• Беларуская асьвета пад нямецкай акупацыяй - 2
  • 08.02.2006

Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. Паведамлялі ня толькі пра сёньняшні стан, але зазіралі і ў мінуўшчыну. У шматлікіх публікацыях апісвалі дзейнасьць беларускіх школаў пад нямецкай акупацыяй у час Першай сусьветнай вайны.

Яўхім Кіпель (1898-1969) у сваіх успамінах (апублікаваных на падставе рукапіснае спадчыны, што захоўваецца ў архіўных зборах Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку) піша пра навуку ў пачатковай школе ў Глуску. У публікацыі Як нас вучылі (у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 54-68) Я. Кіпель знаёміць чытачоў зь цяжкасьцямі, зь якімі сустракалася беларуская моладзь у расейскамоўнай школе. Расейская мова на пачатку XX ст. была зусім чужая беларускай вёсцы. Пры гэтым вучням, замест патлумачыць розьніцы паміж беларускай і расейскай мовамі, часта ўгаворвалі, што яны размаўляюць „няправільна”.

Беларускае школьніцтва паявілася толькі пад нямецкай акупацыяй. Апалёнія Раткевіч у публікацыі пад назовам Пачаткі беларускага школьніцтва ў Менску (у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 84-91) піша, што ўлетку 1918 году, калі нямецкая армія заняла Менск, у Аддзеле асьветы паявіліся прадстаўнікі беларускага ўраду: Тамаш Грыб, Паўлінка Мядзёлка, Паўлута Бадунова, Мікола Шыла. У той час у Менску ўсе школы бы¬лі расейскія. І першае, што трэба было зрабіць – гэта заснаваць беларускія школы ды ўкамплектаваць іх беларускімі настаўнікамі. У цэнтры гораду школы былі расейскія. Засталіся ўскраінныя, найбольш зруйнаваныя школы: Камароўка, Старажоўка, Татарская Слабада, Кальварыя, Весялоўка, Ляхаўка, Грушаўскі пасёлак, Залатая Горка. Тут і ўзяліся засноўваць беларускія школы. Працаваць прыходзілася без падручнікаў. Аднак нацыянальная сьведамасьць і ўздым перамаглі ўсе цяжкасьці. (Тамсама, с. 84-85)

У той час усе бралі ўдзел у беларускай грамадзкай працы.

„Хто ў гуртку школьнай моладзі пры Беларускім Нацыянальным Камітэце; хто ў хоры Тэраўскага, або Равенскага, або Чарняўскага; хто ў аматарскім беларускім тэатры братоў Ждановічаў, або Галубка, пасьлей і Аляхновіча; а шмат якія й самі ўжо ладзілі спэктаклі ў сябе ў вакругах, як прыкладам Паш¬кевіч у Глыбокім. Выпісвалі й чыталі беларускія газэты й кніжкі, а шмат былі ўжо й беларускімі дзеячамі й пісьменьнікамі, як Краўцоў Макар, Міхась Чарот.” (Тамсама, с. 86)

Усім прыходзілася многа вучыцца, паколькі былі гадунцамі расейскае школы. Дык пасьля дзённай працы ў школе наведвалі курсы беларусаведы. Лектарамі былі: Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Пазьней гэтыя курсы былі пераўтвораныя ў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства.

Праца ў беларускіх школах была нялёгкая. Тым больш, што ў расейскіх школах былі спрактыкаваныя настаўнікі, якія ведалі мясцовае насельніцтва ды вялі агітацыю супраць новых беларускіх школаў. Але акалічныя жыхары ўжо былі ўсьвядомленыя, што яны беларусы, што іхная мова ня „простая мужыцкая”, але беларуская, ды ставілася прыхільна да сваёй школы.

А. Раткевіч адзначае, што прыходзілася змагацца на два бакі. У гадох 1919-1920 польская адміністрацыя таксама старалася разбурыць беларускую школу. Былі арыштаваныя: Тамаш Грыб, Паўлінка Мядзёлка, Палута Бадунова. Увесну 1920 году польскае кіраўніцтва склікала сход настаўнікаў беларускіх школаў і запрапанавала ўвесьці польскую мову ў беларускія школы Менску. У адказ на гэта беларускія настаўнікі выйшлі з залі. У гэты час нават некаторыя расейскія школы далучыліся да беларускіх. Тады польскіх школаў было вельмі мала. Гэта была пара больш-менш масавага ўвядзеньня беларускае мовы ў школы, а ўзгадаваньне дзяцей у дзіцячых прытулках вялося выключна ў беларускай мове. (Тамсама, с. 88)

„Усе мы тады шчыра верылі, што будуем «беларускі дом» і шчыра аддана працавалі. Шмат-шмат хто пасьля за гэтую працу быў рэпрэсіяваны, зьняволены й згубіў сваё здароўе або й жыцьцё на поўначы ці ў Сібіры.

Беларуская школа сталася дзяржаўнай. Але й пасьля гэтага ейны шлях быў цяжкі, блытаны, часта навет крытычны дзеля розных праектаў, зьменаў і шуканьняў, якія былі мукаю вучням, а яшчэ больш настаўнікам.”
(Тамсама, с. 90)

Ніна Баршчэўская