• Моўная палеміка на старонках эміграцыйнага друку
  • 11.05.2005

На старонках беларускага эміграцыйнага друку шырока абмяркоўвалася пытаньне лексычных і артаграфічных прынцыпаў беларускае мовы. Моўная палеміка была выкліканая клопатам пра будучыню мовы й жаданьнем выпрацаваць аднародныя ейныя стандарты.

Беларускі эміграцыйны друк да пачатку 1953 году ня выпрацаваў нормаў адзінай, сталай літаратурнай мовы, а ўсё яшчэ сядзіць у этнаграфізьме. „Што ні газэта – то й мова, што ні аўтар – то й выдумка” – піша Масей Сяднёў (Масей Сяднёў, Некалькі заўваг аб нашай мове, у: „Бацькаўшчына”, №№ 1-2 (132-133), Мюнхэн, 7 студзеня 1953, с. 5), які ў літаратурнай мове эміграцыйных часопісаў заўважае хутчэй разнастайнасьць беларускіх дыялектаў, чым кніжную мову. Пры гэтым – як адзначае аўтар артыкулу – раскошна пачуваюць сябе барбарызмы, часьцей польскага ці расейскага паходжаньня. М. Сяднёў падкрэсьлівае, што ён не адмаўляе аўтарам у праве на свой уласны стыль. Не такая мэта ягонага артыкулу.

Сярод закідаў, якія пісьменьнік паставіў розным выданьням, апынулася й адсутнасьць пашаны да найлепшых майстроў беларускага слова – да тых пісьменьнікаў, якія паклалі падмурак літаратурнай мове.

М. Сяднёў, ацэньваючы дбайнасьць пра чысьціню мовы беларускіх эміграцыйных выданьняў, станоўча піша пра мюнхэнскую газэту „Бацькаўшчына”. Сярод тых часопісаў, якім трэба было б праявіць большы клопат пра чысьціню мовы, аўтар публікацыі называе такія нью-ёрскія навуковыя выданьні, як „Веда” й „Запісы”.

М. Сяднёў крытычна ацэньвае тэндэнцыю ствараньня штучнае, чыстае мовы, абстрагаванае ад уплыву заходніх, а ў першай чарговасьці – усходніх суседзяў. Гэтакая тэндэнцыя змушае навукоўцаў да сьвядомага ствараньня нэалягізмаў, пры гэтым не заўсёды ўдалых. Такая мова гучыць як эспэранта – піша М. Сяднёў. Аўтар публікацыі адзначае, што пэўныя падабенствы і ўплывы – рэч зусім натуральная, і таму ня трэба празьмерна баяцца польскага ці расейскага ўплыву. На думку Сяднёва, лепш праяўляць большую экспансію на мовы вялікіх суседзяў Беларусі, чым загадзя здаваць пазыцыі. Варта пры гэтым памятаць, што найбольш псуюць беларускую мову чужыя сынтаксічныя канструкцыі. Яны ліквідуюць спэцыфіку мову, яе псыхалёгію, як піша М. Сяднёў.

Рэдакцыя газэты „Бацькаўшчына” падкрэсьлівае, што не ва ўсім згаджаецца зь меркаваньнямі аўтара публікацыі, аднак надрукавала гэты артыкул, лічачы, што трэба больш месца прызначаць мовазнаўчым пытаньням, і спадзеючыся, што гэты артыкул выкліча шырэйшую дыскусію, якая прынясе несумненную карысьць мове (Ад Рэдакцыі, тамсама, с. 6).

Чарговыя роздумы Масея Сяднёва пра беларускую мову былі выкліканыя палемічным артыкулам Яна Станкевіча, у якім мовазнаўца назваў заўвагі Сяднёва надта агульнымі. У адказ пісьменьнік вырашыў удакладніць свае разважаньні пра неабходнасьць стварэньня адзінае беларускае літаратурнае мовы ў эміграцыі.

„Час, нарэшце, нашаму мовазнаўству ўзьняцца ад эмпірызму да навуковага абагульненьня – дэструкцыйны этнаграфізм не заўсёды ў дружбе зь літаратурнай мовай. Зразумела, мовазнаўства, як такое, ня можа ўзяць на сябе абавязку стварэньня літаратурнай мовы – роля пісьменьніка тут куды больш значная і найбольш актыўная. Затое мовазнаўства павінна падказаць тэндэнцыю разьвіцьця мовы, згодную зь яе духам. (...)

Да найбольш прыкметнай тэндэнцыі нашага мовазнаўства я залічаю тэндэнцыю скрайнага сэпаратызму. (...) Практычна гэта тэндэнцыя выявілася ў няправільных дачыненьнях да некаторых ужо старых, традыцыйных (а без традыцыі ня можа быць літаратурнай мовы) нормаў і замене іх новымі. Замена гэтая адбываецца за кошт правінцыяналізмаў і нэалягізмаў. На першы пагляд – нічога надзвычайнага: такія шляхі вядомыя для кажнай літаратурнай мовы. Сапраўды ў гэтым нічога дрэннага не было-б, калі-б гэта не было самамэтай. Тут вельмі важным зьяўлаецца пытаньне – наколькі ўспрыймальнай будзе такая нашая літаратурная мова, як эстэтычнае цэлае, ці будзе яна тым, што называюць стыхіяй, ці будзе яна нарэшце з народу – і ў народ? Мне ўсё-ж думаецца, што мовазнаўчая дзейнасьць па-за гэтым – ня мае сэнсу”
( Масей Сяднёў, Яшчэ аб нашай мове, у: „Бацькаўшчына”, № 49 (180), Мюнхэн, 13 сьнежня 1953, с. 3).

Ніна Баршчэўская