• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд – 3
  • 08.03.2006
Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. У многіх публікацыях закраналася пытаньне беларускага школьніцтва ў савецкі час. Сёньня гутарка пойдзе пра русыфікацыю школьнай сыстэмы ў 1950-1960-я гады.

М. Кручкоўскі ў публікацыі пад назовам Школьная рэформа й беларуская мова заняўся высьвятленьнем сутнасьці прынятага ў сьнежні 1958 году Вярхоўным Саветам БССР Закону аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і аб далейшым разьвіцьці сыстэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР (у: „Бацькаўшчына”, № 19 (455), Мюнхэн, 10 траўня 1959, с.3).

Разам зь іншымі зьменамі, у сыстэме навучаньня ў Савецкім Саюзе зьмянялася ў законным парадку й пытаньне мовы навучаньня. Раней, як у Беларусі, гэтак і ў іншых савецкіх рэспубліках, законам было ўстаноўлена абавязковае навучаньне ва ўсіх школах дзьвюх моваў: нацыянальнае ды расейскае. Закон аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і аб далейшым разьвіцьці сыстэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР пастанаўляў, што „вывучэньне расейскай мовы ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а таксама вывучэньне беларускай мовы ў школах зь беларускай або іншай мовай навучаньня праводзіцца на жаданьне вучняў і іх бацькоў” (Тамсама ).

„Навіны зь Беларусі” паведамляюць пра зьмяншэньне цікавасьці да вывучэньня роднае мовы ў час, калі школы была захліснула эпідэмія вызваленьня ад заняткаў па беларускай мове (Супраць „эпідэміі вызваленьня”, у: „Навіны зь Беларусі”, № 10 (33), Нью-Ёрк, 31 траўня 1965, с. 1-2; спасылка на: Б. Фрэйдкін, „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 18 траўня 1965). Настаўнік Б. Фрэйдкін піша, што многае залежыць ад настаўнікаў, якія могуць разбудзіць у вучняў любоў да роднае мовы, арганізуючы ў школе літаратурныя гурткі, паэтычныя вечарыны, выдаючы насьценныя газэты ды запрашаючы ў школы пісьменьнікаў. Прыкладам можа служыць ягоная ў Полацку сярэдняя школа, дзе перастала існаваць праблема з вызваленьнем вучняў ад заняткаў па беларускай мове й літаратуры.

Настаўнік павінен любіць той прадмет, які выкладае. „Навіны зь Беларусі” цытуюць фрагмэнт працы студэнткі беларусістыкі ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце.

„Я хачу быць філёлягам таму, што вельмі люблю сваю родную мову, свой народ і сваю краіну. Калі я скончу ўнівэрсытэт, я буду працаваць настаўніцай. Усе свае веды я буду аддаваць сваім вучням. Я буду прывіваць ім сваю любоў да беларускай мовы. І яшчэ ў мяне самая вялікая мара – гэта каб мае вучні сталі абавязкова філёлягамі і каб любілі сваю родную мову так, як яе люблю я...” (Чаму на філялёгію?, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (39), Нью-Ёрк, 31 жніўня 1965, с. 2; спасылка на: А. Карэлін, „Чырвоная змена”, Мінск, 15 жніўня 1965)

Тым часам рэчаіснасьць іншая. Роднай мовы ня ведаюць нават студэнты, якія заканчваюць журналістыку ў БДУ, а здавалася б, што навучэнцы ўнівэрсытэту, які носіць назву Беларускага Дзяржаўнага, павінны ведаць беларускую мову ня горш за расейскую (Журналізм на БДУ, у: „Навіны зь Беларусі”, № 2 (49), Нью-Ёрк, 31 студзеня 1966, с. 2-3; спасылка на: А. Градзюшка, А. Юдчыц, „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 28 сьнежня 1965).

Да прыняцьця Закону аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і аб далейшым разьвіцьці сыстэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР усе школы ў БССР былі афіцыйна абавязаныя выкладаць беларускую мову, прынамсі як прадмет, але на практыцы было значна горш. М. Кручкоўскі спаслаўся на публікацыі ў „Літаратуры і Мастацтве” („Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 14 сьнежня 1957; 8 студзеня 1958), у якіх крытыкуецца спосаб навучаньня роднае мовы ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Беларускія настаўнікі, студэнты й журналісты аднадушна сьцьвердзілі, што ў намінальна беларускіх сярэдніх і вышэйшых установах БССР выкладаньне ўсіх прадметаў вялося амаль выключна ў расейскай мове. Настаўнікі пачатковых школаў скардзіліся, што, канчаючы вучэльні, якія мелі быць „кузьняй нацыянальнай інтэлігенцыі”, яны ня толькі не паглыблялі сваіх ведаў у галіне беларускай мовы й літаратуры, але гублялі й ранейшыя веды. Гэта прычынялася да таго, што яны не маглі пазьней весьці дыдактычнага працэсу ў беларускай мове.

Факт, што ў сярэдніх палітэхнічных школах і ў вышэйшых навучальных установах мовай навучаньня зьяўляецца не беларуская мова, але расейская, заўважае таксама П. Залужны . На яго думку, гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай моваю навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскае мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а функцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская. Таксама не сакрэт, што гэтая мова прапагуецца й насаджваецца ўсякімі магчымымі спосабамі.

Ніна Баршчэўская