• Уплыў правапісу на вымаўленьне - 2
  • 28.12.2005
„Цьвёрдае напісаньне мяккіх зычных – гэта прычына ненатуральнага вымаўленьня” – так пішуць беларускія эміграцыйныя газэты.

Пра ўплыў зрусыфікаванага правапісу на ненатуральнае для беларускае мовы вымаўленьне, на страту мяккіх зычных дзь, зь, сь, ць, нь піша часопіс „Навіны зь Беларусі”. З таго часу, як быў выкінуты мяккі знак, вымаўленьне перастала перадаваць асаблівасьць мовы, у выніку чаго літаратурная мова аддалілася ад народнай. Спадзяваньні на асыміляцыйнае зьмякчэньне не апраўдаліся. Замест сьвет, сьнег, сьмех, цьвік, жыцьцё, шчасьце, дзьверы, зьвер, каханьне, сьвітаньне, цяпер скрозь вымаўляюцца цьвёрдыя зычныя: свет, снег, смех, цвік, жыццё, шчасце, дзверы, звер, каханне, світанне. Пры фанэтычным прынцыпе беларускай граматыкі, дзе чытаем так, як напісана, інакш і быць ня можа.

„Наогул, граматыка нарабіла цяпер столькі пра¬віл і столькі выключэньняў зь іх, што стала цяжка быць пісьменным чалавекам. Нездарма-ж работнікі рэдакцыяў газэт, часапісаў і выдавецтваў вечна поўзаюць па слоўніках і ўсялякіх даведніках, каб упэўніцца – як правільна напісаць. І можа варта зноў падумаць пра ўдасканаленьне нашага правапісу, з большым набліжэньнем да фанэтыкі...” (З артыкулу Янкі Скрыгана пра мову, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (18), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка 1964, с. 3)

Праблема ў тым, што бальшыня вучняў нават старэйшых клясаў не валодае вуснай мовай; гаворыць невыразна, неахайна, некультурна – падкрэсьліваюць „Навіны зь Беларусі”. (Культура мовы, у: „Навіны зь Беларусі”, № 7 (78), Нью-Ёрк, 15 красавіка 1967, с. 5-6; спасылка на: У. Юрэвіч, „Чырвоная змена”, Мінск, 19 сакавіка 1967). Каб гаварыць правільна, выразна, прыгожа, трэба быць ня толькі начытаным, але й наслуханым народнай гаворкі.

„Бо ў народзе ствараецца мова, там гартуецца, выпрабоўваецца кожнае слова на моц, на смак, на даўгавечнасьць. (...) Некаторыя сьцьвярджаюць, што мясцовыя гаворкі не павінны брацца пад увагу культурным чалавекам. Але-ж ня трэба забывацца, што літаратурная мова зьявілася ў выніку дасканальнага адбору таго лепшага, што ёсьць у кожнай мясцовай гаворцы, таго, што адпавядае нутраным законам мовы. І колькі яшчэ самабытных словаў, пашыраных у межах адной мясцовасьці, просяцца на старонкі нарматыўных слоўнікаў, каб стаць скарбамі агульнанароднымі.” (Тамсама, с. 6)

У Хроніцы на старонках часопіса „Конадні” (№ 3, Нью-Ёрк 1955, с. 91-95) паведамляецца, што 5 лютага 1955 году Сымон Брага (псэўданім Вітаўта Тумаша) рэфэраваў навейшую літаратуру да пытаньня паходжаньня беларускага аканьня, выкліканую першым чынам тэорыяй францускага мовазнаўца Андрэ Ваяна, якая была апублікаваная ў ягонай Параўнальнай граматыцы славянскіх моваў, што выйшла ў Парыжы ў 1950 годзе. На погляд Ваяна, аканьне ў беларускай мове паўстала ў выніку сутыку з мовамі балцкімі. Высновы Ваяна пацьвердзіў і падмацаваў іншы мовазнаўца, прафэсар Калюмбійскага ўнівэрстэту Юры Шэрэх у сваёй працы Праблемы фармацыі беларускае мовы, апублікаванай у Нью-Ёрку ў 1953 годзе. Правільнасьць вывадаў Ваяна прызнаў таксама нарвэскі мовавед Станг, знаўца старабеларускае мовы канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. (Тамсама, с. 93) Сьцьвярджэньне аканьня як балцкага моўнага элемэнту ў сучаснай беларускай мове, побач з раней выкрытай супольнасьцю паліфтонгаў беларускай мовы з балцкімі, дадае яшчэ адну важную – лінгвістычную падбудову высунутаму вучонымі ў канцы XІX стагодзьдзя погляду пра балцка-славянскае паходжаньне беларускага народу – адзначае часопіс „Конадні”. (Тамсама )

На зборцы пазнаньня беларускае мовы 14 чэрвеня 1952 году (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 14 чырвіня 1952 г., у: „Веда”, № 6 (11), Нью-Ёрк, чэрвень 1952, с. 183-185.) разглядалася кансанантычная сыстэма беларускае мовы, між іншым, замена запазычанага гука ф беларускімі п, x ці xв, напрыклад: Піліп, Панас, хварба, хвабрыка, хунт. Так гэтыя словы вымаўляюцца ў беларускіх гаворках. І таму зборка рэкамэндавала ўжываць ф толькі ў тых словах, якія ня сталіся народнымі ў беларускай мове: фізыка, філёзофія, географія. (Тамсама, с. 184)

Не пагаджаецца з гэтым Цімох Саладуха (Больш шкоды чымсь карысьці, у: „Аб’еднаньне”, № 3 (61), Лёндан, красавік 1956, с. 20-24) , які асабліва крытыкуе Яна Станкевіча за выкарыстоўваньне слова хорма:

„Трэба ведаць, што беларуская старадаўняя народная мова ня мела ў сваім слоўным запасе аніводнага слова з гукам ф. Гэ¬та, зразумела, ня служыць падставаю, каб яго не было і ў сучаснай мове, асабліва мове літаратурнай. Цяпер гэты гук літаратурная мова мае і няма ніякае падставы пісаць хорма, а ня форма. Тым болей у гэтым выпадку, што слова форма не пісалася грэцкай літарай тэта ці фіта, а літарай фі. Грэцкія словы, якія пісаліся цераз тэту ці як яна вымаўлялася па-старагрэцку – фіта – у беларускай мове перадаваліся ці то цераз хв, як Хведар, Хвядос ці то цераз х, як Хама. Словы з грэцкаю літараю фі перадаваліся цераз п, як Піліп”. (Тамсама, с. 23)

Ніна Баршчэўская