• Моўная палеміка на старонках эміграцыйнага друку - 3
  • 25.05.2005


На старонках беларускага эміграцыйнага друку шырока абмяркоўвалася пытаньне лексычных і артаграфічных прынцыпаў беларускае мовы. Моўная палеміка была выкліканая клопатам пра будучыню мовы й жаданьнем выпрацаваць аднародныя ейныя стандарты.

На старонках часопіса „Шыпшына”, крытыкуецца прапанова Яна Станкевіча, зьмешчаная ў Падручніку крывіцкай (беларускай) мовы, згодна зь якою, такія словы як цесьць і чэсьць ва ўскосных склонах трацяць першы склад.

„Мы ня будзем аспрэчваць добрых знаўцаў народнае мовы. (...) Напэўна ў народзе можна пачуць, хоць і зрэдку такую форму. Аднак, у літаратуру ўводзіць сьмехатворна і нават шкодна. У нас карыстаюцца адсечанымі словамі 'шчэ, на'т, трэ', якія даюць выразнасьць у сказах, а не зацямняюць сэнс. І калі мы скажам «У цесьця няма чэсьці», а доктар Я. Станкевіч зробіць ампутацыю гэтаму сказу, дык атрымаем штосьці недарэчнае” (У сьця няма сьці, у: „Шыпшына”, № 7, Міхельсдорф 1948, с. 56).

Аўтары „Шыпшыны” крытычна ставіліся да прапановаў мовазнаўцаў.

„Некаторыя тэарэтыкі даводзяць, што трэба пісаць гэтак, а ня іначай. Зьмяшчаюць па газэтах т. зв. куткі мовы. Правільней было б – куткі моваведы, але ня ў гэтым рэч. У гэтых «куткох» падаецца шэраг слоў з тлумачэньнем, як трэба іх пісаць. (...) Навошта шукаць хваробу мовы ў іншых і прыпісваць нейкія рэцэпты ў «Куткох мовы»? Рэцэпты прыпісваюць толькі «дахтары». Але не заўсёды мікстуры бываюць дзейснымі, калі яны рашчыненыя у мудрагельствах” (Куткі мовы, тамсама).

На старонках „Шыпшыны” крытыкуецца таксама празьмерны націскны разнабой. Нясталасьць у націску, напрыклад: промень – прамень, вобраз – абраз, паседжаньне – пасяджэньне, момант – мамэнт часта выкарыстоўваецца пісьменьнікамі, а асабліва паэтамі. Трэба аднак ведаць меры. Нельга праводзіць экспэрымэнты з мовай. так як – на думку аўтара публікацыі – робіць гэта Янка Станкевіч, які, змагаючыся з русыцызмамі й палянізмамі, мяняе месца націску ў шмат якіх словах.

„І так, у ягоным Падручніку крывіцкае мовы маем нямала словаў з націскам на канцавы склад: вузёл, памачнік, чырванец, драбны, лягкі. Прывядзе гэта да таго, што «рашчыняцца вараты» для розных экспэрымэнтаў. Ня будзе меры пачуцьця, дык усялякіх новых кур’ёзаў прычакаем” (Нясталыя націскі, тамсама, с. 57).

Свае меркаваньні наконт уводжаньня ў літаратурную мову правінцыяналізмаў выказаў Станіслаў Станкевіч.

„Пад правінцыяналізмамі мы разумеем тыя словы й формы, якія ўжываюцца ў народнай мове, але ня ўжываюцца ў мове літаратурнай, або ўжываюцца ў ёй вельмі рэдка й ня ўсімі. Пры гэтым, правінцыяналізмы можна падзяліць на дзьве групы: а) якія ў народнай мове ўжываюцца шырака й ведамыя ў бальшыні народных гаворак, б) якія ўжываюцца толькі спарадычна і адно ў некаторых мясцовасьцях.

На нашую думку, правінцыяналізмы першае групы мы павінны ўжываць бязь ніякіх засьцярогаў, навет і тады, калі ёсьць у нашай мове іншае слова, агульна ў ёй ужыванае. Гэткім чынам мы павялічым толькі колькасьць сынанімаў, ад якіх нашай мове ніякай шкоды ня будзе. Затое-ж правінцыяналізмы другое групы мы павінны ўводзіць у літаратурную мову толькі ў тых выпадках, калі на месцы іх ужываецца або барбарызм або няўдалы наватвор. Гэта зусім не датычыць мовы паэтычнай, у якой для падчыркненьня моўнага калярыту, пажаданыя й правінцыяналізмы найбольш рэдкія, але для дадзенае мясцовасьці характарыстычныя”
(Ст. Станкевіч, Мае заўвагі да Кутка мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 37 (367), Мюнхэн, 11 верасьня 1955, с. 3).

На думку С. Станкевіча, ніякіх засьцярогаў не павінны выклікаць такія словы, як: цальнёг, сёлета, летась, ачуняць.

„Затое няма найменшай патрэбы ўжываць вузкіх правінцыяналізмаў, ведамых толькі ў абмежаваных мясцовасьцях, а тым больш даваць ім перавагу й пяршынство, калі ёсьць з гэтым значэньнем іншыя чыста беларускія словы, шырока ведамыя і ў народнай мове і якія ў літаратурнай мове заваявалі поўнае права грамадзянства” (Тамсама).

Да такіх словаў Станіслаў Станкевіч залічае другадзень замест агульнапрынятага слова аўторак, ці булак, болка замест воблака.

Ніна Баршчэўская