• „Дзіўны гэты сьвет”
  • 17.01.2006
17 студзеня мінулі два гады з дня сьмерці знакамітага польскага песьняра Чэслава Немэна.

У сваіх думках Чэслаў Немэн часта вяртаўся на сваю радзіму, у сваю вёску, да чыстай рачулкі. Ён любіў сваю айчыну і з гонарам падкрэсьліваў, што нарадзіўся ў наднёманскай краіне.

Пясьняр нарадзяўся 16 лютага 1939 году ў Старых Васілішках каля Ліды. Называўся Чэслаў Юліюш Выджыцкі, псэўданім Немэн абраў сабе пазьней. Калі яму было 7 месяцаў, пачалася вайна. Большасьць ягоных суседзяў апынуліся ў Сібіры й Казахстане.

Калі яму споўнілася 19 гадоў, чакала яго вайсковая служба ў Савецкай арміі, таму, скарыстаўшы з апошняй магчымасьці рэпатрыяцыі, паехаў у Польшчу.

Спачатку было цяжка. Маляваў шыльды, а нават быў докэрам у гданьскім порце. Ніколі не пазбавіўся ўсходняга акцэнту. Адны любілі яго за гэта, а некаторыя – наадварот, насмейваліся зь ягонага паходжаньня.

У 60-80-х гадох Чэслаў Немэн стаў духовым правадыром моладзі.
У крыклівай вопратцы, ён быў кумірам тае эпохі.
Паказваў, што можна жыць інакш: шчыра, натуральна й праўдзіва. Быў своеасабліваю зоркай на польскай музычнай сцэне, можа нават адзінай сапраўднаю зоркай. Заўжды змагаўся за праўду.

Ч.Немэн: У ‘89 годзе, калі апазыцыя перамагла ў выбарах – можна сказаць, што Польшча перамагла – краіна пачала ісці ў іншым напрамку.
Тыя, хто працуе ў галіне культуры, спадзяваліся, што будуць мець магчымасьць разгарнуць свае крыльлі. Але з сумам мушу сказаць, што нашыя крылы надалей нам абразаюць. Я ня ведаю, чаму гэтак адбываецца, але гэта праўда. Паявілася нейкая вульгарная цывілізацыя, і мяне асабіста гэта вельмі непакоіць.


Чэслаў Немэн пісаў музыку на творы Цыпрыяна Каміля Норвіда, Адама Асныка, Баляслава Лесьмяна. Дзякуючы яму, некалькі пакаленьняў моладзі навучылася чытаць, разумець і любіць паэзію.

Ч.Немэн: Ёсьць фрагмэнт верша Норвіда:
„Вялікі той чалавек, якому хопіць схіліць галаву, каб без кап`я й шчыта ў руцэ перамагчы зло.”

Сёньняшні сьвет, які намі кіруе, сьвет дрэнны й вульгарны, не дае яму супакою. І напэўна кожны, каму блізкі зварот, той першы хысьціянскі зварот: „не рабі іншым таго, што табе няміла”, будзе вялікім.


Немэн ніколі не паддаўся камэрцыі. Ён меў інтуіцыю й густ. Успамінаў, што ў хаце часта гучалі расейскія народныя песьні.

Родную старонку наведаў у ‘70 годзе. Убачыў зарослы сад, запушчаную хату. Убачыў і ўжо больш ніколі не хацеў вяртацца ў Васілішкі. Суседзі з Васілішак успаміналі, што сьпявак сфатаграфаваў хату, ваколіцу, а праз хвіліну зьнішчыў нэгатыў.

Немэн ніколі не належаў да ніводнай палітычнай партыі. Нават у школе не быў піянерам ані камсамольцам. Часта падкрэсьліваў, што ў Польскай Народнай Рэспубліцы выжыў, толькі дзякуючы сваім фанам. Ягоны палітычны напрамак быў адназначны ад самага пачатку. Яго цікавіў звычайны чалавек, жыцьцё ў згодзе з прыродай.

Некалькі гадоў таму ён цяжка захварэў. Дыягназ гучаў як прыгавор: рак. Не хацеў ісці ў шпіталь. Гаварыў, што яму дапаможа льняное семя.
Не памагло...

Чэслаў Немэн памёр 17 студзеня 2004 году ў Варшаве. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у польскай сталіцы. У дзень паховінаў пунктуальна а 15 гадзіне ў эфіры ўсіх радыёстанцыяў гучалą ягоная песьня „Dziwny jest ten świat” („Дзіўны гэты сьвет”).

Караліна Русіновіч