• І.Мележ – нястомны шукальнік беларускага аўтэнтызму
  • 08.02.2006

85 гадоў таму нарадзіўіса Іван Мележ, які на працягу некалькіх дзясяткаў паваенных гадоў быў нястомным шукальнікам народнага аўтэнтызму ў беларускай мастацкай прозе.

Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 году ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. 10 гадоў пасьля сьмерці пісьменьніка, які памёр 9 жніўня 1976 году на 51 годзе жыцьця, калі знаходзіўся ў росквіце сваіх творчых сіл, тэрыторыя гэтая сталася эпіцэнтрам Чарнобыльскай катастрофы.

Дзяцінства й юнацтва Мележа супалі ў часе зь цяжкімі й пакутлівымі падзеямі ў беларускай грамадзка-палітычнай рэчаіснасьці. Сутыкнуліся яны з такой катастрафічнай падзеяй, як калектывізацыя вёскі й зьвязанае зь ёю раскулачваньне сялянства, якое давяло да духоўнага й фізычнага вынішчэньня ўсяго таго, што было ў Беларусі найбольш працавітым, ахвярным, ініцыятыўным і творчым. Другім вялікім няшчасьцем таго пэрыяду быў сталінскі тэрор, які, нібы тайфун, зьнішчыў на Беларусі рэлігійнасьць, патрыятызм і нацыянальную тоеснасьць.

Бацька будучага пісьменьніка разумеў, што толькі адукацыя й актыўнае далучэньне да г.зв. сацыялістычных пераўтварэньняў могуць запэўніць сыну будучыню й нармальнае функцыянаваньне ў савецкім грамадзтве.

У 1938 годзе Іван Мележ закончыў сярэднюю школу й прыступіў да працы ў раённым Камітэце камсамолу ў Хойніках. Годам пазьней быў ён накіраваны на вучобу ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філязофіі й літаратуры, у якім будучы пісьменьнік правучыўся ўсяго адзін год.

Ужо ў 1939 годзе быў ён мабілізаваны ў Чырвоную армію й прыняў актыўны ўдзел у г.зв. вызваленчай місіі зьняволеных народаў. Місія гэтая праявілася ў ягоным удзеле ў вайне Савецкага Саюзу з Румыніяй за Бэсарабісю й Букавіну. У 1941 годзе, пасьля нападу Гітлера на Савецкі Саюз, Іван Мележ змагаўся зь гітлераўскімі акупантамі на г.зв. украінскіх франтах і ў 1945 годзе быў вельмі цяжка паранены пад Растовам. Пасьля вылячэньня ў Грузіі, быў накіраваны ў тыл.

Крыху пазьней паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які ў часе вайны дзейнічаў пад Масквою. Унівэрсытэт гэты закочыў ён у 1945 годзе ў вызваленым Менску. Вучыўся таксама ў аспірантуры, аднак навуковай дысэртацыі не закончыў.
У першых паваенных дзесяцігодзьдзях Іван Мележ працаваў у рэдакцыі часопіса „Полымя”, у Цэнтральным камітэце ўсесаюзнай камуністычнай партыі, у Саюзе пісьменьнікаў БССР, у Вярхоўным савеце БССР; быў таксама старшынём Беларускага камітэту абаронцаў міру. У 1972 годзе Іван Мележ атрымаў званьне народнага пісьменніка БССР.

Як паэт, Іван Мележ дэбютаваў у 1939 годзе. Аднак ягонае захапленьне пазэзіяй трывала вельмі коратка. Ужо ў 1943 годзе стаў ён пісаць прозай, і ў 1946 годзе выдаў першы зборнік апавяданьняў і аповесьцяў пад загалоўкам У завіруху. Да найбольш вядомых яго празаічных зборнікаў трэба аднесьці: Гарачы жнівень (1948), Заўсёды наперад (1948), Блізкае і далёкае (1954), У гарах дажджы (1957). У 1952 годзе выдаў ён вялікі раман Мінскі напрамак, у якім пастараўся паказаць вядомую вайсковую апэрацыю пад назовам Баграціён, у выніку якой была вызваленая ўся Беларусь і палова Польшчы.

У гадох 1966-1978 выйшлі з друку тры часткі яго найбольш папулярнага рамана Людзі на балоце, які крытыкі часта называюць Палескай хронікай. Твор гэты прынёс пісьменьніку вялікую папулярнасьць ня толькі ў Беларусі, але й за мяжою, у тых краінах, дзе ён быў перакладзены на чужыя мовы. Амаль уся проза Івана Мележа, у тым ліку часткова й Людзі на балоце, была ўтрыманая ў канонах сацыялістычнага рэалізму. Догмы й шаблёны сацыялістычнага рэалізму ў значнай ступені пашкодзілі творчым дасягненьням пісьменьніка. Аднак нельга не падкрэсьліць, што ў Людзях на балоце Іван Мележ праявіў максымум энэргіі дзеля таго, каб вырвацца з шаблёнаў соцрэалізму й максымальна выкарыстаць тое, што складалася на беларускую нацыянальную тоеснасьць, на беларускі этнаграфізм ды беларускую абраднасьць і фальклёрнасьць. Менавіта ў гэтым праявілася новая тэндэнцыя ў творчасьці пісьменьніка, які ў апошняй яе фазе зрабіў усё магчымае, каб акунуцца ў беларускі нацыянальны аўтэнтызм. Якраз дзякуючы гэтым уласьцівасьцям, якасьцям і каштоўнасьцям, Іван Мележ увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як творца, сэрцам, душою й розумам арганічна зьвязаны зь беларускай нацыянальнай духоўнасьцю.

Адзначаючуы 85-годзьдзе з дня народзінаў Івана Мележа, мусім памятаць, што быў ён ня толькі празаікам, але таксама драматургам, кінасцэнарыстам, публіцыстам, перакладчыкам і літаратурным крытыкам.

Дзякуючы выключнай працавітасьці й несумненнаму таленту ў розных галінах мастацкага слова, Іван Мележ заняў трывалае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Для нас істотнае значэньне мае таксама тое, што Палеская хроніка была перакладзеная на польскую мову Эўгэніюшам Кабацам і была вельмі прыхільна сустрэта як чытачамі, гэтак і літаратурнай крытыкай.

Алесь Барскі