• Моўная палеміка на старонках эміграцыйнага друку - 4
  • 02.06.2005
На старонках беларускага эміграцыйнага друку шырока абмяркоўвалася пытаньне лексычных і артаграфічных прынцыпаў беларускае мовы. Моўная палеміка была выкліканая клопатам пра будучыню мовы й жаданьнем выпрацаваць аднародныя ейныя стандарты.

Станіслаў Станкевіч, зьвяртаючы ўвагу на складаныя ўмовы разьвіцьця беларускае мовы, стараўся паказаць станоўчыя вынікі мовазнаўчае дыскусіі на старонках газэты, але адначасова крытычна паставіўся да некаторых спробаў зьмяняць у мове тое, што ўжо ў ёй прыжылося.

„Сучасная беларуская літаратурная мова, якая, у сілу гістарычных абставінаў, разьвілася не із старой нашай літаратурнай мовы, але пачала фармавацца ў палавіне ХІХ стагодзьдзя на базе народных дыялектаў, ёсьць яшчэ маладая. З гэтае прычыны, а таксама ў сувязі зь неспрыяльным палітычным палажэньнем беларускага народу, у ёй яшчэ шмат формаў і словаў канчальна не ўстаноўленых, шмат лішніх барбарызмаў, як і непатрэбных новатвораў, на месца якіх маглі-б быць уведзены словы й формы беларускія, якія існуюць у мове народнай або ёсьць у старой беларускай літаратурнай мове, але ў сучасную літаратурную мову з розных прычынаў раней ня ўведзеныя.

Таму праца над культурай і чысьцінёй нашай сучаснай літаратурнай мовы вельмі патрэбная й карысная. Пры гэтым праца такая, як і кажная іншая культурна-нацыянальная праца, магчымая сяньня толькі на эміграцыі, бо на бацькаўшчыне, дзе праца ў галіне нацыянальнай культуры ўважаецца злачынствам, а ў галіне мовы праводзіцца прымусовае абрусеньне, нічога ў гэтым кірунку рабіць нельга”
(Ст. Станкевіч, Мае заўвагі да Кутка мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 37 (367), Мюнхэн, 11 верасьня 1955, с. 3).

З ацэнкай, што Ян Станкевіч уводзіў зусім штучныя словы й правінцыялізмы, што ня ведаў беларускай літаратурнай мовы, не пагаджаюцца сёньня беларускія мовазнаўцы. Валер Булгакаў (Ад укладальніка, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 1, Менск 2002, с. 7-16) адзначае:

„Ян Станкевіч цягам усяго свайго жыцьця адстойваў іншы, «мадэрны» падыход да мовы. Згодна зь ім, «літаратурную мову» трэба разумець як амальгаму першапачатных канструктаў, вэрыфікацыя (=залічэньне ў склад літаратурнае мовы) якіх мае адбывацца ў ходзе шырокай публічнай дыскусіі з удзелам усіх зацікаўленых прадстаўнікоў беларускай культурнай эліты” (Тамсама, с. 12).

У ацэнцы Валера Булгакава, вялікая колькасьць палемік і дыскусіяў, выкліканых тэарэтычна-мовазнаўчай спадчынай Яна Станкевіча, вынікае з таго, што для Станкевіча ў мове няма нічога наперад дадзенага.

„У гэтым сэнсе ён радыкальна разводзіць «этнічную» беларускую мову (гаворку, якой карыстаюцца ў вёсцы і г. д. і да якой апэлююць моўныя кансэрватары) і «нацыянальную» або «літаратурную» мову, якая ствараецца, г. зн. у адносінах да якой устанаўляецца канвэнцыя культурнымі элітамі ў працэсе іх інтэрактыўнай камунікацыі. Пры гэтым тыя моўныя канвэнцыі, якія раней былі ўстаноўленыя некрытычна, г. зн. пры ўстанаўленьні якіх не былі выкарыстаныя напоўніцу самабытныя рэсурсы беларускай этнічнай мовы (= гаворак), Станкевіч паддае радыкальнаму перагляду. (...) Сам жа Станкевіч разумеў «беларускую літаратурную мову» хутчэй як «беларускую нацыянальную мову», бо ў варунках каляніяльнага, паняволенага быцьця беларускага народу літаратура не выконвае ўскладзенага на яе заданьня – быць палігонам выпрацоўкі новай, надэтнічнай мовы” (Тамсама., с. 12-13).

Я. Станкевіч у сваёй моўнай практыцы верна адлюстроўваў як фанэтычныя, гэтак і марфалягічныя рысы сярэдняй паласы сярэдняга беларускага дыялекту. Не пазьбягаў таксама вельмі рэдкіх словаў, характэрных толькі для некаторых рэгіёнаў ці асобных населеных пунктаў Крывіч-Беларусі. Ён дасканала адчуваў стылёвыя й сэнсавыя адценьні сынонімаў, а калі заўважаў, што ў літаратурнай мове нестае нейкага слова, дык ствараў яго й папулярызаваў сярод беларускай эміграцыі.

Юрась Бушлякоў зьвяртае ўвагу на пурыстычныя тэндэнцыі ў моватворчай дзейнасьці Я. Станкевіча (Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 1, Менск 2002, тамсама, т. 2, с. 534-578):

„Цягам амаль шасьці дзесяткаў гадоў навуковай працы Ян Станкевіч пасьлядоўна рэалізоўваў пурыстычныя прынцыпы, скіраваныя на выдзяленьне й культываваньне ў літаратурнай мове адметнасьцяў беларускай мовы. У працэсе разьвязаньня вучоным праблем лексычнага, граматычнага, словаўтваральнага й фанэтычна-артаграфічнага ўпарадкаваньня мовы аформіўся фактычна асобны варыянт беларускай літаратурнай мовы” (Тамсама, с. 555).

Прадстаўленыя мовазнаўчыя публікацыі ды палеміка, якая вялася на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў, зьяўляюцца яркім доказам вялікага клопату беларусаў у замежжы пра лёс і будучыню беларускае мовы. Яны цэлы час дасьледавалі беларускія публікацыі ня толькі ў эміграцыі, але таксама ў Беларусі, і крытыкавалі тое, што сьведчыла пра сьвядомае перайманьне рысаў іншае мовы, ці, звычайна, пра моўную нядбайлівасьць, ды ўсхвалялі тое, што зьяўлялася сьведчаньнем карпатлівае працы над мовай дзеля захаваньня ейнае самабытнасьці. Здаралася неаднойчы, што, стараючыся празьмерна пазьбягаць лексыкі супольнае з суседнімі мовамі: расейскай і польскай, шукалі адмысловых словаў у мінуўшчыне беларускае мовы, альбо, абапіраючыся на словаўтваральныя ўзоры ў беларускай мове, будавалі новыя словы, якія не заўсёды ўспрымаліся носьбітамі беларускае мовы. Свайго роду перашкодай быў моўны пурызм Яна Станкевіча й ягонае жаданьне затрымаць, ці прысьпешыць некаторыя працэсы ў разьвіцьці беларускае мовы. Тым ня меней, нельга перацаніць ягоную руплівасьць аб захаваньні моўнае аднароднасьці, ягоны вялікі ўнёсак у захаваньне й разьвіцьцё беларускае мовы ў эміграцыі.

Ніна Баршчэўская