• Выступ А.Мілінкевіча ў Сэйме
  • 25.01.2006


Wielce Szanowny Panie Marszałku! Wysoka Izbo! Drodzy Przyjaciele!
Спадар Маршалак! Спадары Дэпутаты! Дарагія Сябры!

Хачу шчыра і сардэчна падзякаваць за атрыманую магчымасць выступіць перад Соймам Рэчыпаспалітай. Для мяне гэта вялікі гонар прамаўляць перад дэмакратычна абраным парламентам дэмакратычнай і вельмі блізкай нам краіны. Надзвычай важна тое, што палякі разумеюць сітуацыю на Беларусі, што вы, прадстаўнікі польскага народу, вырашылі запрасіць у Сойм дэмакратычную беларускую апазіцыю, даказваючы гэтым самым, што палякі маюць намер дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі гэтак жа паслядоўна, як яны змагаліся за дэмакратыю ва ўласнай дзяржаве.

У свой час інкарпарацыя Беларусі ў Расійскую імперыю адгукнулася на нашай зямлі трыма паўстаннямі, якія адбываліся пад заклікам „За вашую і нашую вольнасць”. Мой прадзед удзельнічаў у апошнім з гэтых паўстанняў і быў жорстка рэпрэсаваны. Паўстанцы выдатна разумелі: калі суседні народ у няволі, дык і мой народ не можа быць вольным. Мы разам змагаліся за нашую незалежнасць, за вашую і нашую свабоду, плячо да пляча, баронячы гонар і бацькаўшчыну да апошняй кроплі крыві. Палякі ніколі не кідалі марыць пра ўласную свабоду, свабоду сваёй айчыны, і вам гэта ўдалося. Сёння Польшча ёсць незалежнай дзяржавай, дэмакратычнай і квітнеючай краінай. Беларусы надалей змушаныя адстойваць уласную незалежнасць, уласны гонар, уласную айчыну. Маем перад сабою красамоўны прыклад паспяховага змагання і ніколі не адмовімся ад уласных адвечных мараў, ад ідэалаў незалежнай, вольнай дзяржавы Беларусі.

Дэмакратызацыя Польшчы паказала нам, што значыць сфармаваная грамадзянская супольнасць. Год таму мы назіралі салідарнасць палякаў з дэмакратычнымі пераменамі на Украіне. Тут, у Польшчы, мы бачым, як працуюць палітычныя эліты, якія маюць пачуццё адказнасці за сваю краіну і свой народ. Назіраем палякаў, якія цешацца ўласнай вольнасцю, якія дачакаліся спаўнення даўніх мараў развіцця і дабрабыту. Сённяшнія беларускія ўлады лічаць, што гэта дрэны прыклад і робяць усё, каб беларусы ніколі не даведаліся пра вашыя поспехі. Блакуюць польскае радыё і тэлебачанне, спрабуюць маніпуляваць польскай супольнасцю на Беларусі і запалохваць яе актывістаў, не пускаюць у нашу краіну польскіх дыпламатаў і журналістаў. Вось ужо больш за 10 гадоў Беларусь вяртаецца ў мінулае, найперш да самаізаляцыі часоў Савецкага Саюза, потым да стагнацыі часоў Брэжнева і цяпер да рэпрэсій сталінскіх часоў. Якой будзе наступная фаза, можна толькі здагадацца і прагназаваць. Мы перажываем дээвалюцыю, вычварванне развіцця ў нашай гісторыі. Улада стварае атмасферу татальнага страху. Мы ўжо з цяжкасцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова, бо адкрытае казанне праўды пра сітуацыю ў нашай краіне з нядаўняга часу караецца артыкуламі Крымінальнага кодэксу, як, напрыклад, дыскрэдытацыя дзяржавы. Мноства людзей большыя або меншыя тэрміны ўжо сядзелі або сядзяць у турмах, фармальна, безумоўна, не за палітыку. Але ўсе разумеюць, якую задачу ставіць гэтым сённяшняя ўлада – запалохаць і зняважыць.

У Беларусі няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Гвалтоўна змяншаецца колькасць беларускіх класаў у сярэдніх школах. Зачынены ўладамі адзіны на ўсю краіну беларускамоўны ліцэй у мінулым годзе. І гэта ўсё робіцца ў краіне, дзе 74% лічаць беларускую мову роднай.

Культура перажывае нечуваную дагэтуль стагнацыю. Акрамя таго, што радыё і тэлебачанне абавязаныя перадаваць у эфір 75% сучаснай беларускай музыкі, ёсць чорны спіс музыкантаў, якія знаходзяцца ў апазіцыі да рэжыму. Яны не з’яўляюцца ані на радыё, ані на тэлебачанні. Перадаванне музыкі гэтых аўтараў у эфір забаронена. Саюз пісьменнікаў, які аб’ядноўвае найбольш паважных паэтаў і пісьменнікаў нашай краіны, з прычыны таго, што крытычна ацэньвае сённяшнюю ўладу на Беларусі, быў змаргіналізаваны праз стварэнне паслухмянай уладам новай пісьменніцкай арганізацыі. У Беларусі няма ніводнага незалежнага тэлевізійнага канала ці радыёстанцыі, якія б дазвалялі сабе хоць сціпла крытыкаваць сённяшнюю ўладу. Тыднёвы наклад усіх незалежных газет меншы чым аднадзённы наклад галоўнай уладнай газеты „Савецкая Беларусь”. Яшчэ чатыры гады назад на Беларусі было 60 незалежных газетаў. Пасля новага года фактычна іх засталося толькі 3, на якія людзі могуць падпісацца.

Гаспадарка надалей знаходзіцца ў дзяржаўных руках. Толькі 20% унутранага валавога прадукта сёння прадукуецца прыватным сектарам, які зрэшты не можа існаваць, калі не звязаны з уладай. Незалежных ад улады прадпрымальнікаў цісне адміністрацыя і даводзіць да банкруцтва або схіляе да пэўнай лаяльнасці. Сярэдняя зарплата на Беларусі каля 150 даляраў – гэта рэальная лічба, а кошты на прадукты і камунальныя паслугі такія, як у Польшчы і часта нават вышэй. Калі толькі беларусы пачалі ездзіць у Польшчу, каб купіць прадуктаў, улада адразу ўвяла абмежаванні на ўвоз гэтай польскай прадукцыі. Замежныя стасункі Беларусі сёння не развіваюцца. Скандал з польскай супольнасцю, абвінавачванне Літвы ў падрыхтоўцы звяржэння беларускага ўраду, абраза прэзідэнта Юшчанкі ў тым, што ён марыянетка Захаду. Нават адносіны з Пуціным знаходзяцца ў найбольш халодным пункце хіба за ўвесь час прэзідэнцтва гэтага расійскага палітыка. Апошняе пагадненне паміж Расіяй і Беларусяй на нізкія цэны на газ не з’яўляецца вынікам добрых адносінаў нашых краінаў, а толькі тым, што кантроль над беларускай сеткай газаправодаў перададзена расійцам узамен за падтрымку Лукашэнкі Крамлём на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах.

Еўразвяз падаецца беларускай прапагандай як супольнасць дзікага капіталізму, у якім людзі спяць на вуліцах, жабруюць, грэбаюцца ў сметніках, дзе грамадзян сярод белага дня забіваюць. Злучаныя Штаты, якія атаесамліваюцца прапагандай з НАТА, ёсць месцам найбольшага зла так званай сінявокай Беларусі. Калі б не Лукашэнка, Злучаныя Штаты, паводле прапаганды, зрабілі б з Беларусі даўно ўжо калонію, як гэта яны зрабілі з Польшчы і з прыбалтыйскіх краінаў.

Улада ў любой сістэме абапіраецца на людзей. Гэта людзі маюць права абіраць уладу ці змяняць яе. Беларуская апазіцыя бачыць Беларусь адкрытай, незалежнай дзяржавай, у якой шануецца годнасць кожнага чалавека. Усе здаровыя дэмакратычныя сілы ў маёй дзяржаве аб’ядналіся на платформе свабоды, дэмакратыі і незалежнасці. Гэта партыя Беларускага народнага фронту, Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя камуністаў Беларусі, сацыял-дэмакратычная „Грамада”, партыя працы, партыя зялёных, партыя жанчын, і яны былі падтрыманыя больш чым 200 грамадскімі арганізацыямі. Вынікам гэтага аб’яднання стаўся Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбыўся на пачатку кастрычніка мінулага года і сабраў больш чым 1200 удзельнікаў. Яны прадстаўлялі ўсе беларускя рэгіёны, усе дэмакратычныя партыі і незалежныя прафсаюзы. Ад часу, калі Лукашэнка ў ’96 годзе разагнаў дэмакратычны парламент, Беларусь не ведала падзеі такога высокага ўзроўню легітымнасці. Не зважаючы на запэўнены сацыяльны мінімум, беларусы змучаныя жыццём у пагардзе. Беларусы сёння скутыя страхам. Першай задачай дэмакратычных сілаў ёсць пераламанне гэтага страху, а таксама павелічэнне актыўнасці людзей з дапамогай інфармацыйнай шырокай кампаніі і падтрымка іх самаарганізацыі. Толькі ў гэтым выпадку не адбудзецца сцэнар сфальшаваных псеўдавыбараў, якія апошнім часам праходзілі ў нашай краіне і прыводзілі да элеганцкай, як кажа прапаганда, перамогі Лукашэнкі.

Хацеў бы падкрэсліць – мы не спадзяемся, што тое, што адбудзецца 19 сакавіка ў Беларусі, будзе тым, што ў Польшчы і ва ўсім свеце называецца выбарамі. Але мы маем шанцы змусіць уладу да празрыстых і дэмакратычных выбараў. Мы не хочам рэвалюцыі, мы хочам выбараў празрыстых, чэсных, па Канстытуцыі. Але калі ўлада не забяспечыць гэтага, я думаю, што людзі выйдуць на вуліцу не за кавалак хлеба, а за тое, каб бараніць свой гонар і годнасць.

Кажу гэта як прадстаўнік шырокай кааліцыі ўсіх тых сіл, якія хочуць вярнуць маю дзяржаву да вялікай сям’і дэмакратычных народаў свету. Наша сіла ў адзінстве і толькі адзінства можа быць падмуркам нашай перамогі. Будзем шчаслівыя, калі ўсе тыя, каму неабыякавы лёс Беларусі, хто падзяляе нашы каштоўнасці і бачыць Беларусь дэмакратычнай, далучыцца да нашай шырокай кааліцыі. Разам нам будзе лягчэй.

Вяртанне Беларусі на шлях свабоды і дэмакратыі ёсць абавязкам, безумоўна, саміх беларусаў. Аднак таксама лічым на падтрымку з боку дэмакратычных краінаў свету. Скаардынаваныя дзеянні ўсіх тых, хто хочуць бачыць Беларусь свабоднай, неабходны ў наступных накірунках: пашырэнне абсягу альтэрнатыўнай інфармацыі, вольнай ад цэнзуры ўлады; салідарнасць з актывістамі дэмакратычнага руху, рэпрэсаванымі за палітычныя погляды, асуджанымі да турмаў, пакаранымі грашовымі штрафамі, зволенымі з працы і з універсітэтаў; падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, здольных прафесійна выконваць свае абавязкі ў новай дэмакратычнай Беларусі.

Адкрытасць дэмакратычнага свету для звычайных беларускіх грамадзянаў, дзякуючы аблягчэнню візавага рэжыму і адначасовае ўмацненне гэтага візавага рэжыму для тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях і ў нішчэнні правоў чалавека. Да Польшчы як суседкі, блізка звязанай з Беларуссю стагоддзямі супольнай гісторыі і супольнымі народнымі героямі, пераважная большасць беларусаў ставіцца з сімпатыяй. Таму мы зычым палякам і Польшчы поспеху. Ваш поспех дае нам прыклад, што толькі свабода, незалежнасць і дэмакратыя спрыяюць рэалізацыі патэнцыялу народа.

Мусім таксама памятаць, што маем унікальную магчымасць пабудовы мосту паразумення з дапамогай меншасцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Гарантыя захавання моўнай, культурнай і рэлігійна самасвядомасці, магчымасці навучання ў роднай мове, гаспадарчае развіццё рэгіёна, заселенага этнічнымі беларусамі ў Польшчы служыць для нас добрым аргументам на карысць дэмакратычнай сістэмы вашай краіны. Са свайго боку запэўніваю, што як толькі на Беларусі будзе дэмакратыя і яна вернецца на шлях свабоды, польская меншасць замест пераследу будзе мець поўную падтрымку з боку дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Дыктатар у суседняй з вамі краіне ніколі не марыў пра адкрытую і дэмакратычную Беларусь. Для яго не было важнейшай справы, як татальны кантроль над грамадствам, над думкамі людзей і над іх лёсам. Аднак беларусы зразумелі: свабода і дэмакратыя могуць быць дасягнутыя, яны на адлегласці працягнутай рукі. Патрэбнае толькі магутнае жаданне быць свабоднымі. Dziękuję za uwagę. (Сабраныя ўстаюць. Доўгія воплескі)

Dziękuję bardzo.