• Дзеяпрыметнікі ў беларускай мове
  • 05.01.2006
Прадстаўнікі беларускай эміграцыі заўсёды праяўлялі вялікі клопат пра ачышчэньне беларускай мовы ад нетыповых ёй зьяваў, такіх, як, напрыклад, дзеяпрыметнікі.

Шмат увагі дзеяпрыметнікам прысьвячае часопіс „Віці” (Культура мовы, у: „Віці”, № 4, Нью-Ёрк, ліпень – жнівень 1953, с. 14-17).

У беларускай мове часта ўжываюцца дзеяпрыметнікі з суфіксамі -н- (паважаны чалавек, пастаўленая міска), -т- (падпіты чалавек, пакінутае месца) і -л- (пасівелы чалавек, зарослае месца). Часта аднак здараецца, што выкарыстоўваюцца дзеяпрыметнікі з суфіксам -ш- (пасівеўшы чалавек замест пасівелы) альбо нават з суфіксам -ем- (паважаемы чалавек замест паважаны). Такія дзеяпрыметнікі беларускай мове нехарактэрныя. На гэта зьвярнуў увагу яшчэ ў 1918 годзе аўтар першай Беларусай граматыкі для школ Браніслаў Тарашкевіч. У 1924 годзе Язэп Лёсік у сваіх Увагах да нашае літаратурнае мовы таксама выступіў супраць засьмечваньня беларускае мовы згаданымі расейскімі дзеяпрыметнікамі. Пад Лёсікавым уплывам усе пісьменьнікі тагачаснае Савецкае Беларусі пачалі як мага высьцерагацца гэтакіх формаў, і ў мове такіх аўтараў, як: Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Лукаш Калюга, а таксама ў мове тагачасных часопісаў і газэтаў іх няма.

Аднак, калі ў 1933 годзе бальшавікі выдалі дэкрэт пра рэформу беларускае мовы, гэта значыць, пра яе русыфікацыю, дык яны аднавілі ў правох расейскія дзеяпрыметнікі з суфіксамі -ш- і -ем-, і цяпер аж роіцца ад падпіўшых і напіўшыхся, друкуемых, кіруемых, чытаемых і г. д. – заўважае часопіс „Віці” (Тамсама, с. 14). Замест гэтых дзеяпрыметнікаў, калі няма беларускіх эквівалентаў, лепш выкарыстаць апісальныя формы, напрыклад: замест пабіўшаяся міска – міска, якая пабілася.

Анатоль Клышка прыгадвае выказваньне Якуба Коласа пра тое, што без усякай патрэбы радыё й беларускія газэты засьмечваюць мову неўласьцівымі ёй формамі, як: выдаткаваемыя, засылаемыя, брыгады ўзначальваемыя, навучаючыяся, якія не бытуюць у беларускай мове (Пра культуру мовы, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (18), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка, 1964, с. 2; спасылка на: „Полымя”, № 7, Мінск 1964, с. 170).

Таксама Павел Сьцяцко піша, што суфіксы -ем-, -ім-, як прыметнікавыя фарманты, чужыя беларускай мове. Ролю гэтых расейскіх афіксаў у беларускай мове выконваюць суфікс -н- і яго ўскладнены варыянт -льн- (зрэдку -он-, -ч-, -ев-): незабываемый – незабыўны, несравнимый – непараўнальны, неисчислимый – незьлічоны... Формы некіруемы, нелюбімы, якія сёньня выступаюць у Беларуска-рускім слоўніку 1988-1989 гадоў, не фіксаваліся слоўнікамі адраджэнскіх часоў. Як заўважае Павел Сьцяцко:

„Гэта потым яны жыўцом утыркаліся на першае месца ў слоўнікавыя артыкулы як дублеты да беларускіх словаў. Напрыклад, у «Белорусско-русский словарь» 1953 года: неосуществимый – неажыццявімы, нездзяйсняльны, незабытны; нелюбимый – нелюбімы, нялюбы, нямілы.

Пра штучнасць іх сведчыць і тое, што гэтыя «імаемы» нічога не дадаюць да семантыкі сваіх словаў, а толькі засмечваюць і разбураюць лексічную і словаўтваральную сістэмы беларускай мовы...” (Павел Сцяцко, Культура мовы, Мінск 2002, с. 37)

Пэўную праблему выклікаюць таксама дзеяпрыметнікі з суфіксам: -уч- (захапляючае месца). У народнай беларускай мове іх няма, і таму Язэп Лёсік раіў іх таксама не ўжываць. Але ў старой літаратурнай мове такія формы існавалі, і таму Браніслаў Тарашкевіч дазволіў у сваёй Граматыцы на іхнае ўжываньне. Баранілі іх таксама такія беларускія мовазаўцы, як Пётр Бузук і Ян Станкевіч (Культура мовы, у: „Віці”, № 4, Нью-Ёрк, ліпень – жнівень 1953, с. 15).

Пра нехарактэрнасьць беларускай мове такіх формаў пісалі таксама мовазнаўцы ў Беларусі, на што зьвяртае ўвагу часопіс „Навіны зь Беларусі”. Анатоль Клышка пісаў на старонках „Полымя”:

„А ў наш час чытаеш якую газэту ці кнігу і бачыш, як прыгожы беларускі дзеяслоў раптам перад назоўнікам пачынае завываць -уючы, -юючы ці лемантаваць -аючы, -яючы. (Ці не пра глум над сабою, пра аўтарскую сваволю?) А мы спакойна глядзім на гэты гвалт. А дзе-хто і старанна падлічвае гэты енкат, каб пасьля, спасылаючыся на працэнты, узаконваць такія формы. (...) Беларуская мова лёгка абыходзіцца без дзеяпрыметніка. Ня трэба толькі сябе абкрадваць, лічачы, што ўзбагачваешся.” (Пра культуру мовы, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (18), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка, 1964, с. 2; спасылка на: „Полымя”, № 7, Мінск 1964, с. 170)

Часопіс „Віці” зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў на тое, што нельга блытаць расейскіх формаў дзеяпрыметнікаў з суфіксам -ш- (падпіўшы чалавек) зь дзеяпрыслоўямі з гэтым жа суфіксам, якія часта ўжываюцца ў беларускай мове (падпіўшы, чалавек пайшоў у скокі).

У беларускай літаратурнай практыцы ўсё больш назіралася прывычка да падмены словаў і нават канструкцыяў на неўласьцівыя беларускай мове, што адзначыў Янка Скрыган. Гэта вынікае з мэханічнага пераносу расейскіх канструкцыяў у беларускую мову, што выразна сьведчыць альбо пра няведаньне роднае мовы, альбо пра адсутнасьць клопату пра яе культуру (З артыкулу Янкі Скрыгана пра мову, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (18), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка 1964, с. 2-3; спасылка на: „Полымя”, № 8, Мінск 1964, с. 181, 184).

Павел Сьцяцко зазначае, што беларуская мова багатая, і без праблемаў можа абысьціся бяз штучных дзеяпрыметнікавых формаў. Расейскім деяпрыметнікам з суфіксамі -ащ-, -ущ-, -ем-, -им- у беларускай мове адпавядаюць:
- дзеяпрыметнікі з суфіксамі -ан-: скорбящий – засмучаны, негодующий – абураны;
- прыметнікі з суфіксамі: -н-, -льн-, -ч-, -л-, -іст-, -ов-, -ск-, -ават-, -ш-, -ян-, -іт-, -ашн-: подходящий – прыдатны, вызывающий – абуральны, абрабатывающий – апрацоўчы, подлежащий – падлеглы, пламенеющий – агністы, торгующий – гандлёвы, начальствующий – начальніцкі, подходящий – ніштаваты, последующий – далейшы, пламенеющий – палымяны, работящий – працавіты, текущий – цяперашні;
- аддзеяслоўныя назоўнікі: нападающий – нападальнік, начинающий – пачатковец, сочувствующий – спачувальнік;
- назоўнікі з суфіксам -ун- (у біялягічнай тэрміналёгіі ды інш.): лазящие – лазуны, млекопитающие – сысуны, пресмыкающиеся – паўзуны (Павел Сцяцко, Культура мовы, Мінск 2002, с. 48-51).

У 30-80 гадох ХХ стагодзьдзя беларуская мова ўзбагачалася ня толькі пры дапамозе неўласьцівых ёй лексэмаў, але й чужых словаўтваральных сродкаў.

„Усё гэта рабілася нібыта дзеля «ўзбагачэньня» беларускай мовы, але мэта была іншая – растварыць нашую мову, замяніць яе на расійскую. Таму ў граматыках нярэдка апісваліся тыпы і мадэлі («узоры») з чужымі для нашае мовы фармантамі, хоць іх ролю ў беларускай мове спраўна выконвалі свае, спрадвечна беларускія.” (Тамсама, с. 21)

Ніна Баршчэўская