• Беларуская асьвета пад нямецкай акупацыяй - 3
  • 15.02.2006
Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. Паведамлялі ня толькі пра сёньняшні стан, але зазіралі і ў мінуўшчыну. У шматлікіх публікацыях апісвалі дзейнасьць беларускіх школаў пад нямецкай акупацыяй у час Другой сусьветнай вайны.

У гады Другой cусьветнай вайны цэлы кіраўнічы апарат асьветай, „пачынаючы ад Наркамасьветы БССР ды канчаючы раённымі аддзеламі й дырэктарамі сярэдніх школаў, разваліўся, як і ўсе савецкія цэнтральныя ды мясцовыя ворганы ўлады” – піша Гіпаліт Няміга (псэўданім Гіпаліта Паланевіча) у артыкуле пад назовам Беларускае школьніцтва пад нямецкай акупацыяй Беларусі ў вайну 1941-1944 г.г. (у: „Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 102-112).

Перад пачаткам вайны, у 1940/1941 навучальным годзе, у БССР налічвалася 11 844 школы, у тым ліку пачатковых – 8 312, сямігадовых – 2 562, сярэдніх – 934, іншых – 36. (Тамсама, с. 103)

У ваенны час пра арганізацыю школьнага жыцьця пачала клапаціцца беларуская інтэлігенцыя. Калі ў Менску ўстанавілася цывільная акупацыйная ўлада й мясцовыя беларускія ўстановы, у сталіцу прыехаў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, удзельнік Усебеларускага кангрэсу 1917 году, які ў свой час перасьледаваўся за беларускую нацыянальную працу польскімі каталіцкімі ўладамі. Яму ўдалося пераканаць нямецкія цывільныя ўлады аб патрэбе адкрыцьця пачатковых школаў. Тады пры Генэральным Камісарыяце Беларусі быў утвораны Беларускі галоўны школьны інспэктарат, а галоўным школьным інспэктарам быў прызначаны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Насельніцтва й настаўнікі прыхільна адгукнуліся на ініцыятыву школьнага інспэктарату, і ва ўсіх паветах Генэральнага Камісарыяту Беларусі пачалася цяжкая праца ў падрыхтоўцы пачатку новага навучальнага году. (Тамсама, с. 104)

Галоўны школьны інспэктарат стараўся забясьпечыць настаўнікаў хоць той дапаможнай літаратурай, што захавалася на складох беларусіх выдавецтваў у Вільні, як: Нарысы беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, крытычныя працы Антона Навіны (псэўданім Антона Луцкевіча). У пачатку школьнага году пасьпеў яшчэ апрацаваць і выдаць схэматычную праграму й навучальны плян для пачатковых школаў. Апрача гэтага прыходзілася карыстацца старымі савецкімі ды польскімі падручнікамі. Аднак з прызначэньнем на пасаду наглядніка школьных справаў пры Генэральным Камісарыяце Беларусі немца Сівіцы выйшла распараджэньне пра забарону карыстаньня даваеннымі савецкімі й польскімі падручнікамі й дапаможнікамі. Было загадана ў вызначаным тэрміне сабраць усё ды ад¬везьці й здаць у павятовыя, гарадзкія й местачковыя аддзелы асьветы.

Каб дапамагчы школам, Галоўны школьны інспэктарат пачаў выдаваць раз у месяц часопіс „Беларуская Школа”, першы нумар якога выйшаў у лютым 1942 году. Апрача гэтага пры Галоўным школьным інспэктараце працавала беларуская навукова-тэрміналягічная камісія. Да паловы 1942 году мела яна апрацаваны сьпіс матэматычнае тэрміналёгіі, які рассылала па школах.

Гіпаліт Няміга паведамляе, што акупацыйныя ўлады не супраціўляліся арганізаваньню беларускага пачатковага школьніцтва, але вельмі неахвотна дазвалялі адчыняць сярэднія школы. Пра вышэйшыя навучальныя ўстановы не хацелі й слухаць. Крыху лягчэй было адчыніць сярэднія прафэсійна-рамесьніцкія школы. „Не ў інтарэсах акупанта было даваць магчымасьць беларускай моладзі здабываць вышэйшую асьвету”– адзначае Г. Няміга. (Тамсама, с. 107)

Дзейнасьць на карысьць беларускага народу пад нямецкай акупацыяй не адбывалася аднак без ахвяраў. Ахвярай самаадданай працы стаўся й галоўны школьны інспэктар, ксёндз Вінцэнт Гад¬леўскі, які быў арыштаваны Гестапа й забіты перад Калядамі 1942 году.

Беларускія пачатковыя й сярэднія школы арганізоўваліся ня толькі ў Генэральным Камісарыяце Беларусі. Ужо ў 1941 годзе ў былой Латвіі працавалі беларускія пачатковыя школы ў Дзьвіншчы¬не, Рэжыцкім і Люцынскім паветах, беларуская гімназія ў Індры (Бальбінава), а ў Рызе тры беларускія шасьціклясныя школы. На пачатку 1943 году арганізаваліся беларускія школы ў Летуве, Генэральным Камісарыяце Ўкраіны (Берасьцейшчына), на Гарадзеншчыне й Беласточчыне. У Летуве было 350 беларускіх народных школаў, гімназія й настаўніцкая сэмінарыя ў Вільні.

На беларускіх землях паявіліся сярэднія й прафэсійныя школы: у Смаргонях – гандлёвая школа, у Івянцы – рамесьніцкая школа, у Наваградку, Вялейцы й Нясьвіжы – настаўніцкія сэмінарыі, у Глыбокім, Паставах і Браславе – шасьцімесячныя настаўніцкія курсы, у Маладэчне й Валожыне – гандлёва-адміністрацыйныя школы, у Маладэчне й Бабруйску – музычныя школы, у Касьцяневічах і Мар’інай Горцы – сельскагаспадарчыя школы, у Мар’інай Горцы была таксама гімназія, у Менску – прагімназія, у Горы-Горках – земляробская школа, у Магілеве – Мэдычны інсты¬тут, у Баранавічах – мэдычная школа, дарожна-будаўнічая школа й трохмесячныя арганізацыйна-бухгальтарскія курсы.

Па словах Г. Нямігі, найцяжэйшы быў 1943/1944 навучальны год, калі немцы адступалі пад напорам савецкае арміі, усё палячы й нішчачы па дарозе. Ізноў зачыняліся й разбураліся беларускія школы. (Тамсама, с. 107-111)

Ніна Баршчэўская