• Конкурс Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі
  • 05.04.2006


Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь аб’явіла ІІ гістарычны конкурс пісьмовых прац на тэму „Тры знамянальныя падзеі ў гісторыі польскай дзяржавы й народа”.

На гэтую тэму зь першым сакратаром Амбасады РП Мар'янам Семаковічам размаўляе Анна Дамбкоўская:

М.Семаковіч У мінулым годзе ў згаданым конкурсе ўдзельнічала амаль 60 чалавек. Мы арганізавалі гэты конкурс супольна з газэтай "Народная Воля". Я спадзяюся, што таксама сёлета ўдзельнікаў будзе шмат.

У конкурсе могуць удзельнічаць і палякі, і беларусы?

М. Семаковіч Палякі, беларусы – усе, хто жыве на тэрыторыі Беларусі. Яны могуць дасылаць свае працы на беларускай, польскай ці расейскай мовах. Умова такая, што трэба напісаць ня больш, чым чатыры старонкі.

Ці працы павінны мець выключна пісьмовую форму?

М. Семаковіч Перадусім пісьмовую форму. А калі будуць спасылкі на іншыя крыніцы інфармацыі, то гэта будзе вельмі добра. Першы конкурс мы арганізавалі такім чынам, што было 10 пытаньняў, а ў кожным зь іх па 5-7 дадатковых пытаньняў. Сёлета конкурс мае іншую форму. Трэба напісаць пра тры падзеі ў гісторыі Польшчы, якія цягам тысячы гадоў аказалі выразны ўплыў на Польшчу й польскі народ. Амбасада Польшчы намерваецца кожны год арганізаваць гістарычны конкурс, але ягоныя ўмовы будуць мяняцца.

Ці ёсьць нейкія абмежаваньні, калі гаворка ідзе пра ўзрост удзельнікаў конкурсу?

М. Семаковіч Не, няма ніякіх абмежаваньняў.

А кім былі ўдзельнікі леташняга конкурсу?

М. Семаковіч Гэта былі студэнты, працаўнікі калгасаў і заводаў, настаўнікі – людзі розных прафэсіяў, якіх аб’ядноўвае зацікаўленьне гісторыяй Польшчы й Беларусі, дарэчы, незалежна ад узросту, прафэсіі ці месца працаўладкаваньня.

А што можаце сказаць пра ўзнагароды?

М. Семаковіч Гаворка ідзе пра пяць экскурсіяў у Польшчу, напрыклад, у Гданьск ці Кракаў. Апрача таго, удзельнікі атрымаюць альбомы й кніжкі, між іншым, кнігу, выдадзеную дзякуючы аддзелу прамоцыі польскага МЗС. Маецца на ўвазе "Нарыс гісторыі польскай дзяржавы й народа" на беларускай мове. Я, як гісторык, падрыхтаваў польскі тэкст, які пазьней быў перакладзены на беларускую мову. Апрача таго, пераможцы атрымаюць каляровыя мапы.

Распавядаў першы сакратар Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі Мар'ян Семаковіч.

А мы яшчэ раз нагадваем, што Амбасада Польшчы чакае прац да паловы траўня.

Удзельнікі конкурсу павінны даслаць свае працы па адрасу:
Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
220034 Мінск, вул. Румянцава, 6, тэл. (17) 288 23 13, 288 21 14.

Пасольства Польшчы просіць, каб у лісьце падаваць зваротны адрас і кантактны тэлефон.


Анна Дамбкоўская