• Як абараняць беларускую мову перад русыфікацыяй?
  • 10.11.2005
Прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія шмат увагі прысьвячалі агляду русыфікацыйных працэсаў у беларускай мове, ня толькі паведамлялі пра гэта на старонках эміграцыйнага друку, але таксама шукалі спосабаў супрацьдзеяньня яму, спосабаў абароны беларускае мовы перад русыфікацыяй.

Станіслаў Станкевіч, пазнаёміўшы чытачоў газэты „Бацькаўшчына” з мэтамі правядзеньня рэформы беларускага правапісу ў 1933 годзе, у далейшай частцы публікацыі заняўся абмеркаваньнем мэтадаў супрацьдзеяньня ейным вынікам.

„У вагульным працэсе змаганьня з паходам расейскага бальшавізму на зьнішчэньне беларускае мовы адкідаць прывіваныя і ўжо прывітыя нашай мове русыцызмы – яшчэ мала. Гэтае змаганьне будзе мець свой належны эфэкт тады, калі мы, адкідаючы ўсе расейскія напластаваньні, прымусова нашай мове накінутыя, будзем адначасна рупліва культываваць і разьвіваць усе тыя асаблівасьці, якія, будучы тыпова беларускімі, адначасна адрозьніваюць нашую мову ад мовы расейскай. Баяцца бальшавікі ў сваім русыфікатарскім шале «штучнай» (чытай – «натуральнай») бар’еры між беларускай і расейскай мовамі, значыцца, мы павінны «бар’еру» гэтую разбудоўваць і паглыбляць. Баяцца яны «мясцовых правінцыяналізмаў», «штучных наватвораў» і «незразумелых архаізмаў», мы павінны якраз і ўзбагачаць імі нашую мову.” (У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 104-105, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, с. 6)

У кожнай мове выступаюць словы, якія маюць адназначнае ці блізказначнае значэньне. Сярод групы такіх сынонімаў С. Станкевіч раіць выбіраць тыя лексэмы, якія найбольш падкрэсьліваюць самабытны характар беларускае мовы й аддаляюць яе ад „вялікай мовы братняга рускага народу”. І таму перавагу раіць аддаваць такім словам, як напрыклад: сёлета, летась, пазалетась, налета, таму што яны зьяўляюццца тыпова беларускімі ды нязнаныя другім славянскім народам.

У галіне марфалёгіі й словаўтварэньня побач з займеньнікамі яго, яе, іх шырока распаўсюджаныя таксама займеньнікі з суфіксам -н-: ягоны, ейны, іхны. У сувязі з тым, што формы з суфіксам -н- не выступаюць у мовах суседзяў – ні ў польскай, ні ў расейскай – варта даваць ім перавагу ў беларускай мове.

Можна ўзяць яшчэ прыклад і з сынтаксісу. Па-беларуску можна сказаць: брат большы ад сястры дыбрат большы за сястру. Спосаб параўнаньня пры дапамозе злучніка за ў беларускай народнай мове больш пашыраны, а паколькі адсутнічае ён у мове расейскай, дык быў выкінуты зь беларускай літаратурнай мовы ў БССР. Сёньня варта выкарыстоўваць менавіта канструкцыі з злучнікам за як больш тыповыя для беларускае мовы.

Іншы прыклад з галіны сынтаксісу. З наступных словазлучэньняў: кніжка для навучаньня чытаньня па-беларуску, кніжка для навучаньня чытаць па-беларуску і кніжка вучыцца чытаць па-беларуску трэба выбраць апошні сказ як найбольш характэрны для беларускае мовы – раіць С. Станкевіч.

У працэсе абароны роднае мовы перад русыфікацыяй вялікую ролю выконвае таксама й правапіс – умоўны спосаб перадаваньня на пісьме вымовы паасобных словаў.

„Правапіс, як ведама, зьяўляецца ў гэтым сэнсе бадай што без значэньня ў мовах, якім не пагражае асыміляцыя (...) Затое ўсе тыя мовы, якія бароняцца перад чужой асыміляцыяй, імкнуцца да правапісу фанэтычнага, да перадаваньня на пісьме ўсіх адценьняў вымовы дадзенага слова.” (Тамсама, с. 7)

Сярод беларускіх адметнасьцяў Станіслаў Станкевіч раіць зьвяртаць увагу на наступныя:
- мяккае вымаўленьне прыназоўнікаў з ці без перад словамі, якія пачынаюцца мяккімі гукамі, напрыклад: безь мяне.
- паяўленьне прыстаўнога в перад пачатковым а, калі папярэджвае яго прыназоўнік у, напр. агонь – у вагні.

„У вабароне роднае мовы перад прымусовай русыфікацыяй мы павінны ня толькі адкідаць увесь той вонкавы пакост, якім засьмечваецца нашая мова (...), але ня ў меншай меры й рупліва культываваць, разьвіваць і пашыраць усе тыя ейныя тыповыя асаблівасьці, якія, з мэтаю гэтае русыфікацыі, зь беларускай мовы бязьлітасна выкідаюцца. Іншымі словамі, мы павінны рупіцца аб апрычонасьць нашай мовы й сьвядома паглыбляць розьніцы між ёй і мовай расейскай.” (Тамсама)

Ніна Баршчэўская