• Як абараняць беларускую мову перад русыфікацыяй?–5
  • 07.12.2005
Беларуская эміграцыя ўважліва сачыла за ўсялякімі спробамі супраціву, выкліканымі абмежаванай сфэрай ужываньня роднае мовы на бацькаўшчыне, і паведамляла пра гэта беларусаў у эміграцыі.

Усхваляваныя доляй беларускае мовы, 28 дзеячоў культуры БССР 15 сьнежня 1986 году напісалі ліст Генэральнаму сакратару Цэнтральнага камітэту КПСС Міхаілу Гарбачову. Гэты ліст пераклала з расейскае мовы на беларускую й апублікавала газэта „Беларус”. (Ліст да Гарбачова, у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1, 8)

„Мова – душа народу, найвышэйшае выяўленьне ягонае культурнае самабытнасьці, аснова паўнавартаснага духовага існаваньня. Пакуль жыве родная мова, жыве, мае гістарычную пэрспэктыву і народ. З заняпадам мовы чэзьне, дэградуе культура, народ перастае існаваць як нацыянальны гістарычны арганізм, як бясцэнная складовая частка цывілізацыі.

Мова нашага народу прайшла доўгі й складаны шлях разьвіцьця. Былі ў яе пэрыяды і заняпаду і красаваньня. Яна мела статус дзяржаўнае мовы ў вялікай сярэднявечнай дзяржаве, горда прагучэла із старонак першае ўсходнеславянскае кнігі, дала сьвету цудоўныя ўзоры беларускае літаратуры.

А цяжкімі часінамі забаранялася ды ўсяляк прыніжалася прыгнятальнікамі – палянізатарамі й русыфікатарамі.”
(Тамсама, с. 1)

Аўтары ліста прыводзяць розныя пэрыяды ў разьвіцьці беларускае мовы ў ХХ стагодзьдзі: беларусізацыю 20-х гадоў, рэпрэсіі ў дачыненьні да нацыянальнае інтэлігенцыі ў 30-х гадох ды разбуральны працэс, нанесены апошняй вайною. Аднак, не зважаючы на ўсё гэта, да сярэдзіны 50-х гадоў існавала шырокая сетка школаў у роднай мове. Зь сярэдзіны 50-х гадоў пачалося інтэнсіўнае ліквідаваньне беларускіх школаў у гарадох ды перавод шэрагу пэрыядычных выданьняў у расейскую мову. Беларуская мова была выціснутая амаль з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця.

Аўтары ліста заўважаюць, што за апошнія дзесяцігодзьдзі гэты працэс паглыбіўся. Пішуць пра трагічную сытуацыю беларускага школьніцтва й кнігадрукаваньня. Практычна няма ў Беларусі таксама кінэматаграфіі ў роднай мове.

„Беларуская мова як рабочая мова і мова справаводзтва блізу ня ўжываецца ні ў партыйных, ні ў савецкіх, ні ў дзяржаўных органах і ўстановах рэспублікі. (...) Асобаў, якія карыстаюцца роднай мовай, цірэдчас аўтаматычна залічаюць у «нацыяналісты». Дзеля гэтага навет проста пасьлядоўнае карыстаньне беларускай мовай вымагае пэўнае грамадзянскае мужнасьці.” (Тамсама, с. 8)

Дзеля ратаваньня беларускага народу ад духовага выміраньня аўтары Ліста да Гарбачова ўважаюць за неабходнае ўвесьці беларускую мову ва ўсе сфэры жыцьця, а асабліва ў адукацыйную сыстэму.

Газэта „Беларус” бачыць недарэчнасьць у тым, што трэба прасіць кіраўнікоў свае краіны стварыць магчымасьці разьвіцьця роднае мовы. Ніякі цывілізаваны народ: ні немцы, ні французы, ні датчане, ні швэды, ні расейцы таксама ня мусяць прасіць сваіх уладаў дапамагчы патлумачыць грамадзтву ролю роднае мовы ў разьвіцьці нацыянальнае культуры, а беларусам „даводзіцца дамагацца ад уладаў «свае» рэспублікі дазволу на «выхаваньне павагі да беларускай мовы нароўні з рускай»...” (Беларушчына й „перабудова”, у: „Беларус”, № 341, Нью-Ёрк, лістапад 1987, с. 1)

25 студзеня 1990 году ў Менску напярэдадні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР, на якой разглядаўся праект аб дзяржаўным статусе беларускае мовы, адбыўся масавы мітынг, арганізаваны гарадзкой Радай Таварыства беларускае мовы. Было прапанавана прыняць у рэзалюцыі, што „мэтанакіраванае пазбаўленьне беларускага народу ягонае мовы было парушэньнем ленінскіх прынцыпаў нацыянальнае палітыкі, злачынствам супраць чалавецтва ды што камуністычная партыя павінна ня толькі ўзяць на сябе маральную адказнасьць за гэтае злачынства, але й прынародна асудзіць такую ганебную практыку асыміляцыі й генацыду ды што ўрады СССР і БССР павінны знайсьці сродкі для адраджэньня беларускай мовы і паляпшэньня моўнай сытуацыі ў рэспубліцы”. (Дэманстрацыя ў абарону мовы, у: „Беларус”, № 367, Нью-Ёрк, люты 1990, с. 1)