• Беларуская асьвета пад нямецкай акупацыяй
  • 01.02.2006
Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. Паведамлялі ня толькі пра сёньняшні стан, але зазіралі і ў мінуўшчыну. У шматлікіх публікацыях апісвалі дзейнасьць беларускіх школаў пад нямецкай акупацыяй. Сёньня пазнаёмім з намаганьнямі беларусаў адчыніць як найбольшую колькасьць школ у час Першай сусьветнай вайны.


Газэта „Беларус” зьмясьціла публікацыю пра беларускае школьніцтва ў гадох 1915-1919 (Юльляна Вітан-Дубейкаўская, Беларускае школьніцтва (1915-1919), у: „Беларус”, № 300, Нью-Ёрк, травень 1982, с. 3). Пасьля ўваходу ў Вільню нямецкай арміі на пачатку верасьня 1915 году Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны выступіў да акупацыйных уладаў зь некалькімі мэмарыяламі (на нямецкую мову перакладала аўтарка публікацыі Юльляна Вітан-Дубейкаўская), між іншым, у справе адкрыцьця беларускіх школаў. Знайсьці памешканьні пад беларускія школы яшчэ да часу атрыманьня дазволу старалася Алёйза Пашкевіч-Кейрыс „Цётка”. Яна хадзіла па раёне, каб адшукаць беларускія сем’і ды заклікала бацькоў запісваць дзяцей у гэтыя школы. Каб падрыхтаваць настаўнікаў, стараньнямі Цёткі ды братоў Луцкевічаў былі адчыненыя трохмесячныя курсы, выкладчыкамі на якіх былі: браты Луцкевічы, аўтарка публікацыі (у той час Юльляна Мэнкэ) ды яшчэ пару асобаў, а кіраўніком і адначасова настаўнікам – сп. Пачобка. Курсантаў было 22 асо¬бы. Апрацаваньне беларускіх школьных падручнікаў узяў на сябе Вацлаў Ластоўскі. Цётка, на жаль, не дажыла адкрыцьця школаў. Памерла ад тыфу ў сваёй роднай вёсцы, куды выехала, як сястра Чырвонага Крыжа, на змаганьне з эпідэміяй тыфу. Па сьмерці Цёткі ў абсталяваньні памешканьняў школаў заступіў яе Іван Луцкевіч.

Першая беларуская школа была адчыненая ў лістападзе 1915 году на Зарэччы. З пачаткам Новага 1916 году, калі адбыўся першы выпуск настаўнікаў з трохмесячных курсаў, беларускія школы былі адчыненыя ня толькі ў Вільні, але й па вёсках. Роля абаронцы справы беларускіх народных школаў прыпала аўтарцы публікацыі, якая была вызначаная Беларускім камітэтам прадстаўніком у нямецкага школьнага інспэктара (Шульрату) Тэгудэ.

Беларускія школы былі перанятыя горадам альбо паветам, якія плацілі настаўнікам, утрымлівалі школы й давалі бясплатныя абеды для дзяцей.

У самой Вільні было 5 школаў: на Зарэччы з настаўніцай Каміляй Савіцкай, на Антокалі з настаўніцай Станіславай Корф, у канцы Юр’еўскага праспэкту з настаўніцай Камінскай, на Сьніпішках з настаўнікам Андрэем Троттам і на Новым Сьвеце, дзе таксама працаваў А. Тротт.

Пашырэньню беларускіх школаў у Заходняй Беларусі дапамагала тое, што дэкрэтам маршала Гіндэнбурга ад 1 студзеня 1916 году беларуская мова была прызнаная раўнапраўнай зь іншымі мовамі акупаванага немцамі краю, што было дасягнута мэмарыяламі Беларускага камітэту ў Вільні.

Дзеля падрыхтоўкі настаўнікаў нямецкія школьныя ўлады далі дазвол на заснаваньне настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. Гэта былі гадавыя настаўніцкія курсы.

Быў арганізаваны й Беларускі настаўніцкі саюз, які рупіўся аб пашырэньні беларускіх школаў, так што ў канцы нямецкай акупацыі налічвалася больш за 200 беларускіх школаў – адзначае на старонках „Беларуса” Юльляна Вітан-Дубейкаўская.

Пасьля адыходу немцаў на Каляды 1918 году й прыходу бальшавікоў ад Новага 1919 году беларускія школы ў Заходняй Беларусі працавалі далей, хоць Камісарыят асьветы, які іх пераняў, уводзіў свае парадкі. Пад Камісарыят асьветы перайшла й новаадчыненая першая Беларуская гімназія ў Вільні. Гэта Іван Луц¬кевіч дамогся ад адыходзячых немцаў, каб перадалі Беларускаму камітэту пад гімназію Базыльянскія муры, дзе знаходзіўся лязарэт. Знайшоўся й адпаведны настаўніцкі пэрсанал, бо шмат людзей вярнулася ў родную Вільню, куды ўцякалі ад бальшавікоў таксама жыхары Ўсходняй Беларусі. Нарады аб арганізацыі гімназіі адбываліся ў Беларускім Камітэце пры Віленскай вуліцы № 33 – прыгадвае Ю. Вітан-Дубейкаўская. На падстрэшшы знайшліся школьныя лаўкі й сталы – інвэнтар былой Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі.

Беларуская гімназія пачала сваю працу 1 лютага 1919 году. Гімназію й працаўнікоў зарэгістраваў у Камісарыяце асьветы дырэктар Міхал Кахановіч. Першымі настаўнікамі былі: Міхал Кахановіч, Максім Гарэцкі, Леаніла Чарняўская, Алена Сокалава, ксёндз Адам Станкевіч, Іван і Антон Луцкевічы, Катовіч, Юльляна Мэнкэ, Натальля Францлебэн ды іншыя.

Аўтарка публікацыі піша, што да 1922 году польскі ўрад не ліквідаваў яшчэ беларускіх школаў. Браніслаў Тарашкевіч нават стаў кіраўніком Беларускага аддзелу Міністэрства асьветы. Аднак да 1939 году польскі ўрад зьліквідаваў усе беларускія школы, засталася ў Вільні толькі адна Беларуская гімназія, якая ў 1944 годзе, у часе нямецкай акупацыі, сьвяткавала сваё 25-годзьдзе.

Ніна Баршчэўская