• Запазычаньні ў беларускай мове – русыцызмы – 2
  • 15.06.2005

Беларуская эміграцыя, праяўляючы клопат пра чысьціню роднае мовы, шмат увагі прысьвячала запазычаньням з розных моваў. Асаблівую ўвагу зьвяртала на русыцызмы, якія пранікаюць у розныя пласты беларускае мовы.

Станіслаў Станкевіч зьвяртае ўвагу на пранікненьне русыцызмаў у сынтаксіс беларускае мовы, што найглыбей парушае яе моўную структуру. Аўтар прыгадвае пра выкарыстаньне ў беларускай мове вінавальнага склону ў сьцьвярджальных канструкцыях – я люблю вясну – і роднага склону ў сказах з пярэчаньнем не – я не люблю вясны. Тым часам у беларускай мове – пад уплывам расейскае мовы – усё часьцей паяўляюцца ў сказах з адмоўнай часьціцай не канструкцыі зь вінавальным склонам. С. Станкевіч спасылаецца на раман Івана Шамякіна У добры час, выдадзены ў Менску ў 1953 годзе, зь якога прыводзіць шмат прыкладаў тыпу: Пасьля гэтага няма сэнсу далей весьці перамовы.

Іншым прыкрым русыцызмам ёсьць ужываньне дзеяслова дзякаваць з назоўнікам у вінавальным склоне. Гэта сустракаецца і ў трылёгіі Я. Коласа На ростанях: Настаўнікі...падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі дамоў. Па-беларуску можна дзякаваць толькі каму?, ні ў якім выпадку каго?.

Дзеяслоў жаніць, жаніцца вымагае ў беларускай мове творнага склону з прыназоўнікам з, тады калі ў расейскай мове ён ужываецца з назоўнікам у месным склоне з прыназоўнікам на. Часам аднак у беларускую мову пранікае расейская форма: Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы (І. Шамякін, У добры час), замест жаніць з дачкой.

З галіны марфалёгіі С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на неабходнасьць пашырэньня ў беларускай мове выкарыстаньня канчатка роднага склону назоўнікаў множнага ліку -аў на месцы нулявога канчатка, значыць: рэзалюцыяў, акцыяў замест рэзалюцый, акцый.

Дасьледнік піша пра немэтазгоднасьць выкарыстаньня ў беларускай мове суфікса -ір- у дзеясловах лацінскага паходжаньня тыпу: ануліраваць, ігнарыраваць. Павінна быць: ануляваць, ігнараваць.

Аўтар публікацыі заўважае, што ў беларускай мове на Бацькаўшчыне пад беспасярэднім уплывам расейскае мовы назоўнікі тыпу лён, мох ва ўсіх залежных склонах і ў назоўным склоне множнага ліку ўжываюцца з прыстаўным і: ільну, імху. Правільнай беларускай формай ёсьць форма без прыстаўнога і: лёну, моху.

Асаблівасьцю расейскае мовы зьяўляецца выкарыстаньне вышэйшае ступені прыметнікаў у значэньні найвышэйшае ступені, напрыклад: Амэрыканска-ангельскія імпэрыялісты зьлейшыя ворагі беларускага народу (Ст. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, №№ 6-7 (288-289), Мюнхэн, 11 лютага 1956, с. 7), спасылка на: „Звязда”, Мінск, 21 сьнежня 1951).

С. Станкевіч зьвартае ўвагу на памылковае выкарыстаньне ў беларускай мове слова мецца, напрыклад: У друкарні маецца шмат работы. Гэта даслоўнае перанясеньне расейскага имеется. Па-беларуску можна сказаць толькі: Як маешся? Маюся добра.

С. Станкевіч падкрэсьлівае, што ў сваім артыкуле прывёў невялікую частку найбольш яркіх русыцызмаў.

„Гэта паказвае, што працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай” (Тамсама).

Да вялікіх непаразуменьняў могуць прывесьці сэмантычныя адрозьненьні паміж абедзьвюма мовамі – піша на старонках часопіса „Моладзь” Л. Іскра (псэўданім Хведара Ільяшэвіча, Беларуская мова, у: „Моладзь”, № 18, Парыж 1950, с. 15-19). Нямала ёсьць словаў, якія ў беларускай і расейскай мовах маюць такое самае ці падобнае гучаньне, а зусім іншае значэньне, напрыклад: расейскае благо на беларускую мову перакладаецца як добра, а беларускае блага на расейскую – плохо; расейскі богатыр – гэта беларускі герой-волат, а беларускі багатыр – гэта расейскі богач; расейская качка ў беларускай мове будзе гойданкай, а беларуская качка на расейскую перакладзецца як утка і гэтак далей (Тамсама, с. 19).

Л. Іскра прыводзіць аўтэнтычны факт зь віленскае судовае залі перад Першай Сусьветнай вайной. Судзьдзя спытаў жанчыну, якую моцна пабіў ейны муж:
- Скажи, каким образом он тебя побил?
На што пабітая адказала:
- Паночку, ніякім образам, звычайнаю качаргою патоўк (Тамсама).

Каб пазьбегнуць такіх непаразуменьняў, Ян Станкевіч разам з Антонам Адамовічам апрацавалі Маленькі маскоўска-беларускі слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў, які быў апублікаваны на старонках часопіса „Веда” (: „Веда”, № 1 (6), Нью-Ёрк, студзень 1952, с. 1-21). У слоўніку падаюцца беларускія адпаведнікі расейскіх фразэалягізмаў са спасылкай на крыніцу: на мастацкі твор ці на мясцовасьць, у якой беларуская прыказка альбо фразэалягізм былі запісаныя. Я прывяду толькі некалькі прыкладаў:
У чорта на куличках – 1. За сьветам; 2. Проці ліха на ўзгорачку;
Бог видит, кто кого обидит – Бог не цяля, бачыць круцяля;
Будет и наше время – 1. Будзе й на нашым рынку кірмаш; 2. Будзе й на нашай вуліцы сьвята; 3. Загляне сонца і ў наша ваконца;
Два сапога – пара – 1. Абое рабое; 2. Адным возам па піва едуць; 3. Усе чэрці аднэй шэрсьці;
На безрыбье и рак рыба – На бязьлюдзьдзі і дзяк чалавек;
Одним миром мазаны – Адзін чорт маляваў;
Первый блин комом – Першы блін сабаку;
Утро вечера мудренее – Пераначуем – болей пачуем.


Ніна Баршчэўская