• Анатоль Сыс – таленавіты паэт трагічнага лёсу
  • 09.05.2005
Сёньня стала вядома, што 8 траўня памёр беларускі паэт Анатоль Сыс.

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. У 1977 годзе ён паступіў на гістарычна-філязофскі факультэт Гомельскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, які закончыў у 1982 годзе. Пасьля службы ў арміі працаваў у Веткаўскай раённай газэце, а пазьней – старэйшым спэцыялістам на Беларускім Тэлебачаньні. Ягоным паэтычным дэбютам стала падборка вершаў у часопісе “Маладосць” у 1986 годзе. Пасьля гэтага ён апублікаваў тры томікі паэзіі: Агмень (1988), Пан лес (1989) і Вершы (2002). Разам з Адамам Глёбусам, у 1987 годзе Анатоль Сыс быў заснавальнікам суполкі маладых пісьменьнікаў “Тутэйшыя”.

Паэзія Анатоля Сыса выплывае з роднай паэту культуры. Праяўляецца ў ёй клопат пра мову ды пра разбураную беларускую нацыянальную сьвядомасьць. Паўсюль сустракаюцца ў ёй і фальклёрныя матывы, і аднясеньні да гістарычнай мінуўшчыны. Паэзія Анатоля Сыса наўскрозь патрыятычная, хоць для яго Беларусь – духоўна зьбяднелая краіна – ужо стала магілай.

Беларусь мая, мая магіла...
І калі вясёлкай над труной
вып’е кроў да кроплі з маіх жылаў,
Беларусь, накрый мяне зямлёй.
Не, счакай, яшчэ аддам я вочы
сваёй здані,
каб мая душа
не зблудзіла на чужыну ўночы,
каб між намі не лягла мяжа.
Беларусь мая, мая магіла,
з бел-чырвона-белага радна
ці кашулю мне на смерць пашыла?
Беларусь мая, мая магіла,
ты ж адна ў мяне, як ёсць адна.


Яшчэ адна тэма, што пастаянна паяўляецца ў творах Анатоля Сыса – гэта сьмерць, якая часам уяўляецца паэтам драматычнай і кранальнай, то ізноў – сабачай, як у вершы Як той сабака, што заканчваецца радком: Я пагібель чую.

Прычынай адзіноты паэта стала злоўжываньне алькаголем, пра што аўтар адкрыта піша ў размове з мамай.

На твары шчацінне, як пожня жытнёвая,
вочы – праталіны мутнай вады...
– Мілы сынок мой, пачні жыццё новае,
грэх блазнаваць у Хрыстовы гады.
– Мама, я рады б –
як пчолы на ліпень,
музы лятуць на хмяльнога мяне.
Жыць без паэзіі? Гэта ж пагібель!
Жыць без віна? Гэта ж смерць удвайне.


Анатоль Сыс час ад часу вяртаецца да дзіцячых гадоў. Дзяцінства прыгадвае ён у такіх творах, як: Нізка абаранкаў, Вочы маленства, Песні пра сына.

Анатоль Сыс зьяўляецца глыбока нацыянальным паэтам, а нават – як заўважае дасьледнік ягонай творчасьці Арнольд Макмілін у публікацыі пад назовам Анатоль Сыс – пакутная душа (Annus Albaruthenicus, 6 (2005), s. 149-177) – нацыяналістычным. Не зьяўляюцца сакрэтам ягоныя антырасейскія настроі. У вершы Дзікі мёд Анатоль Сыс прыгадвае свайго бацьку, які са слоікам мёду мусіў ратавацца ад расейскага мядзьведзя. Паэт перакананы, што быць беларусам – нават важней, чым быць паэтам:

Паэтам можаш ты не быць,
а беларусам абавязаны,
расейцаў можаш не любіць,
а можаш быць у іх блазана.


Анатоль Сыс – „таленавіты паэт трагічнага лёсу”, які зь вялікім болем перажываў мінуўшчыну й сучасны дзень сваёй краіны.

Ніна Баршчэўская