• Год Гедройця ў Беларусі
  • 10.02.2006
3 лютага ў сядзібе Польскага інстытуту ў Менску адбылося ўручэньне ўзнагародаў пераможцам VІ выпуску Конкурсу імя Ежы Гедройця для журналістаў і навукоўцаў. У сустрэчы ўдзел прынялі прадстаўнікі Амбасады РП, Консульства, дыпляматычнага корпусу й журналістаў.

Ляўрэаты Конкурсу:
Міхаіл Рыськоў (Магілёў)
Ала Казакова (Менск)
Анастасія Касьцюковіч (Менск)
Ніна Марчук (Кобрын)
Алена Вятрова (Менск)
Віктар Шалкевіч (Горадня)
Адам Мальдзіс (Менск)

Названыя ляўрэаты атрымалі дыплёмы й грашовыя ўзнагароды. Ганаровы дыплём атрымала таксама Рэдакцыя газэты „Літаратура і Мастацтва”.

Урачыстасьць гэтая распачала Год Гедройця ў Беларусі, арганізаваны Інстытутам польскім супольна з польскімі й беларускімі партнэрамі. Цягам году адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных асобе Ежы Гедройця ды ягонай дзейнасьці, а таксама асяродзьдзям, зьвязаным з „Культурай” і Літаратурным інстытутам.

Год Гедройця ў Беларусі важны ня толькі з тае прычыны, што Ежы Гедройць нарадзіўся ў Менску, але таксама таму, што ўтрымліваў ён шматлікія кантакты з многімі прадстаўнікамі беларускіх інтэлектуальных элітаў у рамках шырока ўспрыманага польска-беларускага паразуменьня й дыялёгу пра супольную культурную спадчыну, а таксама будучыню Беларусі.

Таварыства апекі над Архівам Літаратурнага інстытуту ў Парыжы, якое ўжо многія гады супрацоўнічае зь Інстытутам польскім, праявіла гатоўнасьць шчыльна супрацоўнічаць падчас арганізацыі праекту „Год Гедройця ў Беларусі”. Зь беларускага боку Інстытут будзе супрацоўнічаць зь Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, зь Беларускім калегіюмам ды з рэдакцыямі часопісаў „Arche” й „Спадчына”.

На пераломе лютага й сакавіка плянуецца выданьне й прэзэнтацыя другога, пашыранага выданьня беларускага нумару часопіса „Культура”. Яго зьмест узбагачаны фрагмэнтамі аўтабіяграфіі Рэдактара, а таксама публікацыямі супрацоўнікаў Літаратурнага інстытуту.

На другое выданьне будзе складацца збор прэсавых артыкулаў і канфэрэнцыйных матэрыялаў за гады 1998-2006 пад загалоўкам „Ежы Гедройць і Беларусь”.

Да канца чэрвеня бягучага году Польскі інстытут у Менску плянуе паказ дакумэнтальных фільмаў, арганізацыю навуковых канфэрэнцыяў (асаблівай увагі заслугоўвае канфэрэнцыя „Канцэпцыя УЛБ – Украіна, Летува, Беларусь – ад ідэі да рэалізацыі. У 100 угодкі з дня народзінаў Ежы Гедройця), выставаў і прамоцый выданьняў „Культуры” й Польскага інстытуту ў Парыжы.