• Змаганьнье з канчаткам -у (-ю)
  • 12.01.2006
У працэсе рэфармаваньня беларускае мовы з мэтай як найбольшага набліжэньня яе да мовы расейскай, шмат зьменаў было ўведзена ў марфалёгію, між іншым – пашырэньне канчатка на месцы . Гэтую зьяву асуджалі многія, у тым ліку й прадстаўнікі беларускай эміграцыі.

Форма роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду абмяркоўвалася на зборцы пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 го¬ду ў Нью-Ёрку (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), Нью-Ёрк, красавік 1952, с. 112-116). Яшчэ ў 1912 годзе Аляксей Шахматаў пісаў, што ў беларускай мове мужчынскія зборныя назоўнікі, рэчыўныя й абстрактныя маюць у родным склоне канчатак -у (-ю): пяску, палыну, лесу, народу, жалю. Пры гэтым не залежыць ён ад месца націску, пра што ўжо пастанавіла ў 1937 годзе зборка чысьціні мовы ў Вільні. Пастановы зборкаў, што адбываліся ў Вільні перад Другой сусьветнай вайной, былі апублікаваныя ў 1937 годзе ў Вільні ў брашуры пад назовам Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску (Тамсама, с. 114-115).

Пра пашырэньне ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду канчатка сьведчаць беларускія дыялекты, у якіх канчатак пасьлядоўна ўжываецца ў назоўніках: рэчыўных (воску, мёду, перцу), зборных (народу, статку), аддзеяслоўных (выхаду, кошту), з часавым значэньнем (веку, году, ча¬су), з прасторавым значэньнем (лугу, стэпу), якія азначаюць непрадметныя паняцьці (ветру, холаду), пачуцьці, перажываньні, псыхічны стан чалавека (жалю, розуму, страху), канкрэтныя прадметы (возу, дому, мосту), назвы арганізацыяў і ўстановаў (раёну, сельсавету), геаграфічныя назвы (Бабруйску, Менску, Слуцку). (Э. Блінава, Е. Мяцельская, Беларуская дыялекталогія, Мінск 1969, с. 64-65)

Павел Сьцяцко заўважае, што разбурае норму таксама імкненьне расшчапіць словаформу на дзьве, надаўшы адной зь іх „канкрэтызаванае” адценьне й замацаваўшы за ёю канчатак : пераезда ‘месца, дзе можна пераехаць праз што-небудзь’ і пераезду ‘дзеяньне паводле дзеяслова пераехаць – пераяжджаць’.

„Гэтым самым «дагаджаем» не сваёй, а расійскай мове. Але расійская мова абыходзіцца адной словаформай – з канчаткам -а. (...)

У выкарыстанні словаформаў роднага склону мужчынскага роду з канчаткам -у беларуская мова мае шмат супольнага з украінскаю і заходнеславянскімі мовамі, дзе канчатау -у пераважае ці выступае як амаль адзіная норма, тым часам як расійская мова амаль пазбавілася канчатка -у на карысць -а (-у захавалі назоўнікі ў складзе ўстойлівых выразаў: без году неделя).”
(Павел Сцяцко, Культура мовы, Мінск 2002, с. 54).

Асабовыя назоўнікі мужчынскага роду ў месным склоне заўсёды маюць канчатак -у (-ю): (аб) кавалю, брату, Івану і інш. Пра гэтую асаблівасьць беларускае мовы ўжо ў XІX стагодзьдзі вучыў Аляксей Сабалеўскі. Дарэчы, таксама зборка чысьціні беларускае мовы ў Вільні зрабіла такую пастанову:

„Мясцовы склон адз. ліку ймёнаў мужчынскіх асобавых канчаец¬ца на -у (-ю): аб гасьцю, аб купцу, аб сыну, аб суседу, аб пану, аб поэту, аб Хрысту, аб Буслу (прозьвішча), хоць кажацца аб бусьле, калі бусел птушка.” (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), Нью-Ёрк, красавік 1952, с. 115)

Канчатак -е быў замацаваны Правапісам беларускай мовы 1934 году ды паўтораны Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 1959 году. У беларускай мове адзіным для асабовых назоўнікаў меснага склону мусіць быць канчатак -у (-ю) незалежна ад тыпу іх асновы. (Павел Сцяцко, Культура мовы, Мінск 2002, с. 55)

Ян Станкевіч зьвяртае таксама ўвагу на іншыя канчаткі, якія прапанаваліся ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя Браніславам Тарашкевічам у якасьці літаратурнае нормы й якія характэрныя для гаворак цэлай Беларусі, з выключэньнем усходніх, а менавіта – на націскныя канчаткі -ом і -ох у давальным і месным склонах множнага ліку назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду, напрыклад: (каму?) братом, (дзе?) у лясох. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 34 (264), Мюнхэн, 21 жніўня 1955, с. 3; Глядзі таксама: Э. Блінава, Е. Мяцельская, Беларуская дыялекталогія, Мінск 1969, с. 68, 74-75)

Гэтым пытаньнем займаецца таксама часопіс „Віці”, які падкрэсьлівае, што гэта вельмі важная асаблівасьць беларускае мовы. Выкарыстаньне націскных канчаткаў -ом, -ох, напрыклад: сталом, ласём; аб сталох, ласёх, „бальшавікі знарок забаранілі, каб наблізіць яе да мовы расейскае” (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 13). Трэба аднак памятаць, што гэтая асаблівасьць не датычыць назоўнікаў жаночага роду з канчаткам , і таму трэба казаць: у руках, на нагах і гэтак далей.

Ніна Баршчэўская