• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд – 4
  • 15.03.2006


Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. У многіх публікацыях закраналася пытаньне беларускага школьніцтва ў савецкі час. Сёньня гутарка пойдзе пра русыфікацыю школьнай сыстэмы ў 1960-70-я гады.


У. Немановіч (псэўданім Вадзіма Сурко) у артыкуле пад назовам Яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі (у: „Бацькаўшчына”, № 33 (469), Мюнхэн, 6 верасьня 1959, с. 1; спасылка на: „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 19 жніўня 1959) зьвяртае ўвагу на публікацыю Галайшы За культуру роднай мовы, у якой заўважаецца, што ва ўмовах бальшавіцкай дыктатуры мець права выбіраць мову навучаньня – гэта адно, а карыстацца на практыцы гэтым правам – гэта другое. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі ў расейскай мове, цяжка потым у прафэсійнай працы – настаўніцкай ці журналісцкай – перайсьці на беларускую мову. І таму, нягледзячы на права выбіраць мову навучаньня, беларуская моладзь ня можа фактычна скарыстацца гэтым правам, бо выкладчыкі, скончыўшы ў БССР вышэйшыя навучальныя ўстановы, ня могуць выкладаць па-беларуску! (Тамсама, с. 2)

„Бацькаўшчына” спасылаецца на выказваньне В. Чамярыцкага, які адзначыў, што беларуская мова зойме належнае ёй месца толькі тады, калі жывую мову можна будзе пачуць з вуснаў выкладчыка й прадаўца, сакратаркі ды інжынера, дырэктара заводу й міністра, калі можна будзе знайсьці яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў ды на старонках навуковых прац. Кожная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матэрыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове. Ня ведаючы й не шануючы яе, нельга ведаць і любіць па-сапраўднаму іншыя мовы (Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 5 (391), Мюнхэн, 2 лютага 1958, с. 2).

Таксама газэта „Беларус” у публікацыі Няма ніводнай беларускай школы (у: „Беларус”, № 270, Нью-Ёрк, кастрычнік 1979, с. 2) паведамляе, што працэс выцісканьня беларускай мовы з навучаньня, які пачаўся яшчэ ў сталінскі пэрыяд, моцна прысьпешыла хрушчоўская школьная рэформа 1958 году, калі навучаньне беларускай мовы ў расейскіх школах сталася неабавязковым, а пакідалася на волю саміх вучняў ды іхных бацькоў. У сваю чаргу замена беларускае мовы расейскай у навучаньні ў тых школах, што намінальна называліся беларускімі, адбывалася безь ніякае афіцыйнае пастановы згары, а ў моц жыцьцёвых абставінаў – пераходу ўсяго публічнага жыцьця ў БССР зь беларускае мовы на расейскую. „Беларус” паклікаецца на выданую ў 1968 годзе ў Канадзе кнігу Джона Каляскі Education in Soviet Ukraine, у якой сьцьвярджаецца наступнае:

„Згодна паведамленьняў Беларусаў, якя наведвалі Кіеў, калі я там жыў, русыфікацыя ў Беларусі дасягнула такой ступені, што няма ніводнай школы ў сталічным Менску зь беларускай мовай навучаньня.” (Тамсама )

Такі стан пацьвярджалі таксама афіцыйныя савецкія публікацыі. Фёдар П. Філін, дырэктар Інстытуту расейскае мовы АН СССР, напісаў у 1979 годзе:

„Цяпер усе школы Менску вядуць заняткі ў расейскай мове – гэткае жаданьне жыхарства.” (Тамсама; спасылка на: „Вестник Академии Наук СССР”, № 5, Москва 1979)

Газэта „Беларус” зьвяртае ўвагу на тое, што публічнага абмяркоўваньня пытаньня, на якой мове весьці навучаньне ў школах Беларусі, ніколі не было. Арсень Загорны (псэўданім Янкі Запрудніка) піша, што русыфікацыя праводзіцца пры дапамозе дырэктываў.

„Дэбеларусізацыя менскіх школаў, як і шмат якіх іншых школаў па гарадох Беларусі, праводзіцца, гэткім парадкам, наўсуперак заяваў беларускага жыхарства пра сваю родную мову ў часе перапісу жыхарства [маецца на ўвазе перапіс 1970 году – Н.Б.]. Цікава было-б даведацца ў ЦК кампартыі Беларусі, нашто ў перапісной анкеце ставіцца рубрыка пра родную мову, калі адказы на гэтую рубрыку не бяруцца на ўвагу ў школьнай палітыцы ўраду?” (Жаданьне жыхароў Менску што да свае мовы, у: „Беларус”, № 278, Нью-Ёрк, чэрвень 1980, с. 4-5)

Ніна Баршчэўская