• Адам Міцкевіч і беларуская мова
  • 26.11.2005


150 гадоў таму памёр вялікі польскі пісьменьнік Адам Міцкевіч – ураджэнец беларускай зямлі. Пра сувязі Адама Міцкевіча зь беларускім краявідам і фальклёрам напісана шмат кніг і артыкулаў. Такія сувязі назіраюцца таксама ў галіне мовы – назіраюцца беларускія моўныя ўплывы ў творчасьці Адама Міцкевіча.


Адам Міцкевіч багата выкарыстоўваў у сваёй паэтычнай мове беларускія моўныя асаблівасьці, на што зьвяртае ўвагу эміграцыйны дасьледнік Станіслаў Станкевіч на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус”.

„Міцкевіч сьведама ўводзіў у сваю мову мноства беларускіх словаў, няведамых і ня ўжываных у мове польскай, захварбоўваў сваю мову беларускімі сынтаксычнымі канструкцыямі й марфалягічнымі элемэнтамі. Гэтае сьведамае захварбоўваньне беларускімі элемэнтамі свае польскае мовы із шкодаю для ейнае чысьціні выразна паказвае, як глыбока знаходзіўся Міцкевіч пад уплывам беларускай народнай стыхіі, перад уплывам гэтым ня толькі не бараніўся, але сьвядома яму падлягаў.”(Адам Міцкевіч. На 175-я ўгодкі ад нараджэння, у: „Беларус”, № 201, Нью-Ёрк, студзень 1974, с. 2)

Мовай Адама Міцкевіча цікавіўся таксама Вітаўт Тумаш, які пісаў пад псэўданімам Сымон Брага. На старонках нью-ёрскага часопіса „Конадні” была зьмешчаная ягоная публікацыя А. Міцкевіч – вялікі сын зямлі беларускай (№ 4, Нью-Ёрк 1955, с. 53-74), якая пазьней выйшла ў форме брашуры Міцькевіч і беларуская плынь польскае літаратуры, выдадзенай Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку (1957, 32 с.). У гэтым выданьні С. Брага значна пашырыў свае аналізы сувязяў польскага паэта з рознымі аспэктамі беларускае духоўнасьці. Адзін з разьдзелаў гэтай публікацыі прысьвяціў ён уплывам беларускае мовы на стылістыку Міцкевічаўскай паэзіі.

У апрацоўцы Міцькевіч і беларуская плынь польскае літаратуры С. Брага заўважае, што ў Міцкевіча часта беларускімі зьяўляюцца ня толькі сюжэтныя асновы твораў, ды фальклёрныя, бытавыя й прыродаапісальныя элемэнты.

„Шмат беларускага і ў Міцькевічавай польскай мове. Ужо само Міцькевічава прозьвішча чыста беларускае, бо паходзіць ад народнага імя Міцька, падобна як Хадкевіч ад Ходзька, Радкевіч ад Родзька і г. д. (...)

Беларуская мова, слоўнікавыя, марфалягічныя й сынтаксычныя элемэнты якой тарнаваліся Міцькевічам у польскай мове ягонай паэзіі сьведама й падсьведама, была добра Міцькевічу ведамая. Ведаў ён добра, зразумела, беларускую народную мову, знаў ды высака цаніў і старабеларускую кніжную мову.”
(Тамсама, с. 10; параўн.: Literatura Słowiańska wykładana w Kolegium Francuzkim przez Adama Mickiewicza, t. II, Poznań 1865, s. 12)


Вось зь якою пашанаю й прызнаньнем Адам Міцкевіч казаў пра беларускую мову канца XVІІ ст. у адной з сваіх лекцыяў пра славянскія літаратуры, прачытанай 21 студзеня 1842 году ў францускім Коледжы ў Парыжы:

„Славянская мова ў межах дзяржавы Пётры В. мела тры гутаркі: маскоўска-расейскую або паўночную, маларускую або паўдзённую, беларускую, заходнюю. Кажнаю з гэтых гутарак гаварыла блізу 10 міліёнаў жыхарства. Паўдзённая, найбольш зычная й музыкальная, ня была аднакжа на гэтулькі разьвітая, каб магла служыць пісьменству; заходняя, найбагацейшая, найчысьцейшая, што была некалі моваю двара й канцылярыі вялікіх князёў Літвы, выяўляла першараднае ўдасканаленьне; паўночная, адкінуўшы ад яе папсаваную мову колькі фінска-маскоўскіх правінцыяў, мела таксама вялікае багацьце першабытных элемэнтаў, дый ёй не ставала ўзвышанай прасьціні гаворкі літоўска-рускай дый тэй мілагучнасьцьі, якая свомая мове паўдзённай.” (Тамсама, с.11)

Натуральная рэч, што асабліва шмат беларускіх моўных элемэнтаў сустрэнем у пачатковай Міцкевічавай творчасьці з пары ягоных „балядаў і рамансаў”, калі Міцкевіч быў пад беспасярэднім узьдзеяньнем беларускага народнага навакольля й вуснай народнай творчасьці. Але знойдзем іх і ва ўсіх пазьнейшых ягоных творах, улучна з эміграцыйнымі. Вось прыклады некаторых беларускх словаў з „Пана Тадэвуша”, ягонага апошняга твора, напісанага на эміграцыі ў Парыжы й выдадзенага у 1834 годзе. Там, між іншым, знаходзім і такія чыста беларускія словы: bizun, bruśnice, chołodziec, czereda, derkacz, hołota, kaban, kotuch, kułak, lulka, pokucie, poruczyć, rańniejszy, rozhowory, skowroda, szurpaty, umurzany, uszak. (Тамсама)

У „Пану Тадэвушу” і ва ўсёй іншай Міцкевічавай літаратурнай спадчыне выступаюць такія тыповыя беларусізмы, як kupla замест польскага zakup; nadto замест bardzo; wszystko замест ciągle; tameczny замест tamtejszy; sini замест siny; łaszzcyć się замест łasić się і мноства іншых. (Тамсама)

Пададзеныя толькі некаторыя прыклады беларушчыны ў Міцкевічавай мове зь вялікай іх колькасьці сьведчаць пра тое, пад уплывамі якой моўнай стыхіі фармавалася песьнярова польская мова й сярод якога народу вырас ягоны паэтычны талент.

„Гэты беларускі калярыт пачаткова быў перашкодаю для адчуваньня і ўспрыманьня паэзіі Міцькевіча ў Польшчы сярод этнаграфічных Палякоў. Калі паявіўся першы зборнік Міцькевічавай паэзіі, варшаўскія літаратурныя крытыкі востра заатакавалі Міцькевіча. Яны ўсю паэзію віленскай групы рамантыкаў ахрысьцілі пагардлівым назовам «смаргоншчыны», а тварцоў яе ня менш пагардліва дражнілі «пінскімі галовамі».” (Тамсама, с. 12. Піша пра гэта Юзэф Каленбах у прадмове да кнігі: A. Mickiewicz, Pisma, t. III, Brody 1911)

А. Міцкевіч на дакоры варшаўскіх крытыкаў, што ён „псуе” польскую мову, адказаў:

„Вінавацілі мяне галоўна ў псаваньні польскага стылю ўводжаньнем правінцыялізмаў і чужых словаў. Прызнаюся, што ня толькі не высьцерагаюся правінцыялізмаў, але мо’ знарок іх ужываю.” (Тамсама, с. 13)

Ясна, што пад назовам «правінцыялізмаў» разумеюцца тутка не якія іншыя, а беларускія моўныя элемэнты Міцкевічавай паэзіі.

С. Брага заўважае, што доля беларускіх моўных элемэнтаў у творчасьці пісьменьнікаў беларускага паходжаньня была дваякая. Многія зь іх заставаліся толькі характэрнай асаблівасьцю мовы таго ці іншага пісьменьніка, і пазьней у польскай літаратурнай мове не прыжыліся. Іншыя былі з часам перанятыя ў польскую літаратурную мову, урасьлі ў яе назаўсёды й сталіся агульнапрынятымі запазычаньнямі з мовы беларускай. (Тамсама, с. 13-14)

Ніна Баршчэўская