• Напісаньне беларускіх назоваў у замежных мовах
  • 26.01.2006
Беларускія эміграцыйныя дасьледнікі клапаціліся пра як найлепшае адлюстраваньне беларускіх назоваў у замежных мовах, а асабліва назову Беларусь у чужых мовах, перш за ўсё ў ангельскай.

У 50-х гадох ХХ стагодзьдзя ў карыстаньні зна¬хо¬дзіліся 4 вэрсіі назову Беларусь: White Russia, Whiteruthenia, Byelorussia, Byeloruthenia.

Гэтакая неаднароднасьць тэрміналёгіі ня толькі нявыгадная, але й шкодная – уважае Сымон Брага. У менш азнаёмленага чытача можа паявіцца ўражаньне, што рэч ідзе пра нейкія розныя народы ці этнічныя групы. У сувязі з гэтым перад аўтарамі, якія займаюцца беларускай тэматыкай, узьнікае пытаньне, які назоў найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць? Каб накіраваць іншанацыянальных аўтараў на адзін з гэтых тэрмінаў, варта раней дасягнуць аднароднасьці сярод самой беларускай эміграцыі – падкрэсьлівае С. Брага (гэта (псэўданім Вітаўта Тумаша). Слова Беларусь складаецца з двух словаў: Белая Русь – менавіта Русь, а не Расея, і таму назовы White Russia ці Byelorussia неадпаведныя, бо іх значэньне – Белая Расея, а не Беларусь.

Калі прыгледзецца дакладней да захаваных запісаў, дык відаць, што яшчэ з часоў сярэднявечча ў заходнеэўрапейскім пісьменстве паўстала лацінізаваная форма перадачы слова Русь – Ruthenia. Хадкевічы, Валовічы, Сапегі, Скарына падчас свае навукі ў Заходняй Эўропе акрэсьлівалі сваю нацыянальнасьць словам рутэнус уперамешку з другім словам – літванус, якое ў той час мела, відаць, больш характар дзяржаўнай прыналежнасьці. Таму чужамоўны тэрмін Whiteruthenia найбольш дакладна перадае назоў Беларусь – падкрэсьлівае С. Брага (Whiteruthenia ці Byelorussia?, у: „Бацькаўшчына”, №№ 21-22 (152-153), Мюнхэн, 31 сьнежня 1953, с. 5-6).

Вітаўт Тумаш заўважае, што тэрмінам Whiteruthenia карысталіся раней і Інстытут беларускай культуры, і Беларуская акадэмія навук у Менску, і ўрад ды Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваёй міжнароднай дыпляматычнай акцыі пасьля Першай Сусьветнай вайны (Хроніка, у: „Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1953, с. 125-126).

А. Дунін, які ў публікацыі Да пытаньня WHITERUTHENIA ці BYELORUSSIA ( у: „Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 44-48) прааналізаваў працы дзьвюх беларускіх навуковых установаў у Горках: Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі Інстытуту беларускае культуры ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскае гаспадаркі ў Горках, якія рэзюмэ друкавалі ў асноўным у нямецкай мове, адзначае, што толькі ў двух першых тамах „Запіскаў” ужываўся тэрмін Weissrusland, пазьней толькі Weissruthenia (Тамсама, с. 46).

Зьмена ў перадачы беларускага нацыянальнага назову на нямецкай мове заўважылася ў 1928 годзе. У V томе часопіса „Працы” паявілася азначэньне Belarussische Kultur замест Weissruthenische. У 1930 годзе назіраецца падпарадкаваньне расейскім правілам; тады зьнікае назоў з Ruthenia, ягонае месца заступае тэрмін Weissrussischen (Тамсама ).

Даць адказ на пытаньне, якім ангельскім тэрмінам найлепш перадаваць тэрмін Беларусь, стараецца таксама Нікаляс Вакар. Прыходзіць ён да высновы, што найбольш адпаведным зьяўляецца Belorussia. На яго думку, гэты тэрмін дазволіць пазьбегнуць блытаніны беларусаў зь белымі расейцамі (Р. М., Nicholas P. Vakar: The Name „White Russia”. The American Slavic and East European Review. October, 1949, Volume VIII, у: „Запісы”, № 2 (6), Нью-Ёрк 1954, с. 119).

У ацэнцы часопіса „Аб’еднаньне”, пераклады ўласных назоваў зьяўляюцца недапушчальнымі, як, напрыклад, напісаньне назову Беларусь па-ангельску Whiteruthenia. Аўтары задумоўваюцца, як гэта было б, калі б, напрыклад, беларусы ангельскую мясцовасьць Black Wood назвалі Чорным Борам, а Old Ways Старымі Дарогамі (Р. А-скі, Як пісаць беларускія назовы па-ангельску?, у: „Аб’еднаньне”, № 6 (27), Лёндан 1950, с. 16-18).


Янка Запруднік задумоўваецца над правапісам беларускіх прозьвішчаў у іншых мовах. У артыкуле Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў ( у: „Бацькаўшчына”, № 8 (290), Мюнхэн, 19 лютага 1956, с. 3-4) аўтар цьвердзіць, што, каб пазьбегнуць скажэньняў у вымаўленьні беларускіх прозьвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай.

Прынып фанэтычнае транскрыпцыі добры тым, што ён перадае, прынамсі часткова, гукавы бок прозьвішча, але адначасова цягне за сабою страшэнны хаос у яго напісаньні з прычыны адсутнасьці адзінага міжнароднага альфабэту й дыякрытычных знакаў. Гэтак, прыкладам, прозьвішча Луцкевіч будзе пісацца па-рознаму ў ангельскай вэрсіі (Lutskevich), у францускай (Loutskevitch), ці ў нямецкай (Lutzkiewitsch). Прычым усе тры фанэтычна фальшывыя. Дык можа лепш пісаць беларускай лацінкай Luckievič – раіць Я. Запруднік.

Аўтар адзначае, што народы, якія карыстаюцца лацінкай, перадаюць свае прозьвішчы й геаграфічныя назовы ў іншыя мовы (таксама з лацінкай), з рэдкімі выняткамі, безь ніякіх зьменаў. Дык навошта ж беларусы, маючы такую ж лацінку, павінны ламаць сабе галаву, як апісваць сваю бацькаўшчыну?..( Тамсама, с. 4)

Я. Запруднік заўважае, што Беларуская Выдавецкая Калегія пры Інстытуце Вывучэньня СССР у сваім першым Беларускім Зборніку па-ангельску ўвяла прынцып трансьлітэрацыі беларускіх назоваў акрамя тых, якія больш ведамыя на Захадзе, як Vitebsk, Smolensk, Minsk, Mogilev і якія ўвайшлі ў слоўнікі заходніх моваў у іхнай расейскай форме. У Беларусім Зборніку ўсе іншыя назовы й прозьвішчы напісаныя лацінкай па-беларуску: Ihnatouski, Łuckievič, Naša Ni¬va, Maładečna, Śvisłač і гэтак далей.

„Праблема транскрыпцыі ў заходніх мовах беларускіх назоваў і прозьвішчаў вельмі важная. Той, хто рыўся па бібліятэчных картатэках, па індэксах кніжак ды па іншых альфабэтных сьпісках у пошуку матар’ялаў аб Беларусі, ведае, колькі напружанага высілку й змарнаванага часу гэта каштуе. А далёка ня ўсе, хто цікавіцца Беларусяй, маюць столькі цярплівасьці (і часта кемлівасьці), каб гартаць балонкі ці фішкі ды дадумоўвацца – зь ігрэкам ці безь яго, «о» ці «а», «ts» ці «tz» і г. д. у бесканцовасьць.” (Тамсама)

Ніна Баршчэўская