• Запазычаньні ў беларускай мове – русыцызмы
  • 09.06.2005

Беларуская эміграцыя, праяўляючы клопат пра чысьціню роднае мовы, шмат увагі прысьвячала запазычаньням з розных моваў. Імкненьне да празьмернай чысьціні і пазьбяганьне лексыкі, пазычанай зь іншых моваў, не заўсёды йдзе на карысьць мове.

Запазычаная лексыка выступае ў кожнай мове. У мове беларускай эміграцыі часам узамен ёй выкарыстоўваюцца розныя наватворы, што не заўсёды прыносіць карысьць мове – уважаюць аўтары часопіса „Шыпшына”. Такія словы, як самакат, самаход, самалёт прыжыліся ў беларускай мове й няма патрэбы іх мяняць. У артыкуле ізноў крытыкуецца Ян Станкевіч за празьмерны моўны пурызм, у выніку якога атрымліваюцца сказы тыпу: Лётала ўзьляцела з узьлецішча.

„Калі Ластоўскі назваў кнопку прысьцебкай, дык ягоны пасьлядоўнік дае іншы назоў – блышчык. Усякае пустазельле аднак тыпу: лётала, макацеліца, спакмень, снадзіва заглохне на нашай пладароднай ніве” (Блышчыкі і бодкі, у: „Шыпшына”, № 7, Міхельсдорф 1948, с. 57).

Трэба пазьбягаць запазычаньняў зь іншых моваў там, дзе ёсьць адпаведныя беларускія словы, а тым больш – цэлыя сынтаксічныя канструкцыі. Варта шукаць беларускіх эквівалентаў таксама ў выпадках, калі запазычанае слова на беларускім грунце асацыюецца зь іншым значэньнем, напрыклад: царкоўнаславянскае благославить – беларускае дабраславіць.

Царкоўнаславянскае благий значыць ‘добры’, але ў мове беларускай яно прыняло адваротнае значэньне ‘нядобры, ліхі’. Таму слова дабраславіць як мага найлепш адпавядае патрэбам беларускае мовы – адзначае Ян Станкевіч, спасылаючыся на памяткі беларускае мовы, напрыклад: Дабраслаў, душэ мая, Госпада.

На старонках „Шыпшыны” адзначаецца гвалтоўны ціск на беларускую мову з боку расейскае мовы. У газэтах на Беларусі паяўляюцца такія русыцызмы, як: ізабіліе ці змагаючыхся за таржаство. У сваю чаргу газэты на эміграцыі залішне змагаюцца за чысьціню мовы. Беларускія пісьменьнікі аднак, як тыя на Бацькаўшчыне, гэтак і ў эміграцыі, не захапляюцца, на шчасьце, газэтным лексыконам. Яны маюць свой уласны голас і сваю манеру пісьма – падкрэсьліваецца на старонках літаратурнага часопіса „Шыпшына”.
Я. Станкевіч стараўся пазьбягаць русыцызмаў, між іншым, назоўнікаў з суфіксамі -шчык, -чык.

„Спакменьнікі на -шчык, -чык, абазначаючыя дзеючую асобу – асаблівасьць вылучна расійская. (...) Па-беларуску замест слова выдумшчык скажуць хіба іншае слова, напр. штукар ці вынаходнік” (Тамсама, № 32 (262), Мюнхэн, 7 жніўня 1955, с. 3).

Па словах Я. Станкевіча, па-беларуску не належыць таксама гаварыць дастаткова ці канчаткова. Гэтыя словы належаць да савецка-беларускага жаргону – цьвердзіць эміграцыйны мовазнаўца.

„Гэта словы штучна й няўмела зробленыя ад дастатак і канчатак. Тымчасам маем словы прыродныя, народныя – даволі й канчальна” (Тамсама ).

Русыцызмам, на думку Я. Станкевіча, зьяўляецца таксама слова недахоп, якое этымалягічна перароблена з расейскага недостаток.

„Калі чагось не стаець, дык нястача, што трэба ганіць, то ёсьць загана, прыкладам: калі ў еміне не стаець бялку, дык у такой еміне будзе нястача бялку, а гэтая нястача ёсьць заганаю еміны” (Тамсама ).

Пазьбягаць запазычаньняў з расейскае мовы раілі таксама іншыя эміграцыйныя аўтары „Бацькаўшчыны”, між іншым, і Станіслаў Станкевіч. Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў – піша С. Станкевіч у Кутку мовы.

„У выніку русыфікатарскай палітыкі ў БССР насаджваецца, як ведама, у беларускую літаратурную мову цэлае мноства чужых нашай мове тыпова расейскіх асаблівасьцяў ува ўсіх галінах моўнага працэсу: у сінтаксе, марфалёгіі, словатворстве, фанэтыцы й слоўніцтве. Бальшыня з гэтых русыцызмаў, хоць і ня прадугледжаных славутай «рэформай» беларускага правапісу й нарматыўнае граматыкі з 1933 году, а ўведзеная пазьней і нядэкратаваная ніякімі ўрадавымі пастановамі, зьяўляецца сяньня ўсанкцыянаваная, як адзіна дапушчаныя формы й словы, як «чыста беларускія», а іхнія ўзапраўды беларускія адпаведнікі старанна выціскаюцца, як шкодныя «правінцыяналізмы», «архаізмы» або «штучныя нэалягізмы»” (Ст. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, №№ 6-7 (288-289), Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 7).

Ніна Баршчэўская