• Беларуская асьвета ў савецкі пэрыяд – 6
  • 29.03.2006
Газэта „Беларус” зьвяртае ўвагу на тое, што нават у школах зь беларускай мовай навучаньня на заняткі па беларускай мове й літаратуры прызначаецца значна менш гадзін, чым на заняткі па расейскай мове. Апрача гэтага, заробак настаўнікаў роднай мовы меншы, чым заробак настаўнікаў расейскай мовы. Гэты стан рэчаў „Беларус” тлумачыць русыфікатарскай палітыкай.

„Русыфікатарам усе мэтады добрыя: і фальсыфікацыя гісторыі, і адміністрацыйны прымус, і грошы...” („Роўнасьць” моваў у БССР, у: „Беларус”, № 353, Нью-Ёрк, лістапад 1988, с. 8)

„Беларус” цытуе выказваньне першага сакратара ўправы Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі Ніла Гілевіча, які на ўсесаюзным пісьменьніцкім пленуме ў Маскве ў 1987 годзе сказаў:

„Месяц таму ў Саюзе Пісьменьнікаў БССР падводзілі вынікі ‘Кнігавага тыдня’, і блізу ўсе госьці, якія выступалі, выказваліся пра адно адкрыцьцё, якое іх даволі засмуціла. Яны даведаліся, што ні ў сталіцы Беларусі Менску, ні ў адным з абласных цэнтраў, ні ў горадзе й нават у гарадзкім пасёлку рэспублікі практычна няма ні аднае беларускае школы. Ёсьць ангельскія, францускія, гішпанскія – а беларускіх няма.” (Ліст да Гарбачова, у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1)

Дзеля ратаваньня ня толькі беларускае мовы, але й беларускага народу ад духовага выміраньня, аўтары Ліста да Гарбачова прапанавалі:

„а) узяцца за ўвод беларускае мовы ў якасьці рабочае ў партыйныя, дзяржаўныя (перш за ўсё гэта датычыць да міністэрстваў асьветы, культуры, вышэйшае адукацыі, сувязі, дзяржаўных камітэтаў да справаў выдавецтваў, паліграфіі й кніжнага гандлю, кінэматаграфіі, тэлебачаньня й радыявяшчаньня, Акадэміі навукаў) і савецкія органы ды ўстановы рэспублікі;

б) увесьці абавязковы выпускны экзамен зь беларускае мовы й літаратуры (укладаньне) ў сярэдняй школе і зь беларускае мовы (дыктант) у васьмігадовай (няпоўнай сярэдняй) школе, незалежна ад таго, у якой мове вядзецца наўчаньне ў гэтых школах;

в) увесьці абавязковы для ўсіх абітурыентаў (апрача прыбылых з-за межаў БССР і СССР) уступны экзамен зь беларускае мовы і літаратуры (укладаньне) ува ўсіх вышэйшых навучальных установах і зь беларускае мовы (дыктант) у сярэдніх спэцыяльных наўчальных установах (тэхнікумы) рэспублікі.”
(Тамсама, с. 8)

За пашырэньне беларускае мовы ў розных галінах жыцьця ды абавязковае вывучаньне яе ня толькі ў школах, але і ў дашкольных установах выказаўся таксама Пленум Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі, што адбыўся 4 чэрвеня 1987 году. (Беларусізацыя: праграма мінімум, у: „Беларус”, № 341, Нью-Ёрк, лістапад 1987, с. 1)

Беларусам у эміграцыі вельмі дзіўным падаецца факт, што асноўная большасьць насельніцтва ў сваёй краіне (80% ад агульнай колькасьці жыхарства) мусіць прасіць урад рэспублікі ўвесьці выкладаньне прадметаў на беларускай мове. „Беларус” адклікаецца да канадзкага прыкладу. У Канадзе жыхарам Квэбэку, якія складаюць 25% ад усяго жыхарства, удалося дабіцца сапраўднага француска-ангельскага двухмоўя ў цэлай Канадзе. (Беларушчына й перабудова, тамсама)

У 1987 годзе ў Менску ўпершыню, дзякуючы настойлівасьці бацькоў, удалося адчыніць тры беларускія клясы. Гэта сустрэлася зь вялікім супрацівам з боку Міністэрства Асьветы БССР і школьнай адміністрацыі.

„Беларускія заявы клаліся ў шуфляду, а сярод бацькоў пашыраліся чуткі, што ў беларускія клясы прыймаюць недаразьвітых дзяцей, у выніку чаго з 20-30 заяваў заставалася 2-3.” (Змаганьне за сваю школу ў Менску, тамсама, с. 3)

Газэта „Беларус” піша, што такія недарэчныя зьявы ў беларускай школьнай сыстэме, як „вызваленьне” дзяцей ад навучаньня роднае мовы, унесла ў навучальны працэс нямала шкоды й блытаніны, якія адмоўна адбіліся на маральным клімаце й дысцыпліне школы. Як ні дзіўна, але, аказваецца, што найчасьцей вызваленьня ад заняткаў па роднай мове дамагаліся прадстаўнікі інтэлігенцыі й служачыя. Пераважная большасьць вывучаючых беларускую мову – гэта дзеці рабочых. (Беларуская мова ў ВКЛ і ў БССР, у: „Беларус”, № 332, Нью-Ёрк, сьнежань 1986, с. 3)

З дасьледаваньняў Уладзіміра Навіцкага вынікае, што ў Беларусі, у выніку ажыцьцяўленьня палітыкі зьліцьця культур і моваў, якая праводзілася цягам усіх гадоў савецкай улады, да сярэдзіны 1980-х гадоў на беларускай мове працавалі толькі 23,1% школаў і 19,3% дашкольных установаў. (Уладзімір Навіцкі, Сучасная моўная палітыка на Беларусі, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 57)

Ніна Баршчэўская