• Беларуская асьвета ў РБ
  • 05.04.2006


Эміграцыйныя беларускія газэты разумелі ролю школы ў нацыянальным узгадаваньні, таму нямала ўвагі прысьвячалі адукацыйным пытаньням, шырока асьвятляючы зьмены ў школьнай сыстэме. Сёньня гутарка пойдзе пра беларусізацыю школьнай сыстэмы ў 1990-х гадох ды чарговы русыфікацыйны этап у беларускім школьніцтве пасьля моўнага рэфэрэндуму 1995 году.

На пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, пачаўся быў чарговы пэрыяд беларусізацыі, таксама і ў школьнай сыстэме, які працягнуўся аднак усяго некалькі гадоў – да моўнага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году. Газэта „Беларус”, параўноўваючы колькасьць школаў зь беларускай і расейскай мовамі навучаньня ў 1989/1990 і 1990/1991 навучальных гадох, адзначае, што беларусізацыя школьніцтва йдзе „чарапашым крокам”. (Беларусізацыя школьніцтва: чарапашы крок, у: „Беларус”, № 380, Нью-Ёрк, травень – чэрвень 1991, с. 11)

У іншым сьвятле перавод навучаньня на беларускую мову прадстаўляе Вінцук Вячорка.

„Скасаваньне палітычных забаронаў і аслабленьне юрыдычных абмежаваньняў на навучаньне па-беларуску прывялі да надзвычайнай дынамікі росту беларускамоўных клясаў і школаў. Калі ў 1987-88 навучальным годзе ў гарадох Беларусі было дзевяць беларускамоўных клясаў, дык цяпер з 200 толькі менскіх школаў 34 лічацца беларускамоўнымі й мяркуецца перавод на бел. мову яшчэ 24 агульнаадукацыйных школаў. У 1991-92 навучальным годзе 69815 першаклясьнікаў (43,7%) навучаліся па беларускамоўнай праграме. 33,4% дашкольнікаў наведвалі беларускамоўныя ўстановы. Школьнікаў сярэдніх клясаў з расейскаю мовай выкладаньня ў 3,5 раза больш, чым школьнікаў беларускамоўных сярэдніх клясаў. Прычым, па-ранейшаму беларускамоўнымі найперш лічацца вясковыя школы.” (Стан беларускага школьніцтва, у: „Беларус”, № 394, Нью-Ёрк, кастрычнік 1992, с. 2)

Пры гэтым В. Вячорка заўважае, што шматлікія прадметы (сусьветная гісторыя, сусьветная літаратура, замежныя мовы) выкладаюцца па-расейску з-за адсутнасьці беларуcкамоўных кадраў і падручнікаў.

Таксама павялічылася колькасьць беларускіх групаў у дзіцячых садзіках. У 1990 годзе было іх 367, а ў 1991 – 490. Анатоль Гурыновіч піша, што з 1 лістапада 1990 году была ўведзеная 15-працэнтны дадатак да асноўнае стаўкі ўсім пэдагогам, якія выкладалі беларускую мову й літаратуру, альбо іншыя прадметы вялі па-беларуску. (Стан адукацыі на Беларусі, у: „Беларус”, № 383, Нью-Ёрк, кастрычнік 1991, с. 3, 8)

Уладзімір Навіцкі паведамляе, што ў 1993/94 навучальным годзе на роднай мове вучылася 80% першакласьнікаў. Таксама ў ВНУ некаторыя гуманітарныя дысцыпліны выкладаліся на беларускай мове. Беларуская мова пачала абавязваць таксама на ўступных экзаменах. (Сучасная моўная палітыка на Беларусі, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 57)

Сытуацыя рэзка зьмянілася ў адмоўны бок пасьля моўнага рэфэрэндуму ў 1995 годзе, згодна зь якім, другой дзяржаўнай мовай у Беларусі стала расейская мова. Тады пачаўся працэс закрываньня беларускіх клясаў. З пратэстам супраць такой практыкі выступіў Беларускі Хэльсінскі Камітэт. Беларускія праваабаронцы заўважаюць, што парушэньне права бацькоў і дзяцей на свабодны выбар мовы навучаньня набыло ўсеагульны размах. У выніку гэтага колькасьць дзяцей, якія вучыліся на беларускай мове, толькі за адзін 1995/1996 год скарацілася на ⅔. Школьныя адміністрацыі спасылаюцца на загад, які не дазваляе захоўваць альбо адчыняць новыя беларускамоўныя клясы, калі ў іх набіраецца менш за 25 вучняў. Газэта „Беларус” піша:

„Натуральна, што такі загад лукашэнкаўскіх чыноўнікаў супярэчыць праву на свабодны выбар навучаньня, які замацаваны ў Канстытуцыі, а таксама Законах аб мове й адукацыі”. (Супраць моўнай дыскрымінацыі, у: „Беларус”, № 437, Нью-Ёрк, жнівень 1996, с. 4)

Прыведзеныя прыклады пра сытуацыю школьніцтва ў Беларусі ў розныя пэрыяды – русыфікацыі й спробаў беларусізацыі школьнай сыстэмы – выразна сьведчаць пра тое, што беларуская эміграцыя вельмі ўважліва сачыла за дзейнасьцю ў гэтай галіне на Бацькаўшчыне, разумеючы, што без нацыянальнай школы ня можа быць нацыянальнага адраджэньня.

Беларускія газэты ў эміграцыі знаёмілі сваіх чытачоў з публікацыямі ў беларускай савецкай прэсе, выконваючы гэтым самым ролю лучніка паміж беларусамі на Радзіме, якія змагаліся за беларусізацыю адукацыйнага працэсу, і беларусамі ў эміграцыі, якія праяўлялі вялікі клопат пра захаваньне беларускае мовы ў як найчысьцейшым варыянце.

Сёньня з сумам можам канстатаваць, што, нягледзячы на такі вялікі высілак, ня толькі не назіраем зьменаў у лепшым напрамку, але, наадварот, русыфікацыйны працэс яшчэ паглыбіўся.

Ніна Баршчэўская