• ВАСІЛЬ БЫКАЎ ПРА БЕЛАРУСКІ ЛЁС
  • 22.06.2005
22 чэрвеня 2003 году памёр Васіль Быкаў – пісьменьнік, якога сёньня называюць сумленьнем беларускага народу. Прапануем Вашай увазе фрагмэнты інтэрвію Васіля Быкава з архіўных запісаў нашае службы.


ВАСІЛЬ БЫКАЎ ПРА БЕЛАРУСКІ ЛЁС


Я ніколі ня быў – ні на вайне, ні пасьля – ня быў членам Камуністычнай партыі, я быў заўсёды беспартыйным. У рамках Камуністычнай партыі, натуральна, якая можа быць незалежнасьць? Я пасад не займаў – такім чынам з працы мяне звольніць нельга было, і мне даволі было лёгка – ну, ня лёгка, крытыка была жахлівая, у шасьцідзесятыя гады напрыклад, – але я ўсё-такі лягчэй псіхалагічна для сябе, бяз гэтага псіхалагічнага крушэньня й драм праходзіў у жыцьці. Я хачу сказаць, што я ніколі не імкнуўся ў палітыку й не прэтэндаваў на нейкія ўладарныя пасады, але вот тут, калі распалася імпэрыя савецкая й калі была аб’яўлена Беларусь незалежнай дзяржавай, тут, канешна, я трапіў чыста па свайму грамадзянскаму сумленьню – як нацыянальны пісьменьнік – я трапіў ва ўлоньне Беларускага Народнага Фронту. І так атрымалася з самага пачатку – я выступіў супраць дыктатуры, пасьля вуступіў супраць Лукашэнка, каторы яшчэ ня быў прэзыдэнтам. Ну, канешна, усё гэта вызначыла яго адносіны да мяне, калі ён ужо стаў прэзыдэнтам. Ён адразу ўжо, так сказаць, пачаў уціск.

Літаратура знаходзіцца таксама ў крызысным стане. Перажывае катастрофу ва ўсіх сэнсах: гэта ідэалагічная катастрофа, гэта эканамічная катастрофа, гэта літаратурная катастрофа. І хаця, канешна, у нас ёсьць у літаратуры – я лічу, што даволі вырасьлі й разьвіліся вельмі моцныя літаратурныя сілы за гэты пэрыяд. Яны ёсьць, але ўмовы, у якія яны трапілі, так сказаць, мабыць, самыя вар’яцкія, такіх яшчэ не было ніколі. У аснове ўсякай культуры нацыянальнай ляжыць мова. А ў даным выпадку рэжым пазбаўляе нацыю й літаратуру яе роднай нацыянальнай мовы. Што можа быць горшае? Гэта катастрофа, каторая, можа быць, больш страшная, чым чарнобыльская, таму што чарнобыльская катастрофа, як вядома, у дачыненьні да Беларусі ахапіла адну пятую частку яе тэрыторыі, у той час як вот гэтая моўная катастрофа ахоплівае сто працэнтаў. І трэба сказаць, што ў гэтых умовах гэты моўны крызыс разьвіваецца вельмі пасьпяхова. Хаця ёсьць пэўныя высілкі спыніць нейкім чынам, захаваць беларускасьць у галіне мовы. Гэтыя высілкі прыносяць пакуль што мала плёну, бо працэс асыміляцыйны, каторы накіроўваецца ўрадам, дыктатарам – і апроч таго зь вялікай падтрымкай Масквы, расейскай мовы, расейскай культуры – гэты працэс, канешна, катастрафічны.

Ключавы гістарычны момант, ня толькі Беларусі, а кожнай нацыі – гэта нацыянальны сувэрэнітэт, гэта сувэрэнная дзяржава. У ёй заключаны ўсе адказы на ўсе такія балючыя пытаньні. Калі гэта будзе ажыцьцёўлена ў наш час, гэтая нацыянальная дзяржаўная незалежнасьць – зьявяцца аб’ектыўныя гістарычныя, эканамічныя й розныя іншыя ўмовы для нацыянальнага культурніцкага разьвіцьця. Калі ж гэтага ня будзе, калі дзяржава будзе зьнішчана, калі Беларусь стане чарговай правінцыяй, так сказаць, расейскай імперыі, вельмі хутка ня стане нічога, ня стане беларускай культуры. Для мяне гэта абсалютна ясна, таму што слабая беларуская самасьвядомасьць і не сказаць каб магутная беларуская культура магла вытрымаць гэтую вялізную, магутную атлантычную хвалю мас культуры, каторыя насоўваюцца з Захаду, і таксама гэты дзяржаўніцкі таталітарны русыфікацыйны ўплыў, каторы йдзе з Усходу. Гэта неверагодна, каб Беларусь гэта вытрымала.

Ня толькі пісьменьнік, але й кожны грамадзянін павінен жыць на сваёй радзіме. Гэта яго боскае, чалавечае й яго грамадзянскае права, і нідзе яму не бывае лепш, чым на радзіме, але бываюць такія выпадкі, калі на радзіме ён або ня можа існаваць фізычна, як вот тыя людзі, каторыя ў турме, каторыя зьніклі, каторых зьнішчылі, або ён там не знаходзіць, так сказаць – літаратар, дапусьцім, мастак – не знаходзіць пэўнага душэўнага спакою для таго, каб займацца сваёй творчасьцю. Таму што ў такіх умовах, у каторых я там апунуўся за мой кароткі час, канешна, пісаць немагчыма. Гэта можна дайсьці да нейкага вар’яцтва псіхалагічнага, так сказаць, або скончыць самагубствам, або сьпіцца.

Бывае сумна, бывае й нудна – гэта само сабою, канешна. Я ж усё-такі маю намер туды прыяжджаць, бо там жывуць мае дзеці, унукі, там брат, сястра жывуць, прысутнасьць каторых мне важная, і мне хочацца зь імі бачыцца. Ды й сябры таксама! Ну, але ўсё-такі пакуль што, хаця зь перашкодамі, сувязь гэтая ажыцьцяўляецца. Хаця, скажам, лісты прыходзяць да мяне (і мае туды) зь вялікім спазьненьнем: па два тыдні йдуць з Бэрліна дапусьцім у Менск лісты. Гэта, я ведаю, гэтая справа сьведчыць толькі пра адно, што ў спэцслужбаў малыя штаты, і яны не пасьпяваюць пералюстраваць тое, што ў іх накопліваецца, таму вялікая чарга.

Апрача таго ёсьць радыё, у тым ліку вот і Беларсукая служба Польскага радыё, каторую я слухаю зь вялікай удзячнасьцю за аб’ектыўнае асьвятленьне палітычнага становішча ў Беларусі. Таксама ёсьць Радыё Свабода, таксама Беларуская служба. Ёсьць апроч таго яшчэ й „Deutsche Welle”, ёсьць BBC, так што, што тычыць інфармацыі, я б сказаў, што яе хапае – інфармацыі з мае радзімы, або пра маю радзіму, тут яна ёсьць.

Я даў тут даволі багатыя інтэрвію ў газэтах і тэлевізіі, і радыё. Якраз пазаўчора карэспандэнт Нямецкай Хвалі мяне запісваў. Так што цікавяцца, канешна, сродкі масавай інфармацыі цікавяцца, часопіс „Spiegel” часта друкуе – канешна, ня так, як бы хацелася, але ўсё такі час ад часу друкуе матэрыялы пра Беларусь, ну й некаторыя іншыя часопісы.

У мяне, праўда, кантакты з Польшчаю якраз не такія, як хацелася б, хаця мая жонка па-польску гаворыць, у яе польскія карані ёсьць, але так атрымалася, што зь Нямеччынай у мяне кантакты рэгулярныя на працягу многіх гадоў, а ў Польшчы я толькі быў праездам. Адзін раз я ўсяго толькі быў – некалі прыяжджаў з урадавай дэлегацыяй, калі ў нас кіраваў дзяржавай Шушкевіч. Але тым ня менш я ведаю, як цяпер Польшча стала бліжэйшым апірышчам беларускай апазыцыі. Гэта, канешна, выдатна. Яна прытуліла Зянона Пазьняка. Гэта вельмі добра. Я вельмі рады, што ён знайшоў тут гэтае сваё прыбежышча, а не, скажам, не за акіянам. Гэта дзякуй польскаму ўраду за гэта.

Справа ў тым, што ў Расеі ўсё-такі ёсьць – дагэтуль былі, цяпер я ўжо ня знаю, сумняваюся ў гэтым – але дагэтуль былі сярод інтэлігенцыі пэўныя дэмакратычныя погляды некаторых інтэлектуалаў, каторыя мяне падтрымлівалі з савецкіх часоў, і я іх таксама падтрымліваў. Я доўгі час супрацоўнічаў з маскоўскімі дэмакратычнымі выданьнямі, я там друкаваўся, пагэтаму там была падтрымка. Але пасьля таго, як у мяне атрымалася, так сказаць, разыходжаньне з Лукашэнкам, ён прыняў цэлы рад акцый па дыскрэдытацыі Быкава. Самая такая была агідная дыскрэдытацыя – яна заключалася ў тым, каб Быкава прадставіць агалцелым нацыяналістам. Так вот была пушчана такая плётка пра тое, што Быкаў нацыяналіст і дамагаецца такім чынам разбурэньня Расейскай імпэрыі, аддзяленьня сугуба расейскіх земляў ад Расеі, ну й ад Польшчы таксама, каб палякі мяне таксама зьненавідзелі. Так вот, я скажу, што гэтая акцыя прынесла пэўны плён. Шмат якія расейскія літаратары зь ліку дэмакратаў і маіх сяброў выступілі супраць мяне як беларускага нацыяналіста, каторы падрывае цэльнасьць расейскай дзяржавы, паверыўшы Лукашэнку, а не паверыўшы мне.

Мне цяжка сказаць. Канешна, на Захадзе жыць лягчэй, болей камфортна – гэта вядома, але ўсё-такі я сюды зьехаў толькі таму, што я хачу скончыць мае некаторыя літаратурныя праекты, бо там я іх скончыць не магу, перш за ўсё па палітычных прычынах, таму ушто там, скажу, праз паўтара гады, якіх я ня быў у Беларусі, і прыехаў з Хельсінкі ў Менск, адразу ж у студзені пачалася ва ўсіх сродках масавай інфармацыі: па тэлевізару, па радыё, у газэтах пачалася траўля. Цэлы шэраг аўтараў, пісьменьнікаў – і ня толькі – палітыкаў, саветнікаў прэзыдэнта, там зь яго адміністрацыі пачалі даказваць народу, які Быкаў кепскі пісьменьнік, непатрыёт, наогул – вораг народа. А ў нас жа ведаеце, на бытавым узроўні ўсё гэта адгукаецца. І я зразумеў, што вельмі хутка са мной можа здарыцца тое, што здарылася ў нас зь некаторымі парламентарыямі й былымі экс-міністрамі, каторыя зьніклі наогул, а другія селі ў турму, і іх судзілі за абсалютна прыдуманыя крымінальныя злачынствы, хаця, на самай справе, прычыны іх зьняволеньня й іх зьнікненьня былі сугуба палітычныя – нязгода з прэзыдэнтам.

Ну, увогуле ў прыродзе гэта вядома, калі перад сваім канцом нейкі арганізм напружвае ўсе свае сілы й дамагаецца нейкіх вынікаў, каторых немагчыма было дабіцца раней. У нас прыкладна нешта такое атрымалася зь літаратурай. К канцу XX стагодзьдзя беларуская літаратура дамаглася вельмі значных вынікаў. Але сытуацуыя і ўнутры краіны – і ня толькі ўнутры – і за яе межамі, хоць бы сытуацыя сусьветнай культуры, як вядома, не спрыяе разьвіцьцю нашай. Усё-такі ў нас літаратура рэалістычная, а той постмадэрнізм, каторы цяпер ахапіў Эўропу, ён, канешне, ня йдзе на карысьць таксама беларускай літаратуры. Чытаюць усё менш. І хаця ў нас – ну, па крайняй меры да гэтага часу – былі даволі добрыя бібліятэкі, і нават у вёсцы, і імі маглі б карыстацца шмат якія слаі насельніцтва, але не карысталіся, таму што патрэба, відаць, у гэтым была абмежаваная – у літаратуры. А насельніцтва, чытачы, трапіўшы ў бяздонную, так сказаць, эканамічную крызу, канешна, перасталі купляць, наогул перасталі купляць кнігі.