• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд
  • 22.02.2006

Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. У многіх публікацыях закраналася пытаньне беларускага школьніцтва ў савецкі час. Сёньня гутарка пойдзе пра агульную сытуацыю школаў у гэты пэрыяд.

Пытаньне народнае асьветы шырока закраналася савецкай прапагандай – паведамляе газэта „Бацькаўшчына” ў артыкуле Аб г. зв. усеагульным навучаньні ў БССР (№ 40 (171), Мюнхэн, 11 кастрычніка 1953, с. 1-2). У друку й выступленьнях заўсёды падкрэсьліваліся вялікія асыгнаваньні ў бюджэце на культурнае будаўніцтва, шмат пісалася й гаварылася аб суцэльнай пісьменнасьці ў Савецкім Саюзе, аб шырокай сетцы розных навучальных установаў, аб бібліятэках, клюбах і гэтак далей. Аўтар артыкулу зьвяртае ўвагу на тое, што савецкая ўлада яшчэ ў 1918 годзе, зацьвярджаючы Статут аб адзінай працоўнай школе, узаконіла абавязковае, усеагульнае й бясплатнае навучаньне ўсіх дзяцей школьнага веку ад 6 да 17 гадоў з арганізацыяй харчаваньня вучняў у школе, забесьпячэньня абуткам, вопраткай і навучальнымі прыладамі. Тым часам і ў 50-х гадох не выконваліся гэтыя дэкрэтаваныя абяцаньні.

7 сакавіка 1926 году савецкі ўрад Беларусі вынес пастанову аб распрацоўцы пляну ўвядзеньня ўсеагульнага й абавязковага навучаньня ў БССР. Толькі 10 гадоў пасьля стабілізацыі савецкай улады ў Беларусі 25 ліпеня 1930 году ўрад прыняў пастанову аб неабходнасьці прыступіць да ўсеагульнага абавязковага навучаньня дзяцей ад 8 да 12 гадоў, а ў гарадох – да ўсеагульнага абавязковага навучаньня паводле праграмы сямігадовай школы. У 1939 годзе, 21 год пасьля дэклярацыі аб усеагульным абавязковым навучаньні Зьезд КПСС адзначыў неабходнасьць завяршыць у вёсках ва ўсіх нацыянальных рэспубліках усеагульнае 7-гадовае навучаньне, што сьведчыць пра ня надта бліскучыя вынікі працы ў галіне народнае асьветы. (Тамсама, с. 1)

У 1930-х гадох у Савецкай Беларусі бальшавікі хваліліся зьліквідаваньнем непісьменнасьці й вялікай колькасьцю школаў (N-ka, U Savieckaj Biełarusi, u: „Iskry Skaryny”, № 5, Praha 1935, s. 82-85). Часопіс „Іскры Скарыны” пыводзіць афіцыйныя даныя, зь якіх вынікае, што з 6962 школ 6263 працавалі на беларускай мове. Апрача гэтага існавала 18 ВНУ, 81 тэхнікум, 36 навукова-дасьледчых установаў на чале зь Беларускай Акадэміяй Навук.

„Бацькаўшчына” спасылаецца на беларускую газэту „Звязда” (Мінск, 9 ліпеня 1953), у якой гаварылася пра неабходнасьць глыбокага аналізу працы школаў і настаўнікаў дзеля ўскрыцьця сапраўдных прычынаў нізкай пасьпяховасьці ў многіх школах. Ужо перад пачаткам навучальнага году, 8 жніўня 1953 году. „Звязда” патрабавала ад партыйных, савецкіх, прафсаюзных і іншых арганізацыяў дабіцца поўнага выкананьня закону аб усеагульным навучаньні. Прапанавалася мясцовым саветам і загадчыкам школаў яшчэ раз удасканаліць сьпісы дзяцей, падлягаючых навучаньню.

„Бацькаўшчына” задумоўваецца, чым можна патлумачыць нежаданьне дзяцей вучыцца. На думку аўтара публікацыі, прычыны вельмі простыя. Пры савецкіх школах адсутнічалі спэцыяльныя фонды дзеля аказваньня матэрыяльнае дапамогі дзецям на набыцьцё адзежы й абутку, не адпускаліся сродкі на гарачыя сьнеданьні, а для вучняў, якія жылі на значнай адлегласьці, не былі створаныя інтэрнаты, не адбывалася таксама падвозка дзяцей у школу.

„Савецкая ўлада, пры ўсёй срогасьці да выкананьня яе пастановаў і законаў, ня ў сілах босых, разьдзетых і галодных дзяцей калгасьнікаў забавязаць у дождж, холад і завею наведваць школу, адмовіўшыся ад дэкрэтаванай яшчэ ў 1918 годзе дзяржаўнай дапамогі вучням. Вось чаму на працягу існаваньня савецкай улады не ажыцьцяўляецца закон аб усеагульным навучаньні” (В. Б., Аб г. зв. усеагульным навучаньні ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, № 40 (171), Мюнхэн, 11 кастрычніка 1953, с. 2).

„Бацькаўшчына” прыводзіць некаторыя дадзеныя аб будаўніцтве школьных памешканьняў у Беларусі. З гэтага вынікае, што ў Маладэчанскай акрузе да 1953 году будаўніцтва школаў было выкананае толькі на 3,7%. Лепш справа прадстаўлялася ў Гарадзенскай акрузе. У Горадні была пабудаваная сярэдняя школа, узьнікалі таксама школы па вёсках, напрыклад, у Ласоснай ды ў Падліпках. Затое ў Бабруйскай акрузе плян быў выкананы толькі ў 5,3%.

З публікацыі „Бацькаўшчыны” вынікае, што ў 1953 годзе, нягледзячы на пастанову ХІХ Зьезду КПСС, ня толькі не было мовы аб пераходзе да 10-гадовага абавязковага навучаньня, але нават ня ўсе беларускія дзеці былі абнятыя пачатковым навучаньнем, напрыклад, толькі ў адной вобласьці Гомельскага раёну 500 дзяцей увогуле не наведвала школы (А. К-а, Жахлівы стан школьніцтва ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, №№ 31-32 (162-163), Мюнхэн, 16 жніўня 1953, с. 7; спасылка на: „Учительская газета”).

Узровень працы школы залежыць ад многіх прычынаў, і ў першую чаргу ад умоваў, створаных для навучаньня моладзі.

„Першачарговай умовай пасьпяховага навучаньня ды захаваньня здароўя вучняў і іх нармальнага фізычнага разьвіцьця зьяўляюцца сухія, цёплыя, сонечныя, з дастатковым сьвежым паветрам, з добраабсталяванай гігіенічнай школьнай мэбляю, школьныя памешканьні.” (В. Б., Школьнае будаўніцтва ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, № 44 (175), Мюнхэн, 8 лістапада 1953, с. 2).

Тым часам у Другую сусьветную вайну школы ў Беларусі амаль цалкам былі зьнішчаныя. Ад буйных гарадоў асталіся толькі руіны. У вясковых мясцовасьцях, хоць з пачатку вайны школьныя будынкі амаль поўнасьцю асталіся цэлымі, дык пазьней, на загад Масквы, зьнішчылі іх партызаны. „Бацькаўшчына” паведамляе, што ганебны зрыў школьнага будаўніцтва – гэта агульнабеларуская зьява, якая назіраецца з году ў год. У Палескай акрузе плян выкарыстаньня сродкаў на будаўніцтва школаў склаў 39,3%, у Полацкай акрузе – толькі 30%. (Тамсама, спасылка на: „Звязда”, Мінск, 3 траўня 1953)

Ніна Баршчэўская