• Суіснаваньне двух правапісаў беларускае мовы
  • 15.12.2005

Сёньня суіснуюць два правапісы беларускае мовы: клясычны – тарашкевіца ды зрэфармаваны ў савецкі час – наркамаўка. Якія гэта выклікае камэнтары ў беларускім эміграцыйным друку?

Газэта „Беларус” паведамляе, як улады Рэспублікі Беларусь хацелі прыцягнуць да адказнасьці „Нашу Ніву”. Рэдакцыі газэты інкрымінавалася парушэньне агульнапрынятых моўных нормаў. Суд зьвярнуўся за дапамогай да беларускіх мовазнаўцаў. Усе запытаныя: член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Аляксандар Булыка, прафэсары Браніслаў Плотнікаў, Павел Сьцяцко, Генадзь Цыхун і загадчык Катэдры Белпэдунівэрсытэту Павел Міхайлаў адказалі, што, як з пункту гледжаньня навуковага, гэтак і юрыдычнага, тарашкевіца не парушае агульнапрынятых нормаў выкарыстоўванай мовы.

„Цяпер незалежніцкія акадэмічныя колы сумесна з практыкамі мовы (прадстаўнікамі беларускага незалежнага друку) павінны праявіць волю і, склікаўшы прадстаўнічы сход, прыняць адзіныя нормы тарашкевіцы, якія стануць падмуркам далейшага, вольнага разьвіцьця наше мовы.” (Дамінік Лось, Тры „не” беларускіх мовазнаўцаў – лукашызму, у: „Беларус”, № 457, Нью-Ёрк 1998, с. 1)

„Беларус” адзначае, што, па-першае, ні ў воднай дэмакратычнай краіне ня можа быць мовы пра зьяўленьне закону, якім рэглямэнтуецца мова недзяржаўнага выданьня, а тым больш вызначаецца, якія ўжываць формы словаў; па-другое, тарашкевіца – гэта цэласная сыстэма правапісных і граматычных нормаў, частка зь якіх была скасаваная рэформай 1933 году з мэтай набліжэньня беларускае мовы да расейскае, што прывяло да парушэньня яе цэласнасьці, традыцыі й агульнапрынятых нормаў; па-трэцяе, тарашкевіца ніколі не дазвалялася й не забаранялася, ня згадваецца пра гэта ні ў водным дакумэнце савецкіх часоў. З гэтага можа быць толькі адна выснова:

„Выкарыстаньне правапісна-граматычнага варыянту беларускай мовы, замацаванага граматыкай Браніслава Тарашкевіча, зьяўляецца матываваным, аб’ектыўным, навукова абгрунтаваным, традыцыйным і не супярэчыць ніводнаму зь існых законаў (калі наагул прызнаваць права рэгуляваньня падобных пытаньняў юрыдычнымі актамі).” (Судзяць беларускую мову , у: „Беларус”, № 456, Нью-Ёрк, жнівень 1998 с. 1)

У ацэнцы газэты „Беларус”, судовы працэс над „Нашай Нівай” трэба ўспрымаць як суд над беларушчынай, а ня толькі над мяккім знакам.

Гэты працэс заахвоціў газэту „Беларус” прыгадаць гісторыю станаўленьня правапісных нормаў беларускае мовы. Першай працай, у якой ставілася мэта ўрэгуляваць беларускі правапіс, стала Беларуская граматыка для школ Б. Тарашкевіча (выд. 1-5, Вільня 1918-1929. У 1943 годзе ў Менску выйшла выд. 6 Граматыкі з дапаўненьнямі й зьменамі, зробленымі Антонам Адамовічам, Антонам Лёсікам і К. Шкуцькам), што выйшла ў Вільні ў 1918 годзе. У ёй падсумоўваліся нормы й прынцыпы новай беларускай літаратурнай мовы, якія ўзьніклі ў працэсе практыкі пісьмовай мовы. Чарговыя спробы ўдакладненьня беларускага правапісу зрабілі Язэп Лёсік (Практычная граматыка беларускае мовы, выд. 1-8, Менск 1921-1929: 1924 – Беларуская мова. Пачатковая граматыка, 1925 – Пачатковая граматыка, 1926 – Школьная граматыка беларускае мовы; Беларуская мова. Правапіс, Менск, 1924, 2 выд. 1925 – Беларускі правапіс) і Радаслаў Астроўскі (Беларускі правапіс, Вільня 1925). У часе беларусізацыі, у 1926 годзе была скліканая прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя, на якой абмяркоўваліся складаныя пытаньні правапісу. Многія граматыкі перавыдаваліся: Б. Тарашкевіча – 5 разоў, Я. Лёсіка – 8 разоў. У 1933 годзе камуністычныя ўлады правялі рэформу беларускага правапісу, якая прывяла да зрусыфікаваньня беларускае мовы. Беларусы на эміграцыі не прынялі накінутай Масквою рэформы. Ніводнае выданьне, якое паявілася ў Вольным Сьвеце, не карысталася наркамаўкай. Такім чынам існаваў працяг ужываньня тарашкевіцы. У Беларусі тарашкевіца паявілася зноў у 1980-х гадох. На пачатку 1990-х гадоў нават некаторыя дзяржаўныя выдавецтвы пачалі выпускаць кнігі тарашкевіцаю.

„Пачала высьпяваць патрэба афіцыйнага прызнаньня тарашкевіцы за адзіны варыянт беларускага правапісу. Аднак гэтым плянам перашкодзіла спраўдзіцца прарасейскае кіраўніцтва краіны.” (Зьм. Саўка, Неўрэгуляваныя выпадкі правапісу, у: „Беларус”, № 456, Нью-Ёрк, жнівень 1998, с. 5)

Зьміцер Саўка заўважае, што і ў Беларусі, і на эміграцыі, тарашкевіца была істотным чынам мадыфікаваная, і на сёньняшні дзень ніводнае выданьне не трымаецца клясычнай тарашкевіцы. У гэтым аўтар бачыць звычайную праяву жыцьця:

„Кожная мова разьвіваецца, і зьмены ў мове сьведчаць найперш пра тое, што гэта жывая зьява. Важна толькі, каб гэтае разьвіцьцё было свабодным, натуральным.” (Тамсама )

Нягледзячы на афіцыйнае непрызнаваньне ў Беларусі клясычнага правапісу беларускае мовы, усё больш мастацкіх твораў і навуковых працаў выдаецца на тарашкевіцы – правапісе, які значна лепш за наркамаўку адлюстроўвае спэцыфіку мовы. Многія грамадзяне Беларусі, у асноўным прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, асуджаюць рэформу правапісу 1933 году, крытычна ставяцца да замацаваных ёю артаграфічных нормаў, якія адмоўна адбіваюцца на беларускай артаэпіі. Асабліва выразна відаць гэта падчас працы зь дзяцьмі ў пачатковых школах. (Nina Barszczewska, Рэформа 1933 году і стан нацыянальнае мовы ў Беларусі (на падставе лістоў у Беларускую Рэдакцыю Польскага Радыё), у: Innowacje w językach wschodniosłowiańskich, II, Zielona Góra 2002, с. 19-26)

Аляксандар Лукашанец сёньняшнюю сытуацыю ацэньвае наступным чынам:

„У значнай ступені зразумелыя і часта апраўданыя пурыстычныя дэрусыфікатарскія памкненні, на жаль, у колькасных адносінах значна перавысілі разумныя межы, у выніку чаго рэальныя страты для сістэмы беларускай мовы аказаліся больш значнымі ў параўнанні з набыткамі: фактычна было парушана адзінства літаратурных норм на ўсіх узроўнях мовы. Больш таго, адбылася палярызацыя беларускамоўнага грамадства паводле моўных густаў і амбіцый. Фактычна сёння мы сутыкнуліся з сітуацыяй паралельнага існавання двух літаратурна-пісьмовых варыянтаў беларускай мовы. Аднак апошняе асабліва небяспечна ва ўмовах двухмоўя, таму што значна зніжае канкурэнтаздольнасць беларускай мовы ў найбольш важных і ўплывовых сферах грамадскага ўжытку, ускладняе яе рэальнае выкарыстанне, асабліва ў сферы школьнага навучання і СМІ.” (Перспектывы развіцця і карыстання беларускай мовай, у: Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі, Мінск 2003, с. 225)

Таму А. Лукашанец уважае, што найважнейшым заданьнем сучаснага разьвіцьця беларускае мовы зьяўляецца неадкладная стабілізацыя літаратурных нормаў, што можа быць дасягнута толькі ў выніку „разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных падыходаў да названай праблемы (паміж так званымі рэфарматарамі і традыцыяналістамі).” (Тамсама, с. 226)

Сёньня са шкадаваньнем трэба аднесьціся да адыходу ад прынятага 26 студзеня 1990 году Закону Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, дзе беларуская мова была абвешчаная адзінай дзяржаўнай мовай. Адразу пасьля прыняцьця Закону статус беларускае мовы палепшыўся. Як заўважае Ўладзімір Навіцкі (Сучасная моўная палітыка на Беларусі, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 57), у гэтым нарматыўным акце шлях да пераводу на беларускую мову цэлага дзяржаўнага жыцьця прадугледжваўся вельмі плаўны – на авалоданьне беларускай мовай пакідалася больш часу, чым даецца студэнтам на вывучэньне замежнае мовы.

Каб прысьпешыць працэс вяртаньня беларускае мовы й культуры ў нацыянальнае рэчышча, трэба вярнуцца да Закону аб мовах, загарантаваць беларускай мове функцыю адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне ды стварыць спрыяльныя ўмовы для яе разьвіцьця.

Ніна Баршчэўская