• Як абараняць беларускую мову перад русыфікацыяй?–2
  • 17.11.2005


Станіслаў Станкевіч піша пра існаваньне ў Беларусі двух варыянтаў беларускае мовы (Два варыянты беларускае мовы, у: „Беларус”, № 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 6). Мова мастацкай літаратуры значна адрозьніваецца ад мовы навуковай, тэхнічнай, палітычнай, а перадусім мовы пэрыядычнага друку. Яна, хоць таксама не пазбаўленая русыцызмаў, аднак значна чысьцейшая. У пісьменьніцкім асяродзьдзі нават зьявіўся асобны тэрмін дзеля акрэсьленьня мовы немастацкае літаратуры – газэтная мова.

„Гэтая газэтная мова, апрача вялікага мноства ў ёй слоўных запазычаньняў з расейскае мовы, свой сынтаксічны, стылёвы й фразэалягічны склад сьлепа калькуе з расейскае мовы. Гэтае калькаваньне асабліва выразнае ў тых газэтных артыкулах і матарыялах, што ў рэдакцыях перакладаюцца з расейскае мовы на беларускую.” (Тамсама )

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на падзел у пісьменьніцкім асяродзьдзі. Міхась Стральцоў, дзеля прыкладу, прапанаваў адысьці ад „дарэвалюцыйнае” беларускае мовы, якой пісалі пра вёску, і пачаць апісваць гарадзкое жыцьцё той моваю, якою гаворыць горад, значыць, расейска-беларускім жаргонам – заўважае С. Станкевіч. Аднак абаронцаў чысьціні беларускае мовы сярод пісьменьнікаў значна больш. Аляксей Кулакоўскі, у адказ Міхасю Стральцову, напісаў:

„Не, не падымацца нам трэба над беларускаю народнаю моваю, а наадварот – усё глыбей і глыбей апускацца ў яе нетры, усё сьмялей і стараньней вывучаць і выкарыстоўваць яе нявычарпальныя багацьці. Вядома, было-б няправільна, каб мы не заўважылі тых новых словаў, якія прыходзяць у беларускую літаратурную мову ў сувязі зь вялікім грамадзкім і тэхнічным прагрэсам. Яны ўзбагачаюць цяпер і што далей, то ўсё больш будуць узбагачаць нашу лексыку. Але ўзбагачэньне гэтае павінна адбывацца на народным грунце, на глебе таго нацыянальнага моўнага скарбу, які створаны чалавецтвам на працягу стагодзьдзяў. Шанаваць і бараніць чысьціню й самабытнасьць нашай беларускай мовы неабходна яшчэ й таму, што цяпер ужо й так наглядаецца некаторы адрыў літаратурнай мовы ад народнай. Асабліва гэтым вызначаецца мова нашых беларускіх газэт і радыя.” (Тамсама)

Газэта „Беларус” паклікаецца на выказваньне Рыгора Барадуліна пра страту гнуткасьці беларускай мовай. Рыгор Барадулін напісаў:

„Мова, якая сталася літаратурнай, паступова й незаўважна нівэлюецца, калі яна ня жывіцца народнай лексыкай, народнымі крыніцамі словатварэньня. Расейская мова пад уплывам газэтнікаў, радыё- й тэлежурналізму, канцылярскага ліставаньня, загадаў, цыркуляраў за апошні час моцна засушылася, зьбяднела. Выручаюць хіба што абласныя выразы, дыялекты. Беларускую мову ў сваю чаргу моцна закалькавалі, страціўшы народную гнуткасьць і рухомасьць слова. Даслоўна перакладаюцца цэлыя ідыёматычныя расейскія фразы, нават пагаворкі, прымаўкі.” (Мова: страта гнуткасьці, у: „Беларус”, № 338, Нью-Ёрк, жнівень 1987, с. 3)

З гэтымі русыцызмамі стараліся змагацца беларускія пісьменьнікі. Мова мастацкіх твораў значна адрозьніваецца ад мовы публіцыстыкі ды навукі – піша на старонках „Запісаў” Станіслаў Станкевіч.

„Аналізуючы мову мастацкай літаратуры, няцяжка заўважыць, як яна бароніцца перад накіданымі беларускай мове русыцызмамі і ўжывае іх у васноўным у тых выпадках, калі гэтыя русыцызмы сталіся ўжо агульна прынятымі, здабылі поўнае права грамадзянства й зусім выціснулі адпаведныя ім беларускія граматычныя формы й словы.” (Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 124)

Станкевіч прасачыў розныя выданьні тых самых мастацкіх твораў і прыйшоў да высновы, што пісьменьнікі ў перавыданьнях стараюцца ачысьціць ад русыцызмаў апублікаваныя раней, найчасьцей на старонках часопісаў, творы. Русыцызмы замяняюць тыпова беларускімі словамі.

Станіслаў Станкевіч пагаджаецца зь меркаваньнем беларускага літаратурнага крытыка ў вольным сьвеце Алеся Беразьняка, які напісаў:

„Лепшыя ды багатыя здабыткамі яшчэ нядаўна традыцыі беларускае літаратуры ў ейнай арыентацыі на ўзоры народнае мовы, на ейныя нацыянальныя асаблівасьці, на культуру й нацыянальную чысьціню літаратурнае мовы сяньня ў БССР мусова занядбаныя. Аснова разьвіцьця нацыянальнае літаратурнае мовы – мова народная ў сваёй першароднай някранутасьці чужароднымі ўплывамі абвяшчаецца аджылым і незразумелым правінцыялізмам. Да ўсяго гэтага прывяла нязьменная праз увесь час антынацыянальная палітыка бальшавікоў нівэляваньня беларускае літаратурнае мовы на расейскі ўзор, што разам з выгнаньнем зь беларускае літаратуры нацыянальнае праблематыкі пасьлядоўна й пэўна ськіроўвае яе ў правінцыянальнае адгалінаваньне літаратуры расейскай.” (Тамсама, с. 127-128, спасылка на: Алесь Беразьняк, Убітым шляхам сацыялістычнага рэалізму, у: Беларускі Зборнік Інстытуту Вывучэньня СССР, № 7, Мюнхэн 1957, с. 36)

Ніна Баршчэўская