• Імёны людзей
  • 18.01.2006
Важнай часткай культуры народу й ягонай тоеснасьці зьяўляюцца ўласныя назовы, і ў прыватнасьці – імёны людзей.

У летапісах, а часткова і ў этнаграфіі захаваліся інфармацыі аб пастрыжынах і перамене імёнаў пры пераходзе з аднаго ўзросту ў другі (Власт - псэўданім Вацлава Ластоўскага, Крыўска-Беларускі Іменнік, у: „Крывіч”, № 6, Каўнас 1923, с. 34-43). Як піша аўтар, пастрыжыны адбываліся тры разы: на 8-м годзе жыцьця, калі сын з-пад апекі маці ўваходзіў пад апеку бацькі; на 18-19-м годзе перад жаніцьбай; і прыблізна на 40-м годзе, калі жаніў свайго сына (Тамсама, с. 35).

З пастрыжынамі зьвязаныя зьмены ў гучаньні імёнаў, таму што маці падбіраюць самыя ласкавыя формы імёнаў сваім дзецям: Антон будзе Анцікам, Юры – Юрцікам, Міхайла – Місям ці Міхцікам, Гаўрыла – Гаўрыкам і гэтак далей. Калі хлапец ставаўся мужчынам і пачынаў езьдзіць у поле, пераставалі яго называць Анцікам, Петрыкам ці Юрцікам. У той час больш адпаведнымі імёнамі станавiліся – Антук, Пятрук, Юрка. Калі хлапец станавіўся кавалерам і пачынаў хадзіць на вечарынкі, дык у дзявочай кампаніі такія формы як Антук ці Пятрук трактаваліся як неадпаведныя, і маладыя людзі паміж сабою замянялі Антукоў на Анатоляў, Петрукоў на Петрусёў, Юркаў на Юрасёў. Урэшче надыходзіў час жаніцьбы й разам з гэтым чарговая зьмена формы імёнаў: Аркасю, Ігнасю, Кастусю, Місю трэба было пераўтварыцца ў Аркада, Ігната, Міхайлу, Кастуша (Тамсама, с. 34-35).

„Але час ідзе. Падрасьлі дзеці. Міхайла, Ігнат і Пятро ажаніў сына. Нявестка, прышоўшы ў новую хату, стараецца быць да ўсіх ветлівай, уважлівай, а ў першы чарод да бацькоў мужа, і, вось, Аўгей становіцца Аўгіяшом, Астап – Асташом, Баўтрамей – Бутрымам, Грыгор – Грынём і ня толькі ў сваёй сям’і, але і ў суседзяў.” (Тамсама, с. 35)

Такая градацыя – піша В. Ластоўскі – адбываецца і з жаночымі імёнамі, адпаведна да ўзросту й грамадзкага становішча.

Аднак гэтае багацьце беларускай мовы – па словах Ластоўскага – паддалося нівэлюючаму чужому ўплыву. Першымі прызнакамі зьменаў сталася ўжываньне жаночага фарманту -ка ў мужчынскіх дэмінутыўных імёнах, як: Янка, Генка, Стаська. Раней, як паказвае гістарычная літаратура, выступалі формы Янусь, Генюсь, Стасік, альбо Янцісь, Генцісь. Часта выкарыстоўваліся таксама формы мужчынскіх імёнаў з націсным канчаткам : Янко, Станько, Грынько.

Усе гэтыя формы апраўданыя – адзначае В. Ластоўскі. У грамадзянаў узьнікае пачуцьцё адсутнасьці лёгікі, калі старых лю¬дзей на¬зываюць Алесь, Кастусь, Юстусь, а маладых хлапцоў – Альгерд, Антон, Тумаш.

Вацлаў Ластоўскі ў Крыўска-Беларускім Іменніку прывёў усе формы для 219 беларускіх мужчынскіх і жаночых імёнаў. Найбольшую колькасьць складаюць дэмінутыўныя формы з ласкальнымі фармантамі: -ась (Гарась), -асючок (Стасючок), -ік (Аўрык), -ісь (Кузьмісь), -ічак (Юзічак), -ка (Яхімка), -ок (Васілёк), -ось (Хвядось), -очак (Міхасёчак), -ук (Вінцук), -усь (Валодусь), -чык (Івашчык), -эсь (Луцэсь); -іська (Марыська), -іся (Магдзіся), -ка (Юлька), -уня (Аўгуня), -уся (Варуся), -ута (Аксюта), -ця (Польця)...( Тамсама, с. 37-43)

Варта прывесьці некалькі прыкладаў розных формаў жаночых імёнаў:
Агафія – Агаська, Гапка, Гася, Агата;
Анастасія – Наська, Настка, Настуся, Наста;
Анна – Анця, Анка, Ганка, Гануся, Гануля, Ганна;
Варвара – Варця, Варка, Варуся, Барціся, Барбара;
Элена – Альця, Аліся, Алена, Гальця, Галька, Гальшка, Галя, Гэля, Гэлена
.

Беларускім імёнам і прозьвішчам вялікую публікацыю прысьвяціў Ян Станкевіч. Складаецца яня зь дзьвюх частак: характарыстыкі імёнаў у дахрысьціянскі час і хрысьціянскі (Хрышчоныя ймёны вялікалітоўскія (беларускія), у: „Запісы”, кн. 2, Нью-Ёрк 1963, с. 95-127).

Імёны беларускага народу ў дахрысьціянскі пэрыяд аўтар па¬дзя¬¬ляе на дзьве вялікія групы.

Адну складаюць назовы зьвяроў (Дзік, Ліс, Мядзьведзь, Воўк), птушак (Арол, Бусел, Зязюля, Ластаўка), статку (Бык, Казёл, Вол), расьлінаў (Хмель, Дуб, Клён, Краска, Ляшчына), рэчаў (Скарына, Дзежа). Надаючы сваім дзецям тыя ці іншыя імёны, бацькі зычылі, каб сын быў дужы як мядзьведзь, хітры як ліс, адважны як арол, цьвёрды як дуб; каб дачка была прыгожая як краска, крамяная як скарынка. З прыняцьцем хрысьціянства такія імёны перасталі ўжывацца ў якасьці імёнаў, але сталі мянушкамі ды з часам пераўтварыліся ў прозьвішчы (Валовіч, Бычкоўскі, Дубовік і іншыя).

Другую групу імёнаў дахрысьціянскага пэрыяду складаюць імёны, утвораныя зь дзьвюх частак: другой часткай было слова слава (слаў для мужчынскага роду), а першая частка паказвала, якой славы зычылі дзіцяці (Зьвініслава, Прадслава, Расьціслава; Усяслаў, Вячаслаў, Расьціслаў). У гэтую групу ўваходзілі таксама словы з другой часткай мер (Казімер, Валадзімер). Гэтыя імёны захаваліся й пасьля прыняцьця хрысьціянства (Тамсама, с. 95-96).

З прыняцьцем хрысьціянства паявіліся імёны грэцкія ды ўсходнія, асабліва габрэйскія, але крыху зьмененыя грэкамі. Прыйшлі яны ў Беларусь праз пасярэдніцтва старабаўгарскае мовы ды ў некаторай ступені зьмененыя ў ёй. Разам з паяўленьнем хрысьціянства заходняга абраду прыйшлі таксама імёны з лацінскай мовы ды, у меншай ступені, зь іншых заходніх моваў.

Розьніцы паміж імёнамі грэцкімі, перанятымі праз старабаўгарскую мову, і мёнамі грэцкімі, але перанятымі праз лацінскую мову, зводзяцца да наступных рысаў:

- замест старабаўгарскага і выступае лацінскае е (Ісус – Езус),
- замест старабаўгарскага с – лацінскае з (Пратас – Пратаз),
- замест старабаўгарскай фіты, якая вымаўлялася як гук ф, што на беларускіх землях пераходзіў у х, хв, альбо п, выступала лацінскае тх, вымаўлянае як т (Хведар, Апанас – Тодар, Апаназы),
- замест старабаўгарскага в – лацінскае б (Васіль – Базыль),
- замест старабаўгарскага к – лацінскае ц (Купрыян – Цыпрыян),
- замест старабаўгарскага зьмякчэньня зычнага перад е, і – лацінскае цьвёрдае вымаўленьне (Венямін – Банямін, Сідар – Зыдор),
- замест баўгарскага цьвёрдага л – лацінскае мяккае (Фёкла>Пёкла – Тэкля) (Тамсама, с. 96-97).

Як адны, гэтак і другія формы зьяўляюцца часткай беларускае мовы й нельга ад іх адрачыся. Калі б прыняць толькі заходнюю вэрсію, чужымі сталі б такія прозьвішчы, як Апанасовіч, Панасюк ці Васілёнак, Васілеўскі (Тамсама, с. 98).

Я. Станкевіч адзначае, што ў беларускай мове, побач з фор¬ма¬мі звычайнымі, выступаюць памяншальныя, ласкальныя (у тэрмiналёгіі Станкевіча – „любосныя”) і павелічальна-паважальныя.
Маюць яны своеасаблівыя суфіксы:
1. памяншальныя:
- мужчынскія імёны: -ік (Паўлік), -ут- (Максюта), -ок (Зьмітрок), -ец (Іванец), -чык (Іванчык), -ук (Міхалюк), -к- (Юрка);
- жаночыя імёны: -к- (Юлька, Тацянка);
2. любосныя:
- мужчынскія й жаночыя імёны: -сь, -усь (Алесь, Вінцусь; Алеся, Таклюся), -ль, -уль (Ігналь, Януля; Антоля, Гануля);
- мужчынскія імёны: -к- (Лявонька);
3. павелічальна-паважальныя:
- мужчынскія імёны: -ш, -уш (Адаш, Багуш, Януш, Іваш) (Тамсама, с. 100-101).

Я. Станкевіч апрацаваў Іменьнік Вялікалітоўскі, у якім апрача звычайнай формы імя падаюцца таксама памяншальныя, ласкальныя ды павелічальна-паважальныя, зразумела, калі такія ёсьць. Прыводзяцца таксама крыніцы, адкуль імя ўзятае.

У апрацаваным Іменьніку Вялікалітоўскім Ян Станкевіч разглядае спосаб узьнікненьня некаторых імёнаў, утвораныя ад іх прозьвішчы, а таксама формы скланеньня імёнаў.

Ніна Баршчэўская