• Уладзімер Караткевіч–пісьменьнік адважных пошукаў
  • 25.11.2005
Уладзімер Караткевіч, відаць, найбольш яркая постаць сярод беларускіх пісьменьнікаў паваеннага пэрыяду. Нарадзіўся ён 26 лістапада 1930 году ў Воршы ў сям’і служачага. Падчас Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў глыбіні Расеі, адкуль вярнуўся ў родны горад зараз жа пасьля яго вызваленьня ў 1944 годзе. Паваенны пэрыяд – гэта час безупыннага паглыбляньня ім адукацыі. Закончыўшы сярэднюю школу ў Воршы, паступіў ён на філялягічны факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэту, які закончыў ў 1954 годзе. Вярнуўшыся з Украіны ў Беларусь, распачаў настаўніцкую працу. Аднак у хуткім часе выехаў на вышэйшыя літаратурныя курсы й вышэйшыя курсы сцэнарыстаў у Маскву. Вярнуўшыся з Масквы, пасяліўся на пастаяннае жыхарства ў Менску.

Ужо ў 20-гадовым узросьце дэбютаваў як паэт на старонках беларускіх газэт і штомесячніка „Полымя”. Выдаў зборнікі вершаў: Матчына душа, Вячэрнія ветразі, Мая Ільяда і Быў, ёсьць , буду.

Паралельна з паэзіяй, Уладзімер Караткевіч займаўся таксама прозай. Выдаў цэлы шэраг такіх зборнікаў прозы, як, м.ін.: Блакіт і золата дня, Чазенія, Вока тайфуна, у якіх сьмела кранаў актуальныя грамадзка-палітычныя й маральна-этычныя пытаньні. Пры гэтым праяўляў глыбокае зацікаўленьне гістарычнай мінуўшчынай ў такіх аповесьцях, як: Зь вякоў мінулых, Хрыстос прызямліўся ў Гародні, Чорны Замак Альшанскі і ў знакамітым гістарычным рамане Каласы пад сярпом тваім.

Паэзія й проза Ўладзімера Караткевіча папаўнялася таксама шматлікімі ягонымі п’есамі й сцэнарамі. Увайшоў ён у гісторыю беларускай літаратуры як арыгінальны публіцыст і крытык.

Незалежна ад таго, за што браўся Ўладзімер Караткевіч, заўсёды ягоная літаратурная творчасьць адзначалася арыгінальнасьцю, сьмеласьцю й наватарствам. Агульныя дасягненьні пісьменьніка сталіся прычынаю таго, што многія зь беларускіх крытыкаў пачалі яго называць беларусім Сянкевічам. Магчыма, што такое акрэсьленьне было зроблена крыху навыраст, аднак так яно сталася не з прычыны недахопаў у яго таленце, а толькі з прычыны недахопу часу. Справа ў тым, што Ўладзімер Караткевіч пражыў усяго 54 гады й адышоў у росквіце сваіх творчых сіл 25 ліпеня 1984 году.

Варта адзначыць і тое, што ўжо ў юнацкія й студэнцкія гады У.Караткевіч быў рашучым ворагам сталінізму й дэманстрацыйна праяўляў сваю задаволенасьць з прычыны сьмерці тырана народаў, якая наступіла ў 1953 годзе, калі пісьменьнік вучыўся яшчэ ў Кіеўскім унівэрсытэце.

Уладзімер Караткевіч некалькі разоў наведваў Польшчу й за кожным разам пашыраў кола сваіх асабістых сяброў ды кола польскіх чытачоў, якія шчыра захапляліся шырынёю й глыбінёю ягонай паэзіі й прозы.

Адзначаючы сёньня 75-я ўгодкі з дня народзінаў У.Караткевіча, трэба падкрэсьліць унівэрсалізм яго творчасьці ды ягоную выключную сьмеласьць у пасьлядоўным пазнаваньні праўды як у індывідуальным, гэтак і ў агульнанцыянальным беларускім аспэкце.

Асаблівай увагі заслугоўваюць гістарычныя творы Караткевіча, у якіх пісьменьнік сьмела адклікаўся да тых эпізодаў зь мінуўшчыны беларускага народу, у якіх выступалі праявы абуджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці й спробы змаганьня за беларускія нацыянальныя інтарэсы. Зрэшты, гэтая ж тэматыка няраз праяўлялася таксама ў ягонай паэзіі, драматургіі й публіцыстыцы. Здаецца нам, што якраз гэтыя публіцыстычныя аспэкты творчай спадчыны пісьменьніка стануцца тым маральным магнітам, які будзе прыцягваць у будучыні ўсе маладыя сэрцы й душы, якія будуць змагацца за ахову сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі як у форме абароны нацыянальнай тоеснасьці, гэтак і ў форме змаганьня за беларускую незалежную дзяржаўнасьць ды за бытаваньне Беларусі сярод свабодных, дэмакратычных народаў і дзяржаваў сьвету.

Сёлета з нагоды 75-годзьдзя з дня народзінаў Уладзімера Караткевіча Аддзел культуры Аршанскага гарадзкога выканаўчага камітэту, Установа культуры „Музэйны комплекс гісторыі й культуры Аршаншчыны”, Музэй У.Караткевіча й Грамадзкае аб’яднаньне „Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” зладзілі Міжнародную навуковую канфэранцыю пад назовам „Значэньне творчасьці Ўладзімера Караткевіча ў кантэксьце эўрапейскіх культур”, якая праходзіць 25-26 лістапада ў Аршанскім гарадзкім Цнтры культуры.
Апрача Міжнароднай канфэрэнцыі ў праграме:
- адкрыцьцё выставы сябраў Віцебскага аддзяленьня Беларускага саюзу мастакоў, прысьвечанай У.Караткевічу,
- гарадзкі сьвяточны вечар з нагоды 75-годзьдзя з дня народзінаў У.Караткевіча,
- мітынг „Паклон вялікаму земляку” ля помніка У.Караткевічу ў Прыдняпроўскім парку,
- адкрыцьцё пастаяннадзеючай экспазыцыі Музэя У.Караткевіча.

Алесь Барскі, Ніна Баршчэўская