• Кандрат Крапіва – сымбаль каньюнктурнага сьмеху
  • 05.03.2006


110 гадоў таму нарадзіўся беларускі пісьменьнік Кандрат Крапіва – сымбаль каньюнктурнага сьмеху.

Кандрат Крапіва (сапраўднае прозьвішча Кандрат Атраховіч) нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Меншчыне 5 сакавіка 1896 году.

Пасьля атрыманьня пачатковай і няпоўнай сярэдняй адукацыі, у 1913 годзе экстэрнам здаў экзамен на настаўніка й пачаў працаваць у школе на Меншчыне.

У 1916 годзе быў мабілізаваны ў царскую армію й ваяваў на румынскім фронце. Два гады пазьней быў дэмабілізаваны, аднак ужо ў 1920 годзе апынуўся ў шэрагах Чырвонай арміі. У 1924 годзе пакінуў Чырвоную армію й вярнуўся да настаўніцкай прафэсіі ў мясцовасьці Астравок.

Годам пазьней пераехаў у Менск, дзе быў прыняты ў шэрагі літаратурнага аб’яднаньня „Маладняк”. У 1926 годзе Кандрат Крапіва выйшаў з арганізацыі й перайшоў у шэрагі літаб’яднаньня „Ўзвышша”, якое было разагнанае на пачатку сталінскага тэрору ў 1931 годзе.

Дзякуючы выключнай паваротлівасьці й вынаходлівасьці, у жыцьці Кандрата Крапівы пачаўся стрымгаловы ўзьлёт у навуковай, палітычнай і літаратурнай кар’еры.

У 1939 годзе заваёўваў ён Заходнюю Беларусь. Прыймаў таксама ўдзел у савецкай агрэсіі на Фінляндыю ў 1940 годзе. У часе савецка-нямецкай вайны знаходзіўся на фронце, дзе працаваў у рэдакцыі газэт „За Савецкую Беларусь” і „Раздавім фашысцкую гадзіну”. У паваенны пэрыяд працаваў у рэдакцыі часопіса „Вожык” і ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі Навук БССР, дзе дайшоў да годнасьці дырэктара Інстытуту, акадэміка й віцэ-прэзыдэнта Акадэміі Навук БССР.

Удзельнічаў таксама ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў як чалец дэлегацыі БССР. Быў дэпутатам і старшынём Вярхоўнага Савету БССР.

Атрымаў званьні: героя сацыялістычнай працы, народнага пісьменьніка Беларусі. Быў узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, а таксама ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага сьцяга й Дружбы народаў. Атрымліваў сталінскія й ленінскія прэміі. Коратка кажучы, быў адным з найбольш вядомых і багатых беларускіх пісьменьнікаў.

Несумненна, адыграў ён вялікую ролю ў стварэньні расейска-беларускіх і беларуска-расейскіх слоўнікаў, якія выходзілі пад ягонай рэдакцыяй.

Як пісьменьнік, Кандрат Крапіва паявіўся ў беларускай літаратуры ў 1922 годзе. Напачатку здабыў вялікую папулярнасьць як сатырык. Ягоныя зборнікі Асьцё, Крапіва, Ухабы на дарозе, Калючы строй, Байкі, Жаба ў каляіне расславілі яго па ўсёй Беларусі. Да сёньня ягоны верш Дзед і баба, які стаўся песьняй, сьмешыць слухачоў розных узростаў і прафэсіяў.

Кандрат Крапіва актыўна ўключаўся ў бязбожніцкую прапаганду, пішучы й выдаючы сатырычныя зборнікі Біблія й Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў, у якіх востра атакаваў рэлігію й сьвятароў як лютых ворагаў народу.

Бадай што найбольшую славу Кандрат Крапіва здабыў як аўтар такіх сцэнічных твораў як Канец дружбы, Хто смяецца апошнім, Проба агнём, Валодзеў гальштук, Мілы чалавек, З народам, Пяюць жаваранкі, Брама неўміручасці. Амаль усе гэтыя творы былі праявай чуйнага трыманьня Кандратам Крапівою рукі на пульсе палітычных каньюнктур, модаў і тэндэнцыяў. У гэтым аспэкце характэрнымі былі Канец дружбы, Хто смяецца апошнім, З народам і Пяюць жаваранкі. У гэтым апошнім творы аўтар выразна ідэалізуе савецкую калгасную рэчаіснасьць, што асабліва праяўляецца ў сцэне, у якой маці маладажонаў падчас вясельля малітвенна глядзіць на партрэт Сталіна на сьцяне й зьвяртаецца да маладых з прапановай: „А цяпер, дарагія дзеткі, падзякуйма вялікаму Сталіну за шчаслівае калгаснае жыццё”. Пасьля дэмаскацыі Сталіна на XX зьезьдзе Камуністычнай партыі тая ж сялянка зьвяртаецца да маладых са словамі: „А цяпер, дарагія дзеткі, падзякуйма нашай дарагой Камуністычнай партыі за шчаслівае калгаснае жыццё”.

Нягледзячы на такога тыпу каньюнктурнасьць і хібы, нельга не заўважыць, што Кандрат Крапіва дасканала валодаў сцэнічнай інтрыгай, дыялёгам, непаўторным індывідуалізмам герояў, дасканалымі фінальнымі канклюзіямі.

Будучы пад уплывам сацыялістычнага рэалізму, Крапіва – як і многія іншыя беларускія савецкія пісьменьнікі – вельмі ўмела экспанаваў ману, пераапранутую ў вопратку праўды.

Якраз на гэтыя факты й схільнасьці ў жыцьці й творчасьці Кандрата Крапівы прагнем сёньня зьвярнуць увагу з нагоды 110 угодкаў з дня народзінаў гэтага беларускага сатырыка й драматурга.

Алесь Барскі