• Моўная палеміка на старонках эміграцыйнага друку - 2
  • 18.05.2005


На старонках беларускага эміграцыйнага друку шырока абмяркоўвалася пытаньне лексычных і артаграфічных прынцыпаў беларускае мовы. Моўная палеміка была выкліканая клопатам пра будучыню мовы й жаданьнем выпрацаваць аднародныя ейныя стандарты.

Асабліва вострая палеміка вяласая паміж беларускім эміграцыйным пісьменьнікам Масеем Сяднёвам і мовазнаўцам Янам Станкевічам. Беларускі пісьменьнік заклікае не адракацца ад некаторых беларускіх словаў толькі таму, што яны выступаюць у суседніх мовах, бо вялікая частка зь іх агульнаславянскага паходжаньня. Дык ці варта, напрыклад, такое слова як хлеб замяняць емінай толькі таму, што хлеб выступае ва ўсіх славянскіх мовах? – пытае М. Сяднёў і адказвае, што, натуральна, няма такой патрэбы, ды заклікае прытрымлівацца таго, што сталася ўжо нормай і традыцыяй у беларускай мове (Масей Сяднёў, Яшчэ аб нашай мове, у: „Бацькаўшчына”, № 49 (180), Мюнхэн, 13 сьнежня 1953, с. 3).

У палеміку між Я. Станкевічам і М. Сяднёвам уключылася таксама рэдакцыя газэты „Бацькаўшчына”, прыгадваючы Сяднёву, што слова еміна Я. Станкевіч ніколі не ўжываў і не ўжывае ў значэньні слова ‘хлеб’, але выключна ў значэньні слова ‘ежа’ (Ад Рэдакцыі, у: „Бацькаўшчына”, № 49 (180), Мюнхэн, 13 сьнежня 1953, с. 3).

У сваю чаргу Я. Станкевіч у публікацыі Адказ на адказ сп. М. Сяднёва адзначае наступнае:

„Слова еміна і прыметнік еміны запісаныя ў Пархвенаве Вялейскага пав., адылі ў Барысаўшчыне, Лепельшчыне й Полаччыне, у пав. Сеньскім, у Пскоўшчыне і ў беларускай часьці Цьвершчыны, а пэўне што й гэтымі мясцовасьцямі пашырэньне яго ня абмежуецца” (Я. Станкевіч, Адказ на адказ сп. М. Сяднёва, у: „Бацькаўшчына”, № 50 (181), Мюнхэн, 20 сьнежня 1953, с. 3).

Палемічную публікацыю пад назовам Янка Станкевіч далей калечыць беларускую мову (Сяргей Пасечны, Янка Станкевіч далей калечыць беларускую мову, у: „Новае Жыцьцё”, № 1 (31), Сыднэй 1958, с. 7-8) зьмясьціў таксама часопіс „Новае Жыцьцё”. Сяргей Пасечны выступае супраць празьмернага пурызму беларускага эміграцыйнага моваведа. С. Пасечны прыводзіць шмат прыкладаў лексыкі, характэрнае для мовы Я. Станкевіча. Піша „аб ягоных «захаўках» і «еміне», «думніцы» ды іншых Станкевіча-крывіцкіх словах”. Задумоўваецца таксама над значэньнем слова часапісец, бо гэтае слова больш пасуе да асобы чым да рэчы. Меркаваньнем Пасечнага, Я. Станкевіч нярэдка бярэ іншаземныя словы ды перакладае іх на беларускую мову.

„Ёсьць славянскае слова летапісец. Славянскае «лета» Янка вельмі хутка пераменіць ў час і такім чынам славянскі «летапісец» па беларуску гучыць «часапісец»”.( Тамсама, с. 8).

Цімох Саладуха ў артыкуле Больш шкоды чымсь карысьці (Цімох Саладуха, Больш шкоды чымсь карысьці, у: „Аб’еднаньне”, № 3 (61), Лёндан, красавік 1956, с. 20-24)зьмешчаным на старонках часопіса „Аб’еднаньне”, прыводзіць шмат прыкладаў з друку, якія Я. Станкевіч лічыць русыцызмамі. Адным з такіх словаў зьяўляецца вуглякоп. Я. Станкевіч прапануе ужываць слова капач, з чым не пагаджаецца Ц. Саладуха і піша:

„Слова вуглякоп зьяўляецца словам складаным – гэта праўда, але чаму гэта мае быць русіцызм? Ці-ж у беларускай народнай мове няма падобных складаных словаў, як: буралом, параплаў, самаход, ледакол, лесаруб, коламазь і шмат, шмат іншых. Дык чаму-ж нельга сказаць вуглякоп? Яно напэўна будзе для ўсіх зразумелым і ня будзе выклікаць непаразуменьняў, бо адпавядае і лёгічнай інтэрпрэтацыі” (Тамсама, с. 21)

Ніна Баршчэўская