• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд - 2
  • 01.03.2006
Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. У многіх публікацыях закраналася пытаньне беларускага школьніцтва ў савецкі час. Сёньня гутарка пойдзе пра русыфікацыю школьнай сыстэмы з 1930-х гадоў.

„Бацькаўшчына” ўважліва сачыла за публікацыямі ў беларускай савецкай прэсе. У артыкуле Зьдзекі зь беларускай мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, № 3 (389), 19 студзеня 1958, с. 2; спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, № 99, Мінск, 14 сьнежня 1957). газэта знаёміць сваіх чытачоў з публікацыяй Барыса Сачанкі пад назовам Шанаваць родную мову, якая прыносіць бадай найболей дакумэнтальных дадзеных аб „абнаглелай русыфікатарскай палітыцы бальшавікоў і аб ігнараваньні нацыянальных правоў беларускага народу”. Барыс Сачанка апісаў на старонках газэты „ЛіМ” сваю паездку ў адзін з рэгіёнаў Магілёўшчыны, дзе сустрэўся з такой сытуацыяй, што вучні вучацца па беларускіх падручніках, а настаўнікі тлумачаць ім і апытваюць іх на мове расейскай, таму што дрэнна ведаюць сваю родную мову, якую, як аказалася ў размовах з настаўнікамі, развучылі ў вышэйшых навучальных установах.

Працяг гэтай тэмы знаходзім на старонках чарговых нумароў „Бацькаўшчыны” (Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 5 (391), Мюнхэн, 2 лютага 1958, с. 2). Мюнхэнская газэта адзначае, што спэцыяльна зьмяніла назоў артыкула Барыса Сачанкі Шанаваць родную мову на Зьдзекі зь беларускай мовы, таму што гэты назоў больш адпавядае зьместу публікацыі. У артыкуле Сачанкі вычувалася, хоць і прымаскавана, асуджэньне нацыянальнае палітыкі. Што факты, пададзеныя Сачанкам, не адзіночныя, і што ў Беларусі ёсьць многа такіх людзей, якія клапоцяцца пра лёс беларускае мовы, прыкладам могуць служыць водгукі розных студэнтаў і настаўнікаў на артыкул Сачанкі, якія былі апублікаваныя на старонках „Літаратуры і Мастацтва” (№ 3, Мінск, 8 студзеня 1958).

В. Голуб паведамляў, што ў 1957 годзе ў Менску было 58 сярэдніх школ, зь іх толькі 10 – беларускія. Прыкладна гэтакая сытуацыя назіралася таксама ў Гомелі, Берасьці, Магілёве ды іншых гарадох. Зразумела, што гэта не натуральная сытуацыя, і, несумненна, вывучэньню беларускае мовы трэба ўдзяляць больш увагі. У сваю чаргу М. Прашковіч зьвяртаў увагу на парадаксальнасьць называньня вышэйшых навучальных установаў „кузьняй нацыянальных кадраў”, калі лекцыі на роднай мове чытаюцца толькі па беларускай літаратуры й мове.

„Бацькаўшчына” поўнасьцю перадрукавала зь „ЛіМ-у” артыкул Алеся Праўдзіна пад назовам З дакладнасьцю лічыльнай машыны (у: „Бацькаўшчына”, № 36 (472), Мюнхэн, 27 верасьня 1959, с. 1-2). Праўдзін напісаў пра невялікі адсотак часу, прызначаны ў школах на азнаямленьне зь беларускай літаратурай – гэта 10, 7, а нават 5 ці 4%. Асноўнае месца займае літаратура расейская. У некаторых старэйшых клясах беларускіх школаў вучні не ўзялі да чытаньня з школьных бібліятэк ні аднаго твора беларускіх пісьменьнікаў на роднай мове. Несумненна, адбывалася гэтак у выніку ўплыву на вучняў, з аднаго боку, зрусыфікаваных настаўнікаў, а з другога – тых спэцыфічных умоваў, якія штучна ствараюцца ў Беларусі дзеля паглыбленьня й пашырэньня русыфікацыйнага працэсу. У раней друкаваных у „Бацькаўшчыне” матэрыялах вельмі часта прыводзіліся выказваньні настаўнікаў, што ў школьных бібліятэках нярэдка адсутнічаюць у арыгінале нават тыя творы беларускай літаратуры, якія, згодна з праграмай, належаць да абавязковай літаратуры, і вучні змушаныя чытаць гэтыя творы ў перакладзе на расейскую мову. Станіслаў Крушыніч адзначае й той факт, што найчасьцей творы беларускай мастацкай літаратуры ў арыгінале выдаюцца невялікім накладам – 5-6 тысяч асобнікаў, калі, дзеля параўнаньня, Выдавецтва „Бацькаўшчына” ў Мюнхэне для патрэбаў беларускае эміграцыі выдавала беларускія кніжкі 2-тысячным накладам.

Такія ўмовы спрыяюць, несумненна, хутчэйшаму асыміляцыйнаму працэсу. „Бацькаўшчына” адзначыла цалкам іншую, значна карысьнейшую сытуацыю расейцаў у Беларусі, чым беларусаў. Расейцы, пападаючы ў Беларусь, ці на тэрыторыю іншага нерасейскага народу, ні ў якім выпадку не падвяргаліся асыміляцыі. Іх сытуацыя была – і ёсьць надалей – прывілеяванай. Расейскія дзеці ў Беларусі не патрабавалі наведваць беларускіх школ, бо дастаткова мелі расейскіх, а нават школы намінальна беларускія зьяўляліся на практыцы напалову расейскімі. У Беларусі расейская мова таксама зьяўляецца мовай прывілеяванай, падобным чынам, як і ўсялякія іншыя дасягненьні расейскае культуры. Таму расьсяленьне расейцаў сярод іншых народаў ня толькі не аслабляе іхнага нацыянальнага патэнцыялу, але, наадварот, узмацняе, таму што ўсе пераселеныя расейцы выконваюць нацыянальную расейскую місію, імя якой русыфікацыя – заўважае Алесь Крыга – псэўданім Станіслава Станкевіча (Падвойны працэс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, №№ 24-25 (206-207), Мюнхэн, 27 чэрвеня 1954, с. 4).

Улетку 1956 году адбылася канфэрэнцыя ў Ташкенце, пра якую паведамляе П. Залужны (Наступ на нацыянальныя мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 45 (481), Мюнхэн, 6 сьнежня 1959, с. 1-2). На канфэрэнцыі было сьцьверджана, што расейскай мове павінна ўдзяляцца больш увагі ў нацыянальных школах як мове міжнароднай. Дзеля гэтага было пастаноўлена адкрыць у сыстэме Акадэміі Навук СССР Інстытут Расейскае Мовы ды ўзмоцніць больш практычнае навучаньне расейскае мовы ў школах нацыянальных рэспублік Савецкага Саюзу. Неўзабаве зьявіўся закон аб рэформе навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах, у якім зазначалася, што паміж расейскай і нацыянальнай мовамі навучаньня грамадзянам даецца вольны выбар. Гэты закон адмаўляў нацыянальным мовам у пяршынстве, адкідаў іх на другі плян і прычыняўся да пашырэньня сфэры ўжываньня расейскае мовы.

Ніна Баршчэўская