• Уладзімер Жылка – паэт-выгнаньнік
  • 27.05.2005
Уладзімер Жылка зьяўляецца вядучай постацьцю сярод беларускіх паэтаў, літаратурны талент якога разгарнуўся галоўным чынам у беларускім эміграцыйным асяродку ў Чэскай Празе.

Нарадзіўся ён 27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы, што на Меншчыне. Разам з бацькамі некалькі гадоў пражыў у глыбіні Расеі. Аднак рэвалюцыю 1917 году сустрэў Жылка ў Менску. У гэтым горадзе прымаў гарачы ўдзел у нарастаючай хвалі беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Пацьвярджэньнем гэтаму зьяўляецца факт абраньня яго дэлегатам на Першы Ўсебеларускі кангрэс. Падзею гэтую трактаваў ён як вялікае гістарычнае здарэньне, якое павінна было адкрыць новую старонку на шляху беларускіх імкненьняў да ўласнай дзяржаўнасьці. Нахальны разгон кангрэсу бальшавікамі ўпэўніў маладога Жылку ў тым, што беларусы ў змаганьні за сваё вызваленьне й незалежнасьць могуць разьлічваць толькі на саміх сябе, а не на суседнія народы. Зь вялікай радасьцю, энтузіязмам і надзеямі вітаў ён абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. У вершы Покліч Уладзімер Жылка напісаў:

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся раць адважна, сьмела,
Адважных, сьмелых ваяроў.
Пад знак Літоўскае Пагоні
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць.


Ужо ў 1919 годзе, калі паэту было ўсяго 18 гадоў, у яго лёгкіх выступіў востры тубэркулёзны працэс. Зьнясілены хваробай творца пасяліўся спачатку ў роднай вёсцы бацькі Клечышчы на Случчыне, а пасьля ў роднай вёсцы маці Падлесьсе.

У 1921 годзе У. Жылка прыйшоў да высновы, што стан ягонага здароўя натолькі палепшыўся, што дазваляе яму прыступіць да больш дынамічных формаў дзеяньня. З такім перакананьнем паехаў ён у Вільню, дзе ўвайшоў у гушчу польскага палітычнага й адміністрацыйнага ладу. Будучы грамадзянінам Польшчы, Уладзімер Жылка жыў высокай беларускай мройнасьцю. Знаходзіўся ў стане вялікага паэтычнага натхненьня. Натхненьне гэтае праявілася ў цыкле вельмі цікавых вершаў пад назовам У Вільні. Паэт утрымліваў сталы кантак з рэдакцыямі „Беларускіх Ведамасьцяў” і „Беларускага Звону”. Увайшоў у вельмі блізкі й сардэчны кантакт з Антонам Луцкевічам, які быў выдатным беларускім палітыкам і шырока вядомым дасьледнікам гісторыі беларускае літаратуры. Прыязьнь гэтая вызначыла суадносіны паміж Жылкам і Луцкевічам на многія наступныя гады. Пасябраваў таксама зь беларускім дзеячам і пісьменьнікам Леапольдам Родзевічам. Л. Родзевіч адыграў вялікую ролю ў будучым лёсе паэта. Паведаміў яго пра магчымасьці выезду ў Прагу з мэтай паступленьня ў Карлавы ўнівэрсытэт. З гэтай магчымасьці скарыстаў Уладзімер Жылка ў 1923 годзе. У Празе паступіў ён на гістарычна-філязофскі факультэт. Прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім беларускім руху. У хуткім часе стаўся ён галоўным рэдактарам часопіса „Перавясла”. Студэнцкае асяродзьдзе выбрала яго ў 1924 годзе дэлегатам на Міжнародны зьезд студэнтаў, які адбываўся ў Варшаве. Дзякуючы энэргічным намаганьням Уладзімера Жылкі, Варшаўскі студэнцкі кангрэс згадзіўся на тое, каб арганізацыі беларускіх студэнтаў з Прагі й Вільні сталіся членамі Міжнароднага саюзу студэнтаў.

1924 год стаў вялікай падзеяй у жыцьці Жылкі з тае прычыны, што ў гэтым часе, дзякуючы намаганьням Антона Луцкевіча, выйшаў у Вільні яго паэтычны зборнік На ростані. Адной з асноўных галін яго творчай спадчыны зьяўляецца Дзёньнік, які паэт пісаў нерэгулярна на працягу некалькіх гадоў свайго жыцьця. Дзёньнік зьяўляецца сьведчаньнем таго, што У. Жылка, з аднаго боку, быў асобай вялікага болю, а з другога боку – чалавекам, які, нягледзячы на ўласны трагічны лёс і пэрспэктыву заўчаснай сьмерці, стараўся пранікнуць у глыбіню чалавечага жыцьця ды сэнс ягонага існаваньня на зямлі. Цікавай і мала вывучанай спадчынай Уладзімера Жылкі зьяўляецца ягоная перапіска. Шэраг лістоў накіраваў ён да Антона Луцкевіча. У лісьце з 13 кастрычніка 1926 году паведвмляў пра рашэньне вярнуцца ў Беларусь. Такім чынам выдатны эміграцыйны паэт пайшоў дабравольна на спатканьне з пакутамі й сьмерцю, падрыхтаванаю для яго савецкімі ворганамі.

Вядомы эміграцыйны дзеяч Яўхім Кіпель у сваёй кнізе Эпізоды, выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1998 годзе, дакладна апісаў апошнюю адслону Жылкавай трагедыі. Паэт разам з групай ссыльных, сярод якіх быў і Яўхім Кіпель, плыў лодкаю па рацэ Вятцы на месца сваёй ссылкі ў горад Уржым, у якім знайшоў працу ў мясцовай бібліятэцы. Жыў там вельмі ўбога. Пасяліўся ў паўразваленай хатцы, якая не абагравалася нават у найбольш суровыя маразы. Вялікай радасьцю й надзеяй у жыцьці ссыльнога Жылкі быў прыезд у Уржым ягонай жонкі Рымы. Аднак радасьць трывала вельмі коратка. Пасьля некалькіх тыдняў Рыма пакінула паміраючага мужа, выраклася ягоных поглядаў і зьвязалася з чэкістам. Адыход жонкі дабіў Уладзімера Жылку маральна й фізычна. Пасьля некалькітыднёвага знаходжаньня ў шпіталі, адышоў ён 1 сакавіка 1933 году. Пахавалі паэта на мясцовых могілках у труне, зьбітай з аполкаў. Такім чынам памёр, не пражыўшы поўных 33 гадоў, выдатны беларускі паэт і літаратуразнавец Уладзімер Жылка.

Алесь Барскі