• Уплыў беларушчыны на польскую мову
  • 22.06.2005


Беларуская эміграцыйная прэса ня толькі пісала пра вялікае ўзьдзеяньне іншых моваў на беларускую, але адзначала таксама ўплыў беларускае мовы на іншыя суседнія мовы, асабліва на польскую.

Сымон Брага (псэўданім Вітаўта Тумаша) адклікаецца на старонках часопіса „На варце” (Уплывы нашае мовы на польскую, у: „На варце”, № 3, Сыднэй – Мэльбурн 1955, с. 47-49) да публікацыяў польскіх дасьледнікаў, прысьвечаных гэтай тэме. Ужо ў 1847 годзе польскі пісьменьнік Юзэф Ігнацы Крашэўскі ў працы Nowe Studja Literackie пісаў, што час злучэньня Польшчы зь Вялікім Княствам Літоўскім важны для польскае мовы, таму што тады спыніліся ўплывы нямецкае мовы й пачаўся ўплыў беларускі. Яго меркаваньнем, бліжэйшыя дачыненьні зь беларускімі землямі ўтрымалі польскую мову ў формах больш славянскіх. А ўмовы для праніканьня беларускае мовы ў польскую былі спрыяльныя. На беларускія землі часта прыяжджалі польскія паны ды каралеўскі двор, якому, дарэчы, беларуская мова не была чужой.

С. Брага паведамляе, што пытаньне ўплыву беларускае мовы на польскую закрануў у сваіх працах яшчэ перад Першай Сусьветнай вайною польскі філёляг, прафэсар Казімеж Нітш. Сьледам за ім узялі гэта пад увагу таксама іншыя польскія філёлягі. Тэза прафэсара Нітша аб месцы народзінаў польскае літаратурнае мовы выклікала вялікія філялягічныя спрэчкі. Галоўным ягоным праціўнікам быў прафэсар Аляксандар Брукнэр, які адкідаў уплыў старабеларускае мовы на польскую. Гэтая філялягічня спрэчка цягнулася каля 20 гадоў (Тамсама, с. 47).

Аўтар публікацыі адзначае, што беларуская мова аказала істотны ўплыў на слоўнік польскае мовы. Hodować, hreczka, puhacz, żubr і шмат іншых словаў – гэта беларусізмы ў польскай мове – падкрэсьлівае Сымон Брага й дадае, што ў Савецкай Беларусі ў 1920-1930-х гадох у часопісе „Маладняк” друкавалася цікавая й грунтоўная праца прафэсара Цьвяткова аб беларускіх уплывах на польскую лексыку.

Станіслаў Станкевіч піша, што некаторыя беларускія словы ўвайшлі ў польскую мову з твораў Адама Міцкевіча, які багата выкарыстоўваў у сваёй паэтычнай мове беларускія моўныя асаблівасьці.

„Міцкевіч сьведама ўводзіў у сваю мову мноства беларускіх словаў, няведамых і ня ўжываных у мове польскай, захварбоўваў сваю мову беларускімі сынтаксычнымі канструкцыямі й марфалягічнымі элемэнтамі. Гэтае сьведамае захварбоўваньне беларускімі элемэнтамі свае польскае мовы із шкодаю для ейнае чысьціні выразна паказвае, як глыбока знаходзіўся Міцкевіч пад уплывам беларускай народнай стыхіі, перад уплывам гэтым ня толькі не бараніўся, але сьвядома яму падлягаў” (Адам Міцкевіч. На 175-я ўгодкі ад нараджэння, у: „Беларус”, № 201, Нью-Ёрк, студзень 1974, с. 2).

Мовай Адама Міцкевіча заняўся таксама Сымон Брага. На старонках часопіса „Конадні” была зьмешчаная ягоная публікацыя А. Міцкевіч – вялікі сын зямлі беларускай („Конадні”, № 4, Нью-Ёрк 1955, с. 53-74), якая пазьней выйшла ў форме брашуры Міцькевіч і беларуская плынь польскае літаратуры, выдадзенай Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку (1957, 32 с. ). У гэтым выданьні С. Брага значна пашырыў свае аналізы сувязяў польскага паэта з рознымі аспэктамі беларускае духоўнасьці. Адзін з разьдзелаў гэтай публікацыі прысьвяціў ён уплывам беларускае мовы на стылістыку Міцкевічаўскай паэзіі.

У апрацоўцы Міцькевіч і беларуская плынь польскае літаратуры С. Брага заўважае, што ў Міцкевіча часта беларускімі зьяўляюцца ня толькі сюжэтныя асновы твораў, ды фальклёрныя, бытавыя й прыродаапісальныя элемэнты.

„Шмат беларускага і ў Міцькевічавай польскай мове. Ужо само Міцькевічава прозьвішча чыста беларускае, бо паходзіць ад народнага імя Міцька, падобна як Хадкевіч ад Ходзька, Радкевіч ад Родзька і г. д. Міцькевіч часта намагаўся захаваць і беларускую вымову свайго беларускага прозьвішча, калі пісаў яго няраз не празь цьвёрдае ц, як гэтага вымагае польская вымова й правапіс, а насупроць гэтага правапісу, празь мяккое ць, як сустракаем гэта часта ў беларускай народнай вымове, г. зн. Міцькевіч, а не як пішуць Палякі ягонае прозьвішча цяпер – Міцкевіч. (...)

Беларуская мова, слоўнікавыя, марфалягічныя й сынтаксычныя элемэнты якой тарнаваліся Міцькевічам у польскай мове ягонай паэзіі сьведама й падсьведама, была добра Міцькевічу ведамая. Ведаў ён добра, зразумела, беларускую народную мову, знаў ды высака цаніў і старабеларускую кніжную мову. Вось зь якою пашанаю й прызнаньнем Міцькевіч казаў пра беларускую мову канца XVІІ ст. у ваднэй з сваіх лекцыяў пра славянскія літаратуры, чытанай 21 студзеня 1842 г. на францускім Коледжы ў Парыжы:

«Славянская мова ў межах дзяржавы Пётры В. мела тры гутаркі: маскоўска-расейскую або паўночную, маларускую або паўдзённую, беларускую, заходнюю. Кажнаю з гэтых гутарак гаварыла блізу 10 міліёнаў жыхарства. Паўдзённая, найбольш зычная й музыкальная, ня была аднакжа на гэтулькі разьвітая, каб магла служыць пісьменству; заходняя, найбагацейшая, найчысьцейшая, што была некалі моваю двара й канцылярыі вялікіх князёў Літвы, выяўляла першараднае ўдасканаленьне; паўночная, адкінуўшы ад яе папсаваную мову колькі фінска-маскоўскіх правінцыяў, мела таксама вялікае багацьце першабытных элемэнтаў, дый ёй не ставала ўзвышанай прасьціні гаворкі літоўска-рускай дый тэй мілагучнасьцьі, якая свомая мове паўдзённай»”
(Тамсама, с. 10-11; параўн.: Literatura Słowiańska wykładana w Kolegium Francuzkim przez Adama Mickiewicza, t. II, Poznań 1865, s. 12).

Ніна Баршчэўская