• Уплыў правапісу на вымаўленьне
  • 21.12.2005
Эміграцыйныя газэты праяўлялі клопат пра аднолькавыя прынцыпы правапісу. З гэтай мэтай „Беларускае Слова” апублікавала заўвагі да напісаньня й ды ў , апрацаваныя Антонам Лёсікам у 1943 годзе. У артыкуле Заўвагі да пытаньня „Беларускага правапісу” 1943 г. А. Лёсік заяўляе, што Беларускі правапіс 1943 году зьяўляецца ў асноўным тым самым правапісам, які стварыў „асновапаложнік нарматыўнае граматыкі беларускае мовы Бр. Тарашкевіч” (у: „Беларускае Слова”, № 5 (19), Міхельсдорф, жнівень – верасень 1954, с. 3).

Адрозьненьні датычацца пашырэньня фанэтычных прынцыпаў, такіх як, напрыклад, пашырэньне аканьня на чужаземныя словы, ці ўвядзеньня зьменаў у напісаньні нескладовых й ды ў. Зьмены датычацца разрозьненьня ў вымаўленьні націскных і ненаціскных гукаў і й у, што павінна знаходзіць сваё адлюстраваньне і ў напісаньні. Гэтыя зьмены праведзеныя згодна з праектам правапісу 1930 году.

Крыху раней Акадэмічная канфэрэнцыя па пытаньнях рэформы правапісу пастанавіла і, якое стаіць асобна альбо на пачатку слова, не скарачаць таксама ў становішчы пасьля галосных. Што датычыцца ў, меркаваньні былі падобныя. Аднак у гэтым выпадку Акадэмічная канфэрэнцыя не прыняла ніякай пастановы й вырашыла перадаць гэтае пытаньне, ды шмат іншых, у спэцыяльную правапісную камісію.

Камісія была створаная ў 1927 годзе. У яе склад увайшлі: старшыня Сьцяпан Некрашэвіч, сакратар Адам Багдановіч і сябры Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Пётр Бузук, Ян Бялькевіч, Іван Луцэвіч (Янка Купала) і Уладзімір Чыржынскі. Правапісная камісія ў такім складзе скончыла сваю працу ў 1929 годзе. Вынікам працы Камісіі зьявіўся праект Беларускага правапісу, выданы Акадэміяй Навук у 1930 годзе.

Камісія прынцып напісаньня і й у фармулявала наступным чынам:

„Галосныя у, і ў пачатку слова і асобна (...) як пасьля зычнай, гэтак і пасьля галоснай папярэдняга слова, пішуцца праз у, і (складовыя).” (Тамсама )

Беручы пад увагу пастановы такой аўтарытэтнай камісіі, А. Лёсік вырашыў увесьці гэтае правіла ў свой Беларускі правапіс у 1943 годзе.

„Правапіс паказвае, як пісаць, а не як гаварыць, і таму ён ня можа сьцерці асаблівасьцяў беларускае мовы, як некаторыя думаюць, як ня сьцірае асаблівасьцяў расейскае мовы правапіс, які ладна разыходзіцца з вымаўленьнем.” (Тамсама)

У вымаўленьні ў пазыцыі пасьля галоснага і й у, зразумела, скарачаюцца, напрыклад: чытала й пісала, яна йдзе, было ўлетку, бралі ўдзел.

„Сыстэма пабудовы «Беларускага правапісу» і фармулёўка правілаў паказваюць, што гэтая кніжка не прызначалася для вучняў народнае школы, чаму ў ёй няма практыкаваньняў, але яна патрэбная для настаўнікаў і ўсіх тых, каму даводзіцца пісаць пабеларуску.” (Тамсама)

Адлюстраваньне ў напісаньні скарачэньня нескладовага й, таксама як нескладовага ў, спрасьціла б правапіс ды прычынілася б, несумненна, да меншай колькасьці памылак у вымаўленьні.

Зьмяшчэньне публікацыі Антона Лёсіка на старонках газэты „Бе¬ларускае Слова” – сьведчаньне таго, што імкненьне да нармалізацыйнай працы актыўна праводзілася й на старонках эміграцыйных выданьняў, у тым ліку на старонках такіх газэтаў, якія былі прысьвечаныя ў асноўным грамадзка-палітычным пытаньням, як згаданае „Беларускае Слова”.

На старонках „Крывіча” разглядаецца напісаньне пачатковага грэцкага б і в у крыўскай мове (Philos, Аб напісаньні пачатнага грэцкага б і в ў крыўскай мове, у: „Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 105-106). Заўважаецца, што ў беларускіх пісьменьнікаў праяўляецца непасьлядоўнасьць пры напісаньні словаў, узятых з грэцкае мовы, якія ў расейскай мове пачынаюцца літарай в: варвар, Вавілон, Васілій.

Грэцкая мова ў сваім клясычным пэрыядзе зусім ня ведала гуку в і замяняла яго пры транскрыпцыі з лацінскай мовы знакам у: імя славутага рымскага паэты Вяргілія грэкі пісалі Уергілій. У сярэднія вякі, калі клясычная мова грэкаў вельмі зьмянілася ў Канстантынопалі, б пачалі замяняць гукам в: замест барбар пісалі варвар, замест Бабілён – Вавілон.

Масква атрымала грэцкую навуку ўжо ў тыя часы, калі ад клясычнай грэцкай мовы не асталося й сьледу. Беларуская культура – па словах аўтара публікацыі – прыняла ў сябе грэцкія ўплывы яшчэ ў той час, калі ў Грэцыі пераважала клясычная мова грэкаў. Таму немэтазгодна ў беларускай мове пісаць у грэцкіх словах літару в замест б: барбар, Барбара, Бабілён, Бізанцыя, Базыль, сымболь. (Тамсама )

У беларускай мове б у запазычанай лексыцы захоўвалася да рэформы беларускага правапісу ў 1933 годзе. Таксама напісаньне ўласных імёнаў Базыль альбо Васіль – паводле жаданьняў іх носьбітаў – прапанавалася ў рэформе, праведзенай народнымі камісарамі. (Пастанова Савета народных камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 года „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса”, у: В. П. Красней, Л. М. Шакун, Практыкум па гісторыі беларускай літаратурнай мовы, Мінск 1986, с. 205)

Ніна Баршчэўская