• НАРОД З ПОЛЬСКА-ЛЕТУВІСКАГА ПАМЕЖЖА
  • 05.03.2006
Беларусы ніколі не здабылі працяглай дзяржаўнай незалежнасьці. Магчыма, што прычынаў гэтага трэба шукаць у іхнай этнічнай мінуўшчыне — яны славянізаваныя балты.

Уважлівыя дасьледнікі беларускай гісторыі канцэнтруюцца на апошніх дэкадах першага тысячагодзьдзя, калі кіеўскія валадары прыступілі да катэгарычнай хрысьціянізацыі. выклікаючы хвалю ўцёкаў паганцаў за паўночныя балоты Палесься, у бясьпечныя пушчы балтаў, продкаў сучасных летувісаў і латышоў. Прычым варта ведаць пра існаваньне кантынэнтальнага тады „Шляху з Варагаў у Грэкі”, які існаваў ад антычных часоў. На ім стварыліся, у асноўным дзякуючы тым жа варагам-вікінгам, раньнія протадзяржаўныя формы з цэнтрамі ў Кіеве, Вялікім Ноўгарадзе, Полацку.

Полацак на пачатку ня быў славянскі; улада была там у руках скандынаўскіх ваяроў, а сярод насельніцтва пераважаў менавіта балцкі, і часткова угорскі элемэнт. Славянізацыя адбывалася паступова, дзякуючы вышэйшай культурнасьці славян, пазьней ахопленых хрысьціянскай цывілізацыяй, якая потым набыла рысы бізантыйскай.

Гістарычную Беларусь мы асацыюем зь Вялікім Княствам Літоўскім, якое разам з Польскім Каралеўствам стварыла Рэч Паспалітую Абодвух Народаў у 1569 г. у Любліне. Княства ўзгадоўвалася ва ўмовах своеасаблівай гістарычнай цішы, якая стаяла на ўсходнеяцьвяскім верхнім Панямоньні, знаходзячы апірышча ў штораз багацейшым горадзе Міндоўга Наваградку. Вакол былі тады шалёныя войны — Полацк ледзь трымаўся пад напорам тэўтонаў, Русь дагарала пад капытамі мангольскіх ордаў, жмудзінаў ды прусакоў рэзалі як барбараў; а ў Польшчы Лакетэк намагаўся аднавіць каралеўства. І толькі ў Наваградку вораг быў другога гатунку: калі й даходзіў хто, дык гэта былі няўрымсьлівыя галіцыйцы, падбухтораныя закарпацкімі вугорцамі альбо манголамі.

Вялікае Княства Літоўскае было магутным за часоў геніяльнага князя Вітаўта. У эпоку бітвы пад Грунвальдам яно сягала „ад мора да мора”, пранікаючы нават у данскія стэпы й даходзячы амаль да ваколіцаў Масквы. Яднаючы ў сваіх межах мноства рускіх уладыкаў, якіх раней бязьлітасна прынізіла Арда, ВКЛ ня мела таксама й шанцаў на ўнутранае разьвіцьцё. Ягоная тэрытарыяльная вялікасьць характэрызавалася разьлеглымі абшарамі гаспадарчага ўпадку, выкліканага зьнішчэньнямі пасьля наездаў Чынгіз-хана. Чарназёмнае Прычарнамор'е разам з украіннымі воласьцямі, а таксама Паўднёвая Маскоўшчына, якую спусташалі татары, чакалі засяленьня, а землі — ўзараньня — толькі з надыходам магутнасьці Рэчы Паспалітай.

Вітаўт, як і ягоныя каралеўскія наступцы, маглі разьлічваць на дастаткова ўгрунтаваны ў сваёй заможнасьці пасьлябалцкі арэал паміж палескімі гарадамі, рухавай дэльтай Дзьвіны й задняпроўскай Смаленшчынай. Неўзабаве сфармаваўся тут беларускі этнас — пасьля адлучэньня Русі й Падляшша ад гістарычнай Літвы ў часы апошняга Ягелёна Жыгімонта Аўгуста. Канчаткова сфэдэравацца з Польскай Каронай прымусіў Вільню раптоўны рост магутнасьці Вялікга Княства Маскоўскага, неўзабаве перайменаванага ў царства. Перад ім безупынна адступалі; урэшце Іван Жахлівы ледзь не здабыў Вільню. Сытуацыю ўратавалі польскія войскі ды вугорскія палкі Стэфана Баторыя.

З эпокай рэнэсансу ў старабеларускай культуры было яшчэ няблага, хаця баярства ўжо тады пачало стыхійна палянізавацца, рабіцца шляхтай. Пашырэньне вуніяцтва напрыканцы Залатога Веку, і пераход элітаў на каталіцызм зьяўляюцца, у пэўным сэнсе, заслугай Крамлёўскіх валадароў. Не на жарты спужаная маскоўскім ярмом дробная літоўская шляхта кінулася ў абдымкі палітычна прываблівай Польшчы й польскасьці. Мужыкі ўцякалі на землі, кіраваныя польскім правам, паводле якога мужык мог абараняць свае правы ў судох, а ягонай жонкі й дачок ніхто не лічыў гарэмам пана-барына. Многія сялянскія сыны атрымоўвалі нават вышэйшую адукацыю ў Кракаве ці на Захадзе, а Масква ні ў якім сэнсе не давала добрага прыкладу. Друкаваньне кніг там успрымалі як д’ябальшчыну. Поўная цемрадзь! У гэтай постмангольскай правінцыі не было нічога, што можна было б назваць пэрыядам у літаратурнай творчасьці, выяўленчым мастацтве ці дойлідзтве. Гэта гвалтам прабаваў быў зьмяніць аматар польскай мовы Пётр І.

Літоўскі баярскі народ аказаўся праглынутым польскі шляхецкім народам. Такім было наступства зьліцьця Вялікага Княства Літоўскага з Польскім Каралеўствам. Вышэй разьвітая культура ў адной дзяржаве заўжды пераможа слабейшую. Так адбылося з даўнімі беларусамі-русінамі, псыхамоўная тоеснасьць якіх была зрэдукаваная да мужыкоў на паншчыне.

Калі польская культура, а ў ёй літаратура, у сувязі з глыбока закарэненай нацыянальнай дзяржаўнасьцю не магла быць іншай, чым шляхецкая, то беларуская культура магла адрадзіцца адно як мужыцкая. На ўзор рустыкальных потым нацыяў ад Скандынавіі да Балканаў. Таму згаданая Літва ўжо ў часы швэдзкай вайны пачала нагадваць польскую паддзяржаву як у культурным, гэтак і рэлігійным сэнсе (гістарычнай адваротнасьцю гэтай сытуацыі зьяўляецца сучасная Рэспубліка Беларусь, якую лічаць расейскай паддзяржавай). Гэткае хістаньне — ад поўнай палянізацыі да поўнай русыфікацыі — знаходзіць ня толькі зразумелае тлумачэньне, але й нараджае акрэсьленыя дылемы ў гэтай частцы Эўропы. Лёгкасьць, зь якой сялянская Беларусь паддаецца чужой дамінацыі — у адрозьненьне, напрыклад, ад казацкай Украіны — нясе ў сабе непрадказальны зарад гістарычнай катастрофы. Найбольш яскрава ілюструюць гэта мэханізмы канфліктаў у прыродзе. Раман Дмоўскі меркаваў некалі, што найбольш бясьпечна было б падзяліць Беларусь паміж Польшчай і Расеяй, бо ў адваротным выпадку будзе адбывацца безупынная барацьба за гэтую тэрыторыю.

Упадак Рэчы Паспалітай ня выклікаў у Літве ўсеагульнага шоку, як гэтага хацеў Адам Міцкевіч у „Пане Тадэвушы”. Тут надалей кіравала шляхта, надалей дамінавала польская мова, уключна з польска-патрыятычным парафіяльным школьніцтвам, сярэднім і вышэйшым; беларушчыну ж нават зь вёскі выцясьнялі. Такі падыход скончыўся толькі пасьля паразы паўстаньня 1863 г. і надзяленьня зямлёй сялян, якіх раней людзьмі лічылі хіба што паэты-рамантыкі ды сэнтымэнтальныя паненкі родам з дробнашляхецкіх фальваркаў... Марыля Верашчака любіла сялянскія песьні з-над Нёмана й Дзьвіны, але ня йначай, чым палкоўнік Аляксандар Рыпінскі, які пісаў вершыкі „ў гэтай польскай гаворцы беларускай”, дадаючы „Tey Polskey Prowincyi”.

Аднак нараджэньне беларускай нацыянальнасьці, а значыць і ідэі Беларусі як дзяржавы, аказалася нечым непазьбежным. Балазе, на гістарычную сцэну выйшла найбуйнейшая з грамадзкіх клясаў — сяляне. Марыя Канапніцка, якая на такую тэктоніку была ўражлівая, пасьля паездкі да Элізы Арэшкі ў Горадню напісала, што там у будучыні будзе менавіта Беларусь, і нічога іншага апрача Беларусі. Kresy Wschodnie — гэта ўсё ж прыгожы міт ідэалістаў, галоўным чынам лірыкаў міжпаўстанчага* часу. /*маецца на ўвазе час паміж паўстаньнямі 1831 і 1863 гг./ (У часы шляхецкай Рэчы Паспалітай гэты панятак увогуле не існаваў).

Прынцыповай умовай поўнай асыміляцыі дадзенага абшару заўжды зьяўляецца гаспадарчае інтэграваньне яго ў буйнейшую частку краіны; аднолькавы хлеб для ўсіх. Чыясьці культурная дамінацыя тут ніколі не была істотнай. Сучасная літаратура беларусаў, парасткі якой узыходзілі ў пэрыяд пасьля надзяленьня мужыкоў зямлёй характэрызавалася каталіцкім паходжаньнем і лацінскім альфабэтам на шматмільённай гладзі Белай Русі. Вершаў жа ня пішуць непісьменныя. Людзі адукаваныя тут атрымалі менавіта польскую культурнасьць і доўга не лічылі сябе беларусамі, хаця й тварылі па-беларуску. Аўтар патрыятычнага закліку „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі” віленскі адвакат Францішак Багушэвіч, на шчасьце, паслухаўся Элізы Арэчкі (якая ў літаратуры разьбіралася), і пачаў пісаць вершы па-беларуску, бо добраму пісьменьніку наканавана тварыць на роднай мове, гэтым натуральным адзеньні чалавечай душы. Пры ўсёй Божай дапамозе, гэта нялёгкі крок.

Кіеўская паездка Язэпа Пілсудскага ў 1920 г. мела на мэце не адбудову „імпэрыі палякаў ад мора да мора”, якая некаторым мроілася. Думалі пра Міжмор’е — ад балтыйскіх дзяржаваў да Ўкраіны з Крымам і Бэсарабіі — пад кіраўніцтвам Польшчы. Ідэя была заўчасная, і таму няўдалая. Нацдэмаўскія лідэры, якія прыйшлі да ўлады, і якія ўпарта трымаліся нацыялістычнага эгаізму, не прыслухаліся да асьцярогаў маршалка, што Польшча без саюзьнікаў не пратрывае й аднаго пакаленьня. Неўзабаве яна трапіла ў сталінскія абцугі.

Зь беларускага гледзішча, кампанію 1920 г. прайгралі з патрахамі. Слуцкі збройны чын і Армію генэрала Булак-Балаховіча здрадзілі недальнабачныя варшаўскія начальнікі. Паўстанцаў раззброілі й часткова выдалі наўпрост бальшавікам. Так рэалізавалі Рыскі трактат, за заключэньне якога Пулсудскі абяцаў быў „адстраліць камусьці дурную галавешку”.

Ад гэтага гістарычнага моманту беларускі вызвольны рух, які дагэтуль прасякнуты быў палянафільствам, пачаў зьмяняць сваю палітычную арыентацыю на прасавецкую. Чырвоны Крэмль дзейнічаў рашуча: Беларуская Рэспубліка атрымоўвала зь ягонай ласкі самастойнасьць, зь яе жыцьця зьнікала расейская мова. Далі самастойнасьць узброеным сілам, пачалі ўсебаковую беларусізацыю, пашырылі этнічную тэрыторыю. Хутка будавалі Беларускі Дом, у які неўзабаве пацягнуліся й беларусы з Польшчы. Ніхто тады не падазраваў, што гульню вялі кропленымі картамі.

Цяжка сказаць, ці выйграла б даваенная Польшча, калі б яна анімавала ў сваіх межах беларускую і ўкраінскую нацыянальнасьці, не зважаючы на зразумелыя палітычныя страты. У трыццаттыя гады было вырашана паставіць на г.зв. узмацненьне польскага маёмаснага стану на ўсходзе. Масавае руйнаваньне праваслаўных цэркваў на Хэлмшчыне, ці намеранае перасяленьне няпольскага элемэнту за Віслу, углыб Польшчы, вельмі абурала грамадзтва, схіляючы нацыянальныя меншасьці да прыняцьця інтэрнацыянальнага камунізму. Хутчэй за ўсё слушнага выйсьця тады не было зусім, пра што сьведчыць хаця б распад узорна-дэмакратычнай да мюнхэнскай драмы Чэхаславаччыны. (…)

Крэсы Ўсходнія аказаліся нечакана ўбогім у параўнаньні да цэнтру Польшчы набыткам, які трэба было безупынна падтрымоўваць датацыямі зь дзяржаўнага бюджэту, і гэтае „шчасьце” не давала ніякіх карысьцяў, калі не лічыць меркаваньняў дзяржаўнай бясьпекі. Калі пашукаць эўрапейскіх аналёгіяў, згадвецца прыклад Усходняй Прусіі, якая засыхала, не зважаючы на вялізныя грошы, пампаваныя ў яе з Бэрліну. Гаспадарчая геаграфія ў сваёй дынаміцы не зьвяртае ўвагі на ідэалягічныя, ці шырэй беручы— духовыя — патрэбы.

Другая ўсясьветная вайна канчаткова парассякала Эўропу на нацыянальныя дзяржаўнасьці. Сярод дзясяткаў народаў палякі найменш выразна бачылі менавіта беларусаў, якіх тэрытарыяльна атаясамлівалі з колішняй Польшчай Ягелёнаў. А па-людзку памяталі пра тыя нацыянальнасьці, у кантактах зь якімі пралілі шмат крыві; беларусы нічым асаблівым не адзначыліся ў калектыўнай памяці палякаў, асабліва нічым трагічным. Часткова іх лічылі землякамі, якія дрэнна гавораць па-польску, крэсавякамі, якіх ранейшыя „санацыйныя” ўлады прызначалі дзеля асыміляцыі-палянізацыі. У трыццатыя гады, напрыклад, праваслаўных сьвятароў прымушалі весьці ў цэрквах набажэнствы выключна па-польску. А настаўнікаў пачатковых школ абавязвалі біць вучняў, якія прылюдна карыстаюцца беларускай мовай. Бізуна! Без ваганьняў перанялі рэпрэсійны арсэнал царскіх русыфікатараў.

Зразумела, усё гэта асела ў беларускай калектыўнай памяці, а ў час анэксіяў Другой усясьветнай прычынілася да крывавых эпізодаў. Потым польскі панадворкавы імпэрыялізм сквапна выкарыстоўвалі і саветы, і гітлераўцы, хаця яны ў значна меншай ступені, чым у Галіцыі ці на Валыні (беларускі нацыялізм толькі-толькі нараджаўся).

Па сёньня няма ўнівэрсальнай дэфініцыі нацыянальнасьці. Аднак мінулыя стагодзьдзі падказваюць, што нацыі — або пачуцьцё сваіх сярод сваіх — ствараюцца супольным лёсам, а яго заўжды, напрыклад у сярэдневеччы, найперш ініцыявала сфармаваная на дадзенай тэрыторыі ўлада — як у афарызме стваральнікаў Каралеўства Італіі зь XІX ст.: „Мы стварылі Італію, цяпер трэба стварыць італьянцаў”. Польскі лёс пасьля Ялты быў прываблівы, пасьляваенная рэпатрыяцыя з каляніяльных Крэсаў Усходніх ахапіла сотні тысяч ахвотных; у той самы час з Заользя рэпатрыяваўся ў Польшчу толькі адзін(!) грамадзянін. Нечакана? Патрыятызм — пачуцьцё прыгожае, але ён зусім не прымушае адмаўляцца ад лепшай долі, і ў нашыя дні гэта вельмі кідаецца ў вочы.

Стэрэатып беларускай галечы надалей жывы сярод старэйшага пакаленьня палякаў, якія памятаюць сапраўдную галечу. Ім цяжка цяпер растлумачыць, што сучасная Беларусь ня надта адрозьніваецца ў сэнсе дабрабыту ад сучаснай Польшчы. Дастаткова паглядзець на вуліцы тамтэйшых гарадоў, ня кажучы пра буйнейшы за Варшаву амаль двухмільённы сталічны Менск — у амаль дзесяцільмільённай краіне — зь вялікім і элегантным мэтро. Ягоная лацінаамэрыканскасьць у нечым іншым — у духовай абдзеленасьці.

Польскія палітыкі ня маюць найменшага паняцьця аб тым, што Беларусь зьяўляецца не нацыянальна-беларускай, а сацыяльна-савецкай дзяржавай. Гэта прамысловыя руіны Савецкага Саюзу. Адсюль усе наступствы. Сапраўдная папулярнасьць славутага Аляксандра Лукашэнкі бярэцца з жывой памяці пра жыцьцё ў мінулыя дэкады, калі эканоміка была зарыентаваная на Крэмль, гіганцкую гонку ўзбраеньняў, абслугоўваньне найбуйнейшага войска на сьвеце, фінансаваньне сэпаратызмаў, якія вялі да разьвіцьця глябальнага камунізму. Распад СССР на нацыянальныя дзяржавы аўтаматычна прымусіў засяродзіцца на ўнутраных праблемах. У Беларусі на калісьці пустых паліцах крамаў паявіліся тавары, а ў гандлёвых цэнтрах паявіліся такія тавары, пра якія раней і ня марылі (таксама імпартныя). Па вуліцах езьдзяць заходнія аўтамабілі... Сярэднестстыстычны беларус, спрадвеку прызвычаены да галечы, ня мае надта высокіх матэрыяльных амбіцыяў, гэта ж не „шляхцюк”. Паляка ён надалей бачыць як непрадказальнага пана й несамавітага бабздыра. „Zastaw się a postaw się”? — што ж у гэтым разумнага? Правінцыйная напышаная дурасьць, адно жалю вартая!

Лягчэй са „шляхцюкамі” паразумеецца „вольны запароскі казак”. Падобная да беларускай псыха-сацыяльная праблема з палякамі-арыстакратамі не дае спакойна спаць і летувісам-жмудзінам, латышам-зэмгалам, эстам ці фінам-суомі. Беларускі мужыцкі народ дрэнна кантактуецца са шляхецкім польскім народам. Два розныя сьветы, дзьве розныя філязофіі.

Калі б у Варшаве ўважлівей аналізавалі гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, альбо прынамсі больш задумляліся, чытаючы „Ляльку” Баляслава Пруса, альбо аналізавалі гаспадарчы ўпадак міжваеннай Польшчы, даўно зразумелі б, што значэньне Польшчы ў Эўропе бярэцца зь яе значэньня на Ўсходзе. За кожным упадкам Літвы-Беларусі заўжды ішоў упадак і самой Польшчы.

Сакрат Яновіч

Крыніца: POLITYKA 18 лютага 2006 г.