• Астанкі Э.Вайніловіча будуць перавезеныя ў Менск
  • 10.04.2006

Надоечы ў Польшчы зь візытам пабывала дэлегацыя зь менскага касьцёла сьв. Сымона й Алены, гэтак званага "Чырвонага касьцёла". Дэлегацыю ачольваў ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Мэтай візыту быў горад Быдгашч у заходняй частцы Польшчы. Беларусы прыбылі ў справе нараджэнца менскай зямлі Эдварда Вайніловіча.

кс.У.Завальнюк:
У Быдгашчы на Фарных могілках спачывае яго цела. Я маю з сабою дазвол і блаславенства Яго Эмінэнцыі кс. кардынала Казіміра Сьвёнтка й Міністэрства замежных справаў Беларусі на перавоз астанкаў Эдварда Вайніловіча ў Менск, у касьцёл сьв. Сымона і Алены.

Э.Вайніловіч нарадзіўся ў Сьляпянцы, цяпер гэта мікрараён Менску. Ён хрысьціянін зь вялікай літары. Самыя першыя карані Вайніловічаў былі праваслаўныя, пасьля былі вуніятамі, і напрыканцы многія сталі каталікамі.

Паўстае пытаньне, чым заслужыў Эдвард Вайніловіч такой увагі мянчан?

кс. У.Завальнюк:
Ён фундатар і мэцэнат сьвятыні сьв. Сымона і Алены, якую пабудаваў для менчукоў у 1910 годзе. Дзеці яго – Сымонак і Алена – памерлі ад грыпу-гішпанкі. Эдвард Вайніловіч зьмірыўся са сьмерцю дзетак. Тлумачыў, што так хацеў Бог. Ён не наракаў, не апусьціў рук, а прысьвяціў сваё жыцьцё для суайчыньнікаў. Сьв. Сымон і Алена – апекуны тых дзяцей. Сьв. Сымон – апостал, і сьв. Алена – маці Канстанціна Вялікага, якая знайшла крыж збаўцы Ісуса Хрыста на гары Галгофа.

Па-другое – Вайніловіч у сваіх успамінах, у двух тамах, залатою ніцьцю праходзіць, што ён вельмі, вельмі хацеў бы быць пахаваны ў роднай зямлі.

Э.Вайніловіч вымушаны быў у дваццатыя гады выехаць са свайго роднага краю, з Савічаў. З 1920 аж да 1928 ён жыў у горадзе Быдгашч. Адразу пасьля рэвалюцыі вельмі пацярпела ўся ягоная гаспадарка, быў спалены яго двор, а дзяржаўная мяжа дыямэтральна прайшла празь яго землі. У той час многа людзей кіравалі ў Сібір. Хто пасьпяваў, уцякаў на Захад, каб ратаваць сваё жыцьцё й сваіх блізкіх. Сярод іх і Э.Вайніловіч.


Варта адзначыць, што род Вайніловічаў ідзе паралельна роду Радзівілаў і сягае 300 гадоў углыб гісторыі, а сам Эдвард Вайніловіч быў вельмі адукаваным чалавекам. Меў дзьве вышэйшыя адукацыі, а веды задбываў у Расеі, Немяччыне, Італіі ды ў Польшчы.
Ён тройчы прадстаўляў у царскай Думе ў Санкт-Пецярбурзе ўсю заходнюю частку царскай Расеі:

кс. У. Завальнюк:
Ён прадстаўляў увесь Захадні край, сельскую гаспадарку 9-ці вялікіх губэрняў ад Варшавы, празь Літву, Кіеў да Пецярбурга.

А што з жыцьця Вайніловіча сьведчыць аб яго сапраўды сьвятой дзейнасьці? Гэта чалавек нязломны, непахісны ў сваёй маралі, у сваёй духоўнай традыцыі. Апошнія 8 гадоў у Быдгашчы яго называлі патрыярхам усіх рэпатрыянтаў з Усходу. Усе ішлі да яго за парадаю, за падтрымкай. А раней на беларускіх землях Копыльшчыны, вакол Клецка, Макранаў, ён будаваў ня толькі касьцёлы, але й цэрквы, якія стаяць па сёньняшні дзень, ды сынагогу ў Клецку. Ён спрыяў і дапамагаў нават мусульманам. Да яго зьвярталіся татары, якія ў нас пражываюць, за парадамі, у справе судовых працэсаў. Ён сапраўды быў чалавекам экумэнічнай душы.

Гэта значыць Эдвард Вайніловіч, так папулярны цяпер экумэнізм будаваў ужо ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя.

Паводле нашых зьвестак, перанясеньне астанкаў Эдварда Вайніловіча з Быдгашчы ў "Чывоны касьцёл" у Менску імаверна адбудзецца сёлета ў чэрвені.

Эдвард Вайніловіч нарадзіўся 13-га кастрычніка 1847 году ў Сьляпянцы, памёр 16 чэрвеня 1928 году ў Быдгашчы


Ялянта Сьмялоўская