• Як абараняць беларускую мову перад русыфікацыяй?–3
  • 24.11.2005


Эміграцыйны дасьледнік Станіслаў Станкевіч адначае, што ў захаваньні беларускае мовы ды ў ейнай абароне перад русыфікацыяй асабліва вялікая роля беларускіх пісьменьнікаў. Яны сыстэматычна стараюцца, па меры магчымасьцяў, пісаць чыстай беларускай мовай ды выходзяць зь ініцыятывай беспасярэдняга абмеркаваньня пытаньня чысьціні мовы, ейнае культуры й ейнага вяртаньня да народных моўных крыніцаў. Выходзячы з фармулёўкі Ф. Янкоўскага, што „абыякавасць да мовы – абыякавасць да народу й яго культуры” (Абыякавасць да роднага слова, у: „Літаратура і Мастацтва”, № 38, Мінск, 11 траўня 1957), пытаньне мовы расшыраецца на ўсе дзялянкі беларускае культуры. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 130-131)

С. Станкевіч прыводзіць цэлы шэраг выказваньняў у абарону беларускае мовы розных пісьменьнікаў ды мовазнаўцаў:

Янкі Скрыгана – „Ведаць мову – знача ведаць законы яе будаваньня, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводля законаў гэтай мовы, пабудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна да гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цьвёрдыя, мяккія, уласьцівыя гучаньню гэтае мовы. Ведаць мову – гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ.” (Тамсама, с. 131, спасылка на: Я. Скрыган, Думкі аб мове, „Літаратура і Мастацтва”, № 38, Мінск, 11 траўня 1957)

Алеся Адамовіча – „Літаратурная беларуская мова за апошнія дзесяцігодзьдзі стала больш нармалізаванай, узбагацілася лексычна. І тое, што літаратурная «кніжная» мова стала больш адрозьнівацца ад гутарковай – зусім заканамерна. Але гэта не азначае, што нармалізаваная літаратурная мова павінна быць пазбаўленая бытавых, народных і навет мясцовых хварбаў, што яна можа нагадваць «перакладную» мову. Дысталяваная вада хоць і чыстая, але мала прыемная на смак.” (Тамсама, с. 132, спасылка на: А. Адамовіч, Багацце творчых індывідуальнасцяў, „Літаратура і Мастацтва”, № 21, Мінск, 13 сакавіка 1957)

Максіма Лужаніна – „Далейшае разьвіцьцё нашай культуры самым цесным чынам зьвязана з разьвіцьцём і пашырэньнем беларускай мовы. Нажаль, некаторыя нашы таварышы па творчай рабоце, мастакі, артысты, кампазытары, людзі, чыё ўсё жыцьцё зьвязана зь беларускай культурай, вельмі часта ня ўжываюць мовы народу. А ці можна стварыць нацыянальную культуру, не валодаючы ў дасканаласьці мовай народу?” (Тамсама, с. 132, спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, № 88, Мінск, 2 лістапада 1957)

Е. Ермаловіча – „Нераспрацаванасьць літаратурных нормаў часта прыводзіць да таго, што ў нас часамі лічаць дыялектызмамі такія словы, якія ніколі ня былі імі і ня могуць быць навет з пункту погляду самых элемэнтарных патрабаваньняў лінгвістыкі...
Дзе шукаць мяжу паміж дыялектызмамі й літаратурнай мовай? Такой абсалютнай мяжы, бадай, і быць ня можа. Але калі слова мае беларускі ці агульнаславянскі корань, бытуе ў народзе, калі народ яго разумее ці навет зможа зразумець па самой прыродзе кораня, ня трэба нашым крытыкам, рэдактарам прыдзірліва адносіцца да яго. Гэта значна ўзбагаціць і пашырыць нашу лексыку, якая ў ніякім разе не абмяжоўваецца слоўнікам у восемдзесят тысяч слоў (алюзія да «Руска-беларускага слоўніка» з 1953 г. – С. С.), а разы ў два, а можа і ў тры багацейшая.”
(Тамсама, с. 133, спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, № 8, Мінск, 25 студзеня 1958)

Уладзіміра Юрэвіча – „Беларуская мова існуе не адно стагодзьдзе. І ў сучаснай літаратурнай мове мы сустрэнем шмат элемэнтаў, якія былі ўласьцівы мове XІX, XVІІІ і ранейшых стагодзьдзяў. Пісьменьнік ня мае права не зважаць на тыя традыцыі, якія складаліся стагодзьдзямі. Ігнараваць традыцыі – знача адрывацца ад народу. Калі, напрыклад, паслухацца некаторых «рэфарматараў» і адмовіцца ад фанэтычнага прынцыпу, на якім будуецца правапіс сучаснай беларускай мовы, – гэта будзе азначаць адыход ад традыцыі, што ляжыць у васнове агульнанароднай мовы і складае яе адметную асаблівасьць.” (Тамсама, спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, № 34, Мінск, 27 красавіка 1957)

С. Станкевіч піша, што ў многіх аўтараў гэтых выказваньняў падаюцца й канкрэтныя прыклады русыфікацыі беларускае мовы.

„Але літаральна ў ніводным выпадку гэтыя чужыя нашай мове элемэнты не называюцца сваім собскім іменем, як русыцызмы. Навет найбольш зыркія й зусім яшчэ ў беларускай мове сырыя русыцызмы абходзяцца навакольнай дарогай, і ў такіх выпадках звычайна, як можна было спасьцерагчы ў прыведзеных цытатах, гаворыцца, што «гэтак не гаворыць народ», гэта «не народнае слова», гэта «канцыляршчына», «кніжная мова», «перакладная мова» й пад. У савецкім лексыконе існуюць тэрміны «палянізмы», «гэрманізмы» й пад., але ня існуе слова «русыцызмы», бо русыцызм не разглядаецца, як чужы ў дадзенай мове элемэнт, але як зьява зусім натуральная й пажаданая, што спрыяе разьвіцьцю і ўзбагачаньню дадзенае нерасейскае мовы.” (Тамсама, с. 134)

Ніна Баршчэўская