• Паклон малой айчыне Алеся Барскага
  • 02.11.2005

Алесь Барскі (Аляксандар Баршчэўскі) нарадзіўся 75 гадоў таму – 2 лістапада 1930 году ў вёсцы Бандары, разьмешчанай у паўночна-заходняй частцы Белавескай пушчы. У 1955 годзе ён закончыў факультэт расейскай філялёгіі ў Лодзкім унівэрсытэце і годам пазьней пачаў працаваць у Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, якою кіраваў 29 гадоў – да мінулага году, а й сёньня, выйшаўшы на пэнсію, надалей працуе на Катэдры беларусістыкі ВУ. Зьяўляецца сябрам розных навуковых арганізацыяў: з 1993 году: сябра Міжнароднай акадэміі навук Эўразія ды намесьнік старшыні Асацыяцыі беларускіх фальклярыстаў; у гадох 1993-2004 кіраваў Польскім беларусазнаўчым таварыствам; у гадох 1995-2005 быў віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў; з 2002 году – сябра Міжнароднага Пэн Клюба.

Праф.А.Баршчэўскі – аўтар некалькіх навуковых кніг, м.ін. Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняй Беласточчыны (Беласток 1990), Ігнат Дварчанін – беларускі палітык і вучоны (Варшава 1990 – у суаўтарстве з А.Бэргман і Е.Тамашэўскім), Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы. 1958-1998 (Мінск 2001), Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1, (Варшава 2004).

Алесь Барскі – гэта таксама грамадзкі дзеяч – у гадох 1982-1990 быў старшынём Беларускага грамадзка-культурнага таварыства.

Істотнае месца ў ягонай працы займае перакладчыцкая дзейнасьць. Пераклаў на польскую мову ўкраінскія казкі Зачараваныя колеры стэпу ды два тамы беларускай народнай прозы Чартоўская скрыпка й Нявычарпаны збан. Перакладаў таксама творы Я.Купалы, В.Віткі, А.Пысіна, В.Лукшы.

Як паэт Алесь Барскі дэбютаваў у 1959 годзе на старонках беластоцкага тыднёвіка „Ніва”. Апублікаваў 6 паэтычных зборнікаў: Белавежскія матывы, Жнівень слоў, Мой бераг, Блізкасьць далёкага, Лірычны пульс, Настальгіі ў перакладзе на польскую мову Чэслава Сэнюха. З 1971 году ён зьяўляецца сябрам Саюзу польскіх пісьменьнікаў, а з 2002 году – сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У гадох 1959-1980 быў старшынём Беларускага літаб’яднаньня „Белавежа”.

Творчасьць Алеся Барскага, якая праходзіць праз розныя фазы й перажывае розныя захапленьні, у пэўным сэнсе аднародная, і гэта з прычыны паўтарэньня матываў. Мабыць, найважнейшы сярод іх – стасунак да мінуўшчыны: памяць і ўспаміны, якія зьяўляюцца аднымі з найбольш істотных чыньнікаў, што кшталтуюць уяўленьне й літаратурную сьвядомасьць. Крышталізацыйным цэнтрам даволі вялікай колькасьці вершаў зьяўляецца таксама матыў айчыны як вартасьці асноўнай і непадважальнай. Таму тэматычную дамінанту найбольш істотных тэкстаў складае матыў дарогі, на якой рэалізуецца шлях вандраваньня да айчыны.

Лірыка Барскага акрэсьліваецца колам справаў, непасрэдна спазнаных ім у сваім жыцьці. Часта згадваючы вясковае асяродзьдзе, у якім праходзіла ягонае дзяцінства, паэт нібыта міталягізуе людзей, прадметы ды падзеі. Асабліва постаці бацькоў паяўляюцца ва ўзьнёслай атмасфэры. Гэтакім спосабам паэт прызнаецца ў вернасьці спадчыне пэўнай сыстэмы каштоўнасьцяў.

Барскі – гэта лірык, закаханы ў даўнюю вёску, амаль яе вязень, і таму вельмі часта вяртаецца ў ягоных творах матыў лёсу інтэлігента сялянскага паходжаньня. Ён захоўвае памяць страчанага дзяцінства, падрабязна адбудоўвае ў сваёй паэзіі краявід розных мясьцін і памяць аб людзях, сустрэтых у маладосьці. Ягоная творчасьць існуе не па-за жыцьцём, але поўнасьцю акунаецца ў яго. Яна стварае свайго роду адрэзкі ўсяе біяграфіі. Краявід, звычаі, формы існаваньня адзінкі й сукупнасьці ды традыцыя – гэта ў паэта ўласная, асвоеная сфэра прыроды й культуры, якую ён хоча як наглыбей спазнаць і як найдакладней выявіць мовай мастацкіх сродкаў.

Перажываньне прыроды – гэта адна з галоўных крыніц рэфлексіі ды адначасова прычына мэдытацыі над біялягічнымі формамі існаваньня. У ягонай паэзіі назіраецца захапленьне амаль усімі формамі прыгажосьці сьвету.

У многіх творах паэт выразна бунтуецца супраць цывілізацыйнага прагрэсу, бачыць ягоныя адмоўныя вынікі: мэханізацыю чалавечага жыцьця, абмежаваньне пазнаньня й адчуваньня рэчаіснасьці. Аднак ён не адварочваецца ад сучаснасьці, ад праблемаў сёньняшняга дня, але часта бачыць іх праз прызму мінулых вякоў.

Алесь Барскі дае нам таксама шэраг твораў, якія належаць да гэтак званай лірыкі каханьня, і лёгка можна заўважыць разнароднасьць у спосабе канкрэтызацыі каханьня. Гэта цёплая й радасная любоў да кожнай істоты; гэта шалёнае каханьне, поўнае экстатычнага захапленьня жанчынай; гэта каханьне, якое хоча спазнаць сэнс існаваньня і якое хоча зберагаць.

У многіх творах паэт паказвае таксама праблемы й цяжкасьці ўласнай паэзіі, якая – калі хоча адлюстраваць сьвядомасьць існаваньня словамі – часта нараджае пачуцьцё прыніжаючай бездапаможнасьці. Паэзія Алеся Барскага спалучае розныя гарачыя пачуцьці, прыгажосьць сьвету й цёмныя бакі ўпадніцкіх настрояў. Тое, што асабістае, аб’ядноўваецца з тым, што вечна трывалае.

Паэт часта адкідае каноны нарматыўнай паэзіі, стараецца, каб мастацкі верш быў элястычным, не захоўваў мэтрычнай і страфічнай правільнасьці, пазьбягаў апісальнасьці й дэкаратыўнасьці. Затое ён стварае стыль выказваньня, які непарыўна зьвязаны з уласанй канцэпцыяй сьвету, чалавека ды іх узаемаадносінаў.

На падставе публікацыі Бэаты СівэкАлесь Барскі. Паклон малой айчыне, Мінск 2001, 34 с.