быў ён адным з найбольш плённых фальклярыстаў і этнографаў, якія сваю волю, энэргію й дзейнасьць паставілі на службу вывучэньня беларускай народнай культуры.

Алесь Барскі