• Дзяды – беларускі народны абрад
  • 02.11.2005

Ушанаваньне памяці памерлых характарызавалася ў Беларусі тэрміналягічнай разнароднасьцю: Задушны дзень, Задушкі, Памінальны дзень, Памінкі, Сьвята памерлых, Радуніца, Радаўніца, урэшце Дзяды. Дзяды зьяўляюцца найбольш распаўсюджаным тэрмінам на азначэньне ўрачыстасьцяў, зьвязаных з ушнаваньнем памерлых.

Карані гэтага абраду, несумненна, зьвязаныя з паганскай мінуўшчынай. Істота Дзядоў вынікае з культу продкаў, які моцна распаўсюджаны ў традыцыі ўсіх славянскіх народаў. Боязь памерлых і перакананьне аб іх дрэнным альбо добрым узьдзеяньні на жывых адыгрывалі істотную ролю ў вераваньнях крывічоў і дрыгавічоў – плямёнаў, на аснове якіх уфармавалася беларуская нацыянальнасьць.

Памінальны дзень, званы ў Беларусі Дзядамі, меў быццам нэўтралізаваць тых памерлых, якія жывым перашкаджалі, і падтрымаць тых, што адносіліся да жывых добразычліва.

У Беларусі Дзядамі называлі ўсіх памерлых, незалежна ад колькасьці пражытых імі гадоў, у тым ліку таксама дзяцей і немаўлят.

Сьвята Дзяды можна падзяліць на царкоўна-магілкавы абрад і абрад сямейны. Царкоўна-магілкавы абрад рэалізуецца з удзелам сьвятара. У часе царкоўнага набажэнства сьвятар называе імёны тых памерлых, якія падаюць яму паасобныя прыхаджане. Пасьля царкоўнага рытуалу сьвятар, альбо некалькі сьвятароў накіроўваюцца на мясцовыя могілкі, дзе духоўныя затрымліваюцца пры кожнай магіле, сьпяваюць рэлігійныя формулы й сьвяцяць магілу. У тэкст гэтых формулаў уплятаюць імёны тых пакойнікаў, якія ляжаць у дадзеных магілах. Урачыстасьць заканчваецца цалаваньнем крыжа ўсімі прысутнымі – роднымі й сваякамі памерлага.

Сямейны рытуал Дзядоў больш свабодны й мае сельскі характар. Асабліва ў мінуўшчыне прытрымліваліся традыцыі. Цэлы рытуал складаўся з урачыстага пачастунку, у тракце якога падавалі на стол няцотную колькасьць страваў: 5, 7, 9, альбо 11. Дзеля гэтага калолі парасят, рэзалі гусей ці авечак. Абавязкова ставілі на стол пустую міску й клалі лыжку, прызначаную для апошняга ў дадзенай хаце пакойніка. У многіх раёнах Беларусі пасьля пачастунку не прыбіралі стала і ўсё пакідалі на ім да наступнага дня. У адну пасудзіну клалі па лыжцы ўсіх страваў. Пасудзіну гэтую, а таксама чарку гарэлкі, пакідалі на стале на ўсю ноч. Вынікала гэта з перакананьня, што памерлыя ноччу наведаюць хату й пачастуюцца ежай.

Традыцыя багатага стала ў дзень Дзядоў знайшла адлюстраваньне ў беларускіх прыказках:

Наеўся як на Дзяды,
Пацярпі безь яды – пачакай на Дзяды,
На Дзяды многа яды.


Беларускае насельніцтва ўсходняй Беласточчыны адзначала й адзначае дзень Дзядоў у розныя поры году: вясною, летам альбо восеньню. Залежыць гэта ад традыцыяў у дадзеным царкоўным прыходзе. Такое часовае разрозьненьне мае некалькі пазытыўных аспэктаў. Дзякуючы яму, у адзін прыход можа прыехаць некалькі сьвятароў з суседніх прыходаў. Карысна гэта й для тых беларусаў, якія маюць родных, пахаваных на розных могілках.

У беларускім фальклёры ўсходняй Беласточчыны выступае многа фактаў, якія сьведчаць пра тое, што ў вераваньнях, зьвязаных з памерлымі, засталося вельмі многа паганскіх элемэнтаў. Элемэнты гэтыя перапляліся з хрысьціянскімі й стварылі цікавую абрадавую мазайку.

Абрад Дзядоў атрымаў шырокую характарыстыку ў працах такіх фальклярыстаў, як Шэйн, Раманаў, Карскі, Грынблат. Быў ён таксама выкарыстаны Адамам Міцкевічам у п’есе Дзяды і Янкам Купалам у паэме Яна і я.

Дзяды гэта праява даўняга культу продкаў, які зьяўляецца сьведчаньнем прыгожага ўшанаваньня тых, хто пакінуў жыцьцё. Дзяды гэта сьвята, якому спадарожнічае задуменьне над сэнсам чалавечага жыцьця, рэфлексійная кантэмпляцыя ды парадакаваньне магілаў.

Мы зыдземся ў дзень Дзядоў адвечных,
Няхай ніхто з нас не астанецца галодны.
Палічым, хто душу зьбярог, а хто яе скалечыў.
Быць можа, можна і ня жыць, але памерці – неабходна.


Алесь Барскі