• Як абараняць беларускую мову перад русыфікацыяй?–4
  • 01.12.2005
Адроджаная на пачатку XІX ст. сучасная беларуская мова разьвівалася на базе заходніх гаворак сярэдняга дыялекту, падобным чынам, як і старабеларуская мова, якая ўжо ў XV ст. сталася мовай літаратурнай і якая разьвівалася на базе паўночна-заходніх гаворак сярэдняга дыялекту (Я. Станкевіч, Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі, у: „Веда”, № 1 (28), Нью-Ёрк 1954, с. 5). Сучасная беларуская мова магла чэрпаць патрэбныя ёй словы й выразы з народнай мовы да пачатку 1930-х гадоў, да пачатку русыфікацыйнага курсу ў СССР. Пачынаючы ад гэтага часу асноўнай крыніцай разьвіцьця беларускае мовы сталася выключна мова расейская. Пры гэтым зь беларускай мовы выкідваліся тыя словы й формы, якія былі чужыя расейскай мове. Значыць, русыфікацыйны працэс ахапіў таксама той пэрыяд, калі беларуская мова магла разьвівацца згодна з сваёй народнай плыньню. Русыфікацыя закранула таксама інтэрнацыянальную лексыку, якая была пазычаная беларускай мовай з моваў заходніх і ў якой захоўваліся фанэтычныя й марфалягічныя рысы гэтых моваў. У 30-х гадох пачаў абавязваць прынцып, што іншамоўныя словы могуць запазычвацца толькі праз расейскую мову з захаваньнем усіх фанэтычных і марфалягічных прынцыпаў расейскае мовы.

„Такім парадкам савецкая моўная палітыка скіраваная на спыненьне адначасна двух раўналежных працэсаў нармальнага й прыроднага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы: ейнага базаваньня на беларускай народнай мове й ейнай арыентацыі на Захад у галіне прысвойваньня патрэбных інтэрнацыянальных словаў, прымусіўшы ў першым і другім выпадку арыентавацца вылучна на расейскую мову.” (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 136-137).

У сучаснай беларускай моваведзе асаблівы націск кладзецца на распрацоўваньне запасаў свае роднае мовы, як супрацьдзеяньне мэханічнаму ўводжаньню ў беларускую мову словаў чужых – заўважае часопіс „Навіны зь Беларусі” (Моўныя запазычаньні, у: „Навіны зь Беларусі”, № 13 (15), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1964, с. 2), падмацоўваючы гэтае сьцьвярджэньне цытатай з працы Фёдара Янкоўскага Пытанні культуры мовы:

„Лексычныя запазычаньні – іншы раз проста неабходнасьць для мовы. Калі ў той ці іншай мове няма слова для абазначэньня пэўнага прадмета ці паняцьця, то або ўзьнікае новае слова (наватвор), або запазычаецца слова зь іншай мовы. Але запазычаньню словаў павінны быць рамкі й межы. Увядзеньню ў літаратурную мову запазычаньняў пры наяўнасьці ўжо гатовага слова (вядомага ці ў народна-дыялектнай, ці ў літаратурнай мове) – гэта недаравальная абыякавасьць да роднай мовы, несьвядомае ці сьвядомае зьбядненьне й прыніжэньне роднай мовы.” (Тамсама, спасылка на: Ф. Янкоўскі, Пытанні культуры мовы, Мінск 1961, с. 11).

Запазычаньні з расейскае мовы ў слоўнікавым складзе беларускае мовы, паводле падлікаў М. І. Крукоўскага ў працы Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову (Мінск 1958), складаюць прыблізна 15-20%, зь якіх каля 13-15% замежнага ды інтэрнацыянальнага паходжаньня і 3-5% – расейскага паходжаньня – паведамляюць на старонках „Полымя” Міхаіл Булахаў і Мікалай Бірыла, а цытуе іх часопіс „Навіны зь Беларусі.” (Працэнт „запазычаньняў” з расейскае мовы, у: „Навіны зь Беларусі”, № 24 (119), Нью-Ёрк, 31 сьнежня 1968, с. 5; спасылка на: М. Булахаў, М. Бірыла, Запазычані з рускай мовы, у: „Полымя”, № 12, Мінск 1968, с. 169)

Гэты часопіс адзначае, што зь вялікай радасьцю быў сустрэты ўсімі, хто любіць роднае слова, новы разьдзел у газэце „Звязда” пад назовам Хварбы мовы. Прыводзіцца палеміка мовазнаўцаў Алеся Каўруса й Леаніда Бурака, якая датычыць пашырэньня ў беларускай мове канчатка для назоўнікаў ІІ скланеньня мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку. Вядома, што канчатак – гэта зьява старажытная й актуальная сёньня.

„Спробы пашырыць канчатак -а ў родным склоне ўжо рабіліся (рэформа 1933 г). Жыцьцё паказала поўную неабгрунтаванасьць такога мерапрыемства. Жывая мова разьвівалася, не мірылася з «гвалтам над рэформай». Вельмі правільна зрабілі аўтары ўдакладненьняў беларускага правапісу ў 1957 годзе, даўшы большую прастору канчатку –у ў родным склоне.” (Моўная дыскусія, у: „Навіны зь Беларусі”, № 17 (40), Нью-Ёрк, 15 верасьня 1965, с. 1; спасылка на: А. Каўрус, Хварбы мовы, у: „Звязда”, Мінск, 1 кастрычніка 1965)

Ніна Баршчэўская