• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд – 5
  • 23.03.2006


Станіслаў Станкевіч зьвяртае ўвагу на апублікаваны на пачатку красавіка 1973 году праект новага школьнага закону Асновы заканадаўства Саюзу ССР і саюзных рэспублік аб народнай асьвеце, у якім навучэнцам агульнаадукацыйнай школы давалася магчымасьць вучыцца на роднай мове. Права выбару мовы навучаньня пакідалася вучням ды іхным бацькам. С. Станкевіч спадзяецца, што, нягледзячы на замацаваньне ў новым праекце закону неабавязковасьці вывучэньня беларускае мовы, бацькі й настаўнікі знойдуць магчымасьць, каб прынамсі ў некаторых школах навучаньне беларускае мовы сталася абавязковым на практыцы (Мова школьнага навучаньня ў БССР, у: „Беларус”, № 194, Нью-Ёрк, чэрвень 1973, с. 2).

У сваю чаргу ў тых школах, у якіх яшчэ вывучалася беларуская мова, заўважаўся востры недахоп падручнікаў і арыгінальных твораў беларускіх аўтараў – паведамляе Станіслаў Станкевіч (Русыфікацыя ў галіне школьніцтва, у: „Беларус”, № 251, Нью-Ёрк, сакавік 1978, с. 7). Некаторыя настаўнікі абураліся, што на занятках па беларускай літаратуры даводзілася ім карыстацца творамі ў перакладах на расейскую мову. „Беларус” піша:

„Ніводзін школьны прадмет так не пакрыўджаны колькасьцю лекцыяў, як беларуская літаратура. Тое, што, здавалася-б, па самой лёгіцы рэчаў павінна-б было вылучацца ў сетцы навучальных гадзін на першы плян, стаіць у ёй чамусьці на самым апошнім” (К. Акула - псэўданім Аляксандра Качана, Удушлівае мора расейшчыны, у: „Беларус”, №№ 104-105, Нью-Ёрк, лістапад – сьнежань 1965, с. 2).

У ацэнцы Кастуся Акулы, у дрэнным навучаньні роднае мовы, а нават у зьнеахвочваньні да беларушчыны, немалая віна саміх настаўнікаў.

„У некаторых запас «чыстых» літаратурных слоў ня перавышае сотні. Рэшта – моўны вінігрэт. Ці не такой, з дазволу сказаць, «мова» і зьяўляецца ў значнай меры грунтам для «нігілізму» выпускнікоў?” (Тамсама )

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу чытачоў таксама на факт адсутнасьці экзаменаў па беларускай мове й літаратуры падчас паступленьня ў тэхнікумы й ВНУ.

„Гэта лішні раз пацьвярджае бясспрэчны факт дыскрымінацыі беларускай мовы й літаратуры пры ўпрывілеяваным палажэньні расейскай мовы й літаратуры ў школьніцтве Беларусі” (Русыфікацыя ў галіне школьніцтва, у: „Беларус”, № 251, Нью-Ёрк, сакавік 1978, с. 7).

Вымоўна паказаная трагічная сытуацыя беларускага школьніцтва ў 1980-х гадох у Лісьце да Гарбачова (у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1, 8).

„Палажэньне зь беларускімі школамі ў селавой мясцовасьці выразна пагоршала. Цяпер яны часта беларускія адно намінальна, паколькі бальшыня дысцыплінаў, асабліва ў старэйшых клясах, выкладаецца парасейску. Сотні селавых школаў ужо афіцыйна пераведзеныя ў расейскую мову наўчаньня. Катастрафічна зьмяншаецца лік вучняў, што наўчаюцца ў беларускіх школах. Гэтак, у 1983 г., у першую клясу зь беларускай моваю наўчаньня прыйшло, мяркуючы паводля тыража беларускага «Буквара», 44 тыс. навучэнцаў, а ў 1986 г. – 34 тыс., што становіць толькі 25% ад агульнага ліку першаклясьнікаў-сямігодак, г. зн. у сёлетнім годзе толькі чвэрць усіх першаклясьнікаў рэспублікі пайшлі ў школу зь беларускімі букварамі.

Да таго-ж у наўчаньні беларускай мовы ў сыстэме народнае асьветы няма ніякае пераемнасьці. У зусім запушчаным, мізэрным стане знаходзіцца дашкольнае ўзгадаваньне ў роднай мове. Няма беларускамоўных ВНУ, тэхнікумаў, вучылішчаў. Вось ужо колькі дзесяткаў гадоў як пэдагагічныя інстытуты рэспублікі не займаюцца рыхтаваньнем настаўніцкіх кадраў для школаў зь беларускай мовай наўчаньня”
(Тамсама ).

Ніна Баршчэўская